Алігарх Лукашэнкі падмануў гамельчукоў і не заплаціў


Пустазелле ды сметнішча на месцы, дзе некалі стаялі гаражы жыхароў Гомля. Больш за паўгода таму іх літаральна выкідалі, бо ў планах было будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтру. Інвестыцыю мелася зрэалізаваць кампанія «Табак-Инвест», якую ачольвае сябар Аляксандра Лукашэнкі, буйны бізнесовец Павел Тапузідзіс.

«Часу хапала, тут яшчэ не было будоўлі. Узялі б шэраг гаражоў і сказалі б: даем вам тыдзень, пастаўце, калі ласка фундаменты. Людзі б падрыхтаваліся. Паступова перавозілі б гаражы», – узгадвае Тацяна Матросава, кіраўніца гаражнага кааператыву.

Аднак, паводле ўдзельнікаў гаражнага кааператыву № 41, усё адбывалася з дакладнасцю наадварот. Гаражы пераносілі з вуліцы Савецкай на Віцебскую ў вялікай спешцы. У выніку значную частку ўласнасці людзей пашкодзілі або знішчылі. Некаторыя гаражы ставілі літаральна на зямлю ці на старыя дошкі. Хоць праект прадугледжваў пласт шчабёнкі.

«Машыну загнаў, а яна правалілася ў гліну. Прыйшлося выязджаць ды ўсё перарабляць», – дзеліцца Андрэй Аверчанка, сябра гаражнага кааператыву.

Пенсіянеры без грошай на рамонт

Для большасці ўладальнікаў гаражоў (сярод якіх значная частка пенсіянеры) гэта азначае немалыя выдаткі.

«Я ўклаў дзве пенсіі, а вынік слабы. Патрэбная зварка. Яго ж паламалі. Ва ўсім вінаватыя інвестары», – упэўнены Уладзімір Спода, удзельнік гаражнага кааператыву.

Прадстаўнік інвестара ігнаруе праблему

А, паводле дамовы і абяцанняў, усе страты людзей мусіць скампенсаваць менавіта інвестар. Незадоўга да перавозу быў падпісаны адмысловы дакумент паміж прадстаўніком «Табак-Инвесту», гарадскім прадпрыемствам «ГорСАП» і кааператывам № 41. Але дагэтуль уладальнікі гаражоў не атрымалі ні капейкі.

Пакрыўджаныя мяркуюць, што прадстаўнік інвестара хаваецца ад іх, бо звязацца з ім праз тэлефон папросту немагчыма. У сваю чаргу «ГорСАП», адказны за перавоз гаражоў, рэагуе нервова. Дырэктар арганізацыі Аляксандр Сівакоў, калі пачуў пра рыхтаваны на гэтую тэму сюжэт, – кінуў слухаўку.

А на месцы, дзе рыхтаваўся сюжэт, падманутыя людзі не хавалі прэтэнзіяў. Не выключана, што ўся гэтая справа атрымае свой працяг у судзе.

«Ты ж чыноўнік, даеш слова. Ты мусіш яго трымаць. Калі ў вас выбары, то вы бяжыце ўсе за намі!», – абураецца ўласнік гаражу Андрэй Аверчанка.

Абурэнне людзей выклікае і тое, што на новым месцы няма электрычнасці. Уладальнікам гаражоў прапанавалі правесці святло за свае грошы, якія пасля абяцаюць вярнуць. Але яны адмовіліся, бо баяцца быць падманутыя чарговы раз.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў