Актывістка атрымала 2 гады «хатняй хіміі» за «супраціў міліцыі». Яна лічыць, што яе агаварылі


Грамадскую актывістку з Маладзечна Алесю Садоўскую 11 снежня пакаралі 3 гадамі абмежавання волі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў працаўніку міліцыі, звязаны з прымяненнем гвалту), пры гэтым 1 год знялі па амністыі. Садоўская з прысудам катэгарычна незгодная і мяркуе, што пацярпелая яе агаварыла.

Паводле слоў актывісткі, 15 ліпеня 2019 году яна прыйшла на прыём да чыноўнікаў у мясцовы выканкам, каб дамагчыся маральнай кампенсацыі за ранейшае прымусовае накіраванне ў псіхіятрычную лякарню і памяшчэнне ейнай дачкі ў прыёмную сям’ю на 8 месяцаў.

«Я хацела дачакацца сканчэння нарады і сядзела ў прыёмнай старшыні выканкаму, але гэта не спадабалася сакратарцы і яна выклікала ахову. Прапаршчык Кандратовіч правяла мяне да залі, дзе адбывалася нарада і калі я пагрукалася ў дзверы і паспрабавала іх адчыніць, тая пачала выкручваць мне рукі. А потым яна сведчыла, што гэта я хапала яе за пальцы, біла ў раён пляча і нават штурхнула, каб тая ўпала», – распавяла Садоўская ў каментары belsat.eu

Пасля Садоўская нібыта сышла з будынку выканкаму сама, пратаколу за «хуліганства» на месцы на яе не складалі. Жанчына лічыць, што гэта пацвярджае: ніякіх супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да Кандратовіч яна не здзяйсняла. Наадварот – сама пацярпела ад паклёпу Кандратовіч.

Актывістка таксама сцвярджае, што на судзе не былі прадстаўленыя доказы яе невінаватасці ў выглядзе запісу з камер назірання.

Вырак Садоўская лічыць несправядлівым і мае намер у бліжэйшым часе яго абскардзіць.

КА belsat.eu

Стужка навінаў