«Аллес капут» для «Баварыі» і феерыя «Барсэлоны»


Фота: Reuters/Andrew Boyers/FORUM

Позні вечар серады падвёў рысу пад стадыяй 1/8-ай фіналу футбольнай Лігі Чэмпіёнаў і сталі вядомыя ўсе каманды, якія згуляюць у чвэрцьфіналах гэтага турніру. Апошнімі туды пуцёўкі забраніравалі сабе іспанская «Барсэлона» і англійскі «Ліверпуль».

Ужо на стадыі 1/8 лёс звёў паміж сабой такіх грандаў як «Ліверпуль» і «Баварыя». Першы матч паміж гэтымі клубамі на «Энфілдзе» скончыўся ўнічыю 0:0, таму ўсё вырашылася сёння на «Альянц Арэне». Немцы мелі перавагу свайго поля, але гэтым не скарысталіся. Дружына Юргэна Клопа ўзяла баварцаў штурмам, як вынік вікторыя 3:1.

«Баварыя» 3:1 «Лівэрпуль»

Мюнхен. Стадыён «Альянц-Арэна»
Суддзя – Даньеле Арсата (Італія)

Галы: Манэ, 26 (0:1), Маціп, 39 (1:1 – аўтагол), Ван Дэйк, 69 (1:2), Манэ, 84 (1:3).

Першы матч 0:0

Фота: REUTERS/Andreas Gebert/FORUM

«Сіне-гранатавыя» першы матч супрацьстаяння з французскім «Ліёнам» на яго полі скончылі са стартавымі нулямі на табло. Безумоўна, на родным «Камп Ноў » «Барсэлона» – гэта ўжо зусім іншая каманда, чым на выездзе, а таму прадказальна Эрнэстэ Вальвэрдэ і кампанія дэкласавалі апанента з лікам 5:1 і перакрочылі ў чвэрцьфінал.

«Барсэлона» 5:1 «Ліён»

Барсэлона. Стадыён «Кам Ноў»
Суддзя – Шыман Марціняк (Польшча)

Галы: Мэсі, 18 – з пенальці, (1:0), Каўціньё, 31 (2:0), Тусар, 58 (2:1), Мэсі, 78 (3:1), Піке, 81 (4:1), Дэмбэле, 86 (5:1).

Першы матч 0:0

Фота: REUTERS/Juan Medina/FORUM

Лёсаванне чарговых стадыяў еўракубкавых турніраў адбудзецца ў пятніцу ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньене. Нагадаем, што ў 1/4 фіналу Лігі Чэмпіёнаў выйшлі адразу 4 англійскія каманды, а поўны спіс выглядае наступным чынам: «Ліверпуль», «Барсэлона», «Манчэстар Юнайтэд», «Манчэстар Сіці», «Тотэнхэм», «Аякс», «Порту», «Ювэнтус».

Дзмітрый Сухановіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары