Альтэрнатыва расейскай нафце ёсць. Хто дапаможа?

ВІДЭА

Нафтавы крызіс на лініі Менск–Масква працягваецца, хоць Расея абяцала развязаць праблему цягам некалькіх дзён. Суседзі Беларусі спынілі транзіт атручанай расейскай нафты і гатовыя дапамагчы нашай краіне з альтэрнатыўнымі крыніцамі. Падрабязней – Вольга Жарнасек.

Замест чорнага золата – чорная атрута. Нафтавы крызіс, справакаваны нізкай якасцю расейскай нафты, доўжыцца амаль тыдзень.

Каментуе Таццяна Манёнак, эканамічная аглядальніца парталу «Белрынок»:

«Гэтая сітуацыя беспрэцэдэнтная, калі цягам некалькіх дзён пастаўляецца няякасная нафта, хаця расейскі бок заявіў, што праз 2-3 дні гэтая сітуацыя будзе вырашаная. Пакуль што яна не вырашаная».

Беларусь ужо ацаніла страты на $ 100 млн. Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод заявіў, што праз расейскую нафту сапсавалася каштоўнае абсталяванне. Акрамя таго, няякасная сыравіна паспела трапіць ва Украіну і краіны Еўразвязу.

Аляксей Рабчын, старшыня падкамітэту ў пытаннях энергаашчаджэння і энергаэфектыўнасці Вярхоўнай Рады Украіны:

«Гэта было прадказальна. Шмат людзей, шмат дэпутатаў казалі ўраду, каб яны рыхтавалі альтэрнатыўны сцэнар, бо гэта нафта ці нафтапрадукты з краіны-агрэсара. Гэта расейская нафта, якую перарабляюць у Беларусі. І калі заўгодна можа быць прынятае палітычнае рашэнне».

Інцыдэнт супаў з палітычным крызісам паміж Менскам і Масквою. 11 красавіка ў адказ на расейскія абмежаванні на імпарт харчоў з Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыгразіў зачыніць нафтаправод «Дружба» на рамонт. Аднак эксперты сумняюцца ў наўмыснасці дзеянняў Расеі, бо акрамя Беларусі нафтаправод дастаўляе нафту ў пяць краінаў Еўразвязу.

Беларусь плануе закрыць на рамонт нафтаправод «Дружба»

«То бок гэта Польшча і Нямеччына на паўночным маршруце, і на паўднёвым маршруце – Славаччына, Чэхія і Вугоршчына. Меркаваць, што гэта было наўмысным забруджаннем нафты, якое можа нашкодзіць адразу нафтаперапрацоўчым заводам адразу ў шасці краінах, – неяк мне не верыцца ў такую змову», – кажа Міхаіл Круціхін, маскоўскі партнёр кампаніі «Rusenergy».

На фоне скандалу з няякаснаю нафтаю прадстаўнікі беларускага ўраду заявілі пра намер да канца года пачаць імпарт нафты, альтэрнатыўнай расейскай.

На думку Таццяны Манёнак, Беларусь заўсёды ў пошуку альтэрнатывы. Паводле адмыслоўцы, альтэрнатыва пачыналася яшчэ ў 2010 годзе, калі былі вельмі складаныя адносіны з Расейскаю Федэрацыяй і Беларусь была вымушаная сапраўды пачаць пастаўкі альтэрнатыўнай нафты праз нафтаправод Адэса – Броды. Тады паставілі прыблізна мільён тонаў нафты.

Цягам двух гадоў праз украінскую тэрыторыю Беларусь атрымоўвала венесуэльскую, а пасля азербайджанскую нафту. Баку ўжо заявіў, што гатовы дапамагчы, калі Менск звернецца з нагоды пакупкі нафты. Адзіная складанасць – транспартаванне, якое істотна ўплывае на канчатковы кошт сыравіны.

«Гэта нявыгадна, гэта нерэнтабельныя пастаўкі з поўдня. І Адэса – Броды цяпер у нерабочым стане, і наўпроставага трубаправоднага забеспячэння няма», – мяркуе Міхаіл Круціхін з Масквы.

Сапраўды, кошт расейскай нафты для Беларусі ў сярэднім на 20 % ніжэйшы за сусветны. Але ўжо неўзабаве сітуацыя можа змяніцца праз падатковы манеўр Расеі. І гэта, на думку экспертаў, асноўная прычына пошукаў альтэрнатывы.

«Мяркуецца, што з 2024 года ў выніку гэтага падатковага манеўру беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы будуць купляць у Расеі нафту за сусветныя кошты. І ў гэтай сітуацыі, канечне, відавочна, што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы павінныя завяршыць мадэрнізацыю, яны тэхналагічна, як заяўляецца і як мяркуецца, змогуць эфектыўна перапрацоўваць не толькі расейскую нафту, але і іншую альтэрнатыўную нафту», – кажа эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак.

Польшча прыпыніла транзіт расейскай нафты па нафтаправодзе «Дружба»

Акрамя ўкраінскага кірунку, беларускі ўрад заявіў пра магчымасць імпартаваць нафту праз парты краінаў Балтыі. Гаворка пра латышскі Вэнтспілс і літоўскую Клайпеду. У Вільні «Белсату» пацвердзілі гатовасць да супрацы з Менскам.

Рокас Масюліс, міністр транспарту Літвы, былы міністр энергетыкі:

«Мы ўжо перагружалі нафту для перапрацоўкі ў Беларусь. Так што ў нас ёсць магчымасці для перавальвання нафты. І мы можам гарантаваць Беларусі гэтае перавальванне. Так што мы гатовыя. Чакаем толькі просьбы. Можам пачаць працу».

Беларусь гатовая наладзіць альтэрнатыўны Расеі імпарт нафты – праз краіны Балтыі або Украіну

Акрамя таго, Менск заявіў пра жаданне набыць партовую інфраструктуру ў краінах Балтыі, што ў перспектыве дазволіць больш эфектыўна транспартаваць нафту марскім шляхам. Зрэшты, падобныя ініцыятывы не новыя.

«Беларускі бок атрымаў 30 % акцыяў «Біру Кравіню Тэрміналас». Гэта тэрмінал насыпных матэрыялаў. І «Беларуськалій» мае там 30 %. Гэта прыватны бізнес, які вырашае, прадаваць частку акцыяў беларускім кампаніям ці не прадаваць», – кажа Эўгеніюс Гентвілас, дэпутат Сейму Літвы, былы міністр эканомікі.

Літоўскія палітыкі ўхіляюцца ад адказу на пытанне, ці паўплывае на супрацу з Беларуссю крытычная пазіцыя Літвы ў дачыненні БелАЭС у Астраўцы. Суседзі гатовыя дапамагчы зменшыць залежнасць ад расейскіх энергарэсурсаў. Пытанне ў тым, наколькі сур’ёзна гатовы да гэтага афіцыйны Менск.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою 26.04.2019

 

Глядзі таксама
Каментары