Алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў выставіць свой смартфон на аўкцыён, каб дапамагчы роднай школе


Спачатку спартовец хацеў прадаць эксклюзіўны «Galaxy S7 edge Olympic Games Edition», які атрымалі ад кампаніі Samsung усе спартсмены-удзельнікі летняй Алімпіяды-2016.

7 жніўня карыстальнік з нікам vlad.gon4arow на інтэрнэт-пляцоўцы baraholka.onliner.by выставіў абʼяву пра продаж смартфона, аднак пасля перадумаў.

«Пасля перамогі ў Рыа я зняў тэлефон з продажу ў інтэрнэце і вырашыў выставіць яго на аўкцыёне, бо каштоўнасць апарата пасля майго поспеху вырасла. Бо гэта эксклюзіўная лімітаваная алімпійская серыя, ды яшчэ і з незвычайнай начыннем – на ім ужо ёсць шмат маіх асабістых здымкаў з алімпійскага Рыа, прычым не толькі з выступленняў», – распавёў Ганчароў.

Атрыманыя грошы ён збіраецца аддаць роднай віцебскай СДЮШАР № 1. Пляцоўка, на якой пройдуць таргі, а таксама час іх пачатку абвесцяць неўзабаве.

cdn.tribuna.com

Дарэчы, за золата ў Рыа алімпійскі чэмпіён у скачках на батуце атрымае ад беларускай дзяржавы салідны ганарар – $ 150 тысяч прызавых. Па гэтым паказніку наша краіна знаходзіцца ў топ-10.  Харватыя, Вялікая Брытанія, Нарвегія і Швецыя ўвогуле не плацяць сваім атлетам за ўзнагароды Гульняў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў