Алімпіяда ў Бразіліі: у Рыа не засталося грошай


За некалькі тыдняў да летніх алімпійскіх гульняў улады заяўляюць, што бюджэт штату ў цяжкім стане.

Падрыхтоўка да гульняў сурʼёзна ўдарыла па скарбу штату Рыа-дэ-Жанэйра. 17 чэрвеня мясцовыя ўлады заявілі пра надзвычайны стан у фінансавай сферы і папрасілі грошай на правядзенне спартовае імпрэзы з федэральнага бюджэту.

Паводле ўладаў Рыа, крызіс можа прывесці да «поўнага калапсу» у сферы забеспячэння бяспекі, аховы здароўя, адукацыі і аховы навакольнага асяроддзя.

Губернатар штата Францішку Дарнэліш заявіў аб неабходнасці жорсткіх мер для ўрэгулявання сітуацыі.

Апроч фінансавых цяжкасцяў, у Бразіліі пачалі з’яўляюцца адзнакі палітычнага хаосу. На гэтым тыдні ў адстаўку падаў міністр турызму Энрык Алвэс пасля таго, як падчас судовага разбіральніцтва па справе карупцыі ў нафтавым канцэрне «Petrobras» прагучала ягонае імя. Гэта ўжо трэці міністр часовага ўраду, які складае паўнамоцтвы.

Ва ўдзеле ў аферы «Petrobras» падазраюць і прэзідэнтку Дыўму Русэф. У траўні бразільскія сенатары прагаласавалі за яе імпічмент.

Летнія Алімпійскія гульні ў горадзе Рыа-дэ-Жанейра пройдуць з 5 да 21 жніўня, Паралімпійскія гульні пройдуць у Рыа з 7 па 18 верасня.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў