Альтэрнатыўная тапаніміка. 5 вуліцаў Менску, якія трэба тэрмінова перайменаваць


Сёння, 3 сакавіка, любімаму Менску спаўняецца 952 гады. Ён сталы, вялікі і годны, але ягоныя вуліцы дагэтуль носяць імёны карнікаў, беларусафобаў і рэвалюцыянераў, ды і проста людзей, якія мала таго, што ня ведалі беларускую мову, ды і ўвогуле ніколі не былі ў Беларусі. Мы абралі 5 вуліцаў сталіцы, якія на наш погляд не могуць насіць імя Леніна, Свярдлова і іншых.

Вуліца Дамініканская. Зараз: вул. Энгельса

Пачнем з вуліцы, якая названа ў гонар Фрыдрыха Энгельса – нямецкага эканаміста, які разам з Карлам Марксам напісаў «Маніфест Камуністычнай партыі». Галоўны момант у тым, што ён ня мае нічога агульнага з Менскам, ён ніколі ня быў у Беларусі. У часы СССР існаванне гэтай вуліцы можна было абгрунтаваць ідэалогіяй. Але пагадзіцеся, зараз вуліца ў цэнтры сталіцы ня можа насіць імя чалавека, які тут ніякім бокам.

Першапачатковая назва вуліцы Энгельса – Дамініканская. І тут усё больш чым лагічна. У 1703 годзе на месцы сучаснай Кастрычніцкай плошчы пабудавалі Дамініканскі манастырскі комплекс з касцёлам Тамаша Аквінскага – галоўны каталіцкі касцёл Менску ў XVII ст. Увогуле, вуліцы любілі называць у гонар лакальных святыняў.

Вуліца Новазахар’еўская. Зараз: вул. Мяснікова

Вядома, што Мяснікоў быў сапраўдным беларусафобам. Ён лічыў, што беларусы наагул не зʼяўляюцца асобнай нацыяй. Што мы ня мусім мець сваю дзяржаву, да таго ж выступаў супраць беларускай мовы.

Спрадвечная назва вуліцы не Мяснікова, а Новазахарʼеўская – так яна называлася да 1880 году. Названая вуліца была ў гонар першага менскага губернатара Захара Якаўлевіча Карнеева. І тут можна паспрачацца, бо некаторыя лічаць, што вуліцу назвалі ў гонар св. Захарыя – па якім калісьці будучага губернатара і назвалі.

Варта адзначыць, што тады Новазахарʼеўская была заходнімі брамамі гораду. А яшчэ пад ёй у калектары цячэ тая самая рака Няміга.

Вуліца Францысканская. Зараз: вул. Леніна

Гэта яшчэ адзін прыклад вуліцы, якая атрымала сваю назву ад святыні. У дадзеным выпадку гаворка вядзецца пра Менскі манастыр францысканцаў імя Св. Антонія Падуанскага. Існаваў ён у 1680-1832 гг. На вялікі жаль, не захавалася замалёвак, як ён выглядаў. Але тое, што гэта першапачатковая назва вуліцы – вядома дакладна.

Што тычацца Ільіча, то трэба адзначыць, што ён ніколі ня быў у Менску. Ды і ў Беларусі ён быў толькі аднойчы – праязджаў праз краіну на цягніку. І спыніўся на 15 хвілін у Воршы. На мясцовым вакзале ў 1980-м нават усталявалі памятную шыльду ў гонар гэтай падзеі, а праз 20 гадоў – знялі.

Праспект Адама Станкевіча. Зараз: праспект Дзяржынскага

Справка
Адам Станкевіч – беларускі каталіцкі святар, адзін з заснавальнікаў беларускамоўнага касцёлу, «Таварыства беларускай школы» і лідар партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» у 1910-1920-х гадах. У 1949 годзе Станкевіч быў арыштаваны НКВД і адпраўлены ў Сібір на 25 гадоў за антысавецкую дзейнасць. Ён памёр у Гулагу ў Іркуцкай вобласці.

Адзін з буйнейшых праспектаў Менску носіць імя Фелікса Дзяржынскага. І гэта той чалавек, які дакладна не заслугоўвае гэтага. Ён – ініцыятар і кіраўнік сумнавядомага чырвонага тэрору, дзякуючы якому з 1917–1922 гг. расстралялі ад 140 тыс. да 2 млн чалавек.

Праспект з’явіўся адносна нядаўна, у сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя, таму гістарычнай назвы ў яго няма. Адзінае, да 1977 году ён называўся вул. Савецкіх пагранічнікаў.

Але ў 2017 годзе актывісты БХД прапанавалі перайменаваць праспект у гонар ксяндза Адама Станкевіча.

Вуліца Каломенская. Зараз: вул. Свярдлова

Каломенская – гістарычная назва вуліцы, якая вядомая з XIX стагоддзя. Зараз ужо цяжка ўзгадаць, чаму яна так называлася. Але гэта дакладна будзе лепей чым цяперашняя назва. Бо менавіта Якаў Свярдлоў заклікаў да «масавага тэрору».

Ён вінаваты ў смерці тысячаў людзей. Таксама ў Менску ён быў толькі аднойчы – у 1919 годзе падчас першага Усебеларускага зʼезду саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Безумоўна, гэты спіс можна працягваць. У нас яшчэ хапае тапанімікі з часоў СССР, якую трэба змяніць. Кожны сам вырашае, як ставіцца да Леніна, Калініна і Мяснікова. Але Менск заслугоўвае насіць імёны Чапскага, Рэйтана, Гінденбурга і Прушынскага. Бо гэтыя людзі, як і шмат іншых, зрабілі вялізарны ўклад у гісторыю нашай сталіцы.

Васіль Русецкі, ілюстрацыі аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў