Аляксандр Алесін: Беларусь – канкурэнт Расеі ў гонцы ўзбраенняў


Сусветны рынак зброі летась дасягнуў максімальнага паказніка за апошнія дзесяць гадоў – лічбы ў 650 мільярдаў долараў. Новы віток гонкі ўзбраенняў каментуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Чаму свет зноў пачаў накачваць мускулы і хто правакатар?

Да старых канфліктаў дадаліся новыя. Канфлікты паміж Індыяй і Кітаем, Кітаем і В’етнамам, Індыяй і Пакістанам. Цяпер мы бачым абвастрэнне на Блізкім Усходзе. Яны цяпер адчуваюць пагрозу ад унутранага і вонкавага ворага. Фінансы ў іх добрыя, і цяпер яны вымушаныя выдаваць грошы на гонку ўзбраенняў. Галоўныя ініцыятары, паводле мяне, – дзяржавы Блізкага Усходу.

За Саудаўскай Аравіяй даўно ўсталявалася не вельмі добрая рэпутацыя аднаго з галоўных спонсараў сусветнага тэрарызму. Якая верагоднасць таго, што частка тых узбраенняў трапіць у рукі тэрарыстаў, а не пойдзе на вырашэнне канфліктаў Саудаўскай Аравіі з Еменам?

Гэтая небяспека ёсць. Справа ў тым, што ў кіроўнай эліце Саудаўскай Аравіі існуюць розныя плыні, і ёсць людзі, якія падтрымліваюць «Ісламскую дзяржаву», і скупаюць зброю на вонкавых рынках ды накіроўваюць тэрарыстам. Таму ёсць небяспека, але ўсё ж лічу, што большасць зброі Саудаўская Аравія закупае на свае патрэбы.

Якое месца на сусветным рынку зброі займае сёння Беларусь?

Беларусь цяпер прапаноўвае высокатэхналагічныя інавацыйныя ўзбраенні. Гэта сродкі радыёэлектроннай барацьбы, сродкі радыёлакацыі, сродкі сувязі, беспілотныя авіяцыйныя сродкі, якія дазваляюць весці выведку ў рэжыме рэальнага часу. Цяпер гэта і ракетныя сістэмы. Не сакрэт, што наш міністр абароны сказаў, што мы будзем прадаваць сістэмы «Паланэз», бо нам самім шмат не трэба, а на сусветным рынку існуе сур’ёзны попыт. Прычым тыя краіны, якія не хочуць патрапіць у залежнасць ад Расеі ды ЗША. Тут мы з Расеяй нават канкуруем, і Расея выказвае незадаволенасць тым, што Беларусь перабягае ёй дарогу. Але ўлічвае маштаб Расеі і яе ўплыў, беларусы змушаныя браць пад увагу яе інтарэсы на сусветным рынку зброі.

Больш глядзіце ў відэа.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў