Алесін: Лукашэнка не будзе спяшацца падпісваць дакументы па авіябазе


Расейская авіябаза аб’ядноўвае беларускую апазіцыю і гуляе супраць Лукашэнкі. Belsat.eu пагутарыў з вайсковым аналітыкам Аляксандрам Алесіным.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 18 верасня загадаў падпісаць указ пра ўтварэнне вайсковай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін выказвае сваё меркаванне адносна сітуацыі вакол вайсковага аб’екту, які мае паўстаць у Беларусі.

Пуцін аб’яднаў беларускую апазіцыю

Belsat.eu: Вы казалі, што беларусы не будуць спяшацца падпісваць дакументы пра стварэнне авіябазы. Чаму?

Аляксандр Алесін: У гэтым не зацікаўлены Лукашэнка. Гэты козыр перадвыбарнай кампаніі ўжо гуляе супраць яго – апазіцыя стала гуртавацца вакол канкрэтнага лозунга ды ідэі. Яны прытрымліваліся розных пазіцыяў, але гэты лозунг усіх аб’яднаў. Для Лукашэнкі гэта мінус. І насельніцтва наўрад ці ўсцешыцца такому аб’екту – патэнцыйнай мэтаю для авіяцыі НАТА. Менавіта таму афіцыйныя СМІ і замоўчваюць сам факт наяўнасці праекту дагавора і распараджэнне Пуціна.

Ці можа ў выніку здарыцца так, што база ў Беларусі і наагул не паўстане?

Я думаю, што не. Улічваючы сустрэчу ў Сочы, дзе Пуцін пажадаў Лукашэнку паспяхова пераабрацца. Гэта сведчыць пра тое, што пагадненне заключанае, што Лукашэнка атрымаў ад Пуціна нейкія эканамічныя саступкі, ільготы, прэферэнцыі, можа нават «жывыя» грошы. Ступень залежнасці Беларусі ад Расеі настолькі вялікая, што Расея можа ў любы момант моцна ўскладніць становішча нашай краіны. Напрыклад, перакрыўшы нафту, газ, і абмежаваўшы доступ нашых тавараў да свайго рынку.

Выгадны плацдарм

Ці вядомыя нейкія падрабязнасці таго, што гэта будзе за база?

Вядома толькі тое, што расейскія афіцыйныя асобы абвесцілі ў мінулым годзе – база будзе ў Бабруйску, дзе ў 2016 годзе будуць стаяць 24 самалёты.[vc_row][vc_column][vc_single_image image=”6156″ onclick=”link_image”][/vc_column][/vc_row]Ці Расеі сапраўды патрэбная гэтая авіябаза?

У краінах Балтыі створаныя штабы аператыўнага разгортвання, у Польшчы амерыканская авіябаза ствараецца, да гэтага яшчэ некалькі вайсковых базаў Дуда (прэзідэнт Польшчы – заўв. Belsat.eu) на тэрыторыю Польшчы запрашае – усё гэта, натуральна, Расею вельмі нервуе. Яны шукаюць сродкі для нейтралізацыі гэтых ваенных аб’ектаў, бо не факт, што з Калінінграда яны дацягнуцца да ўсіх гэтых базаў. А Беларусь высунутая далёка на захад. Адсюль зручна выступаць і ў кірунку Балтыі, і ў заходнім, і ў паўднёвым (Украіна, Румынія) накірунках. Гэта надзвычай выгадны плацдарм.

Ці Вы асабіста далучыліся бы да лозунгу «Не – авіябазе»?

Вядома. Ваенны аб’ект павышае ступень ваеннай небяспекі для Беларусі. Але справа ў тым, што згодна з дамовамі АДКБ, Саюзнай дамовай, Беларусь усё роўна будзе вымушаная ўдзельнічаць у вайне, калі ў яе ўступіць Расея – незалежна ад таго, ці ёсць у нас база, ці не. І авіяцыя НАТА будзе абстрэльваць аб’екты беларускага войска, таму што Беларусь – хаўруснік Расеі.

Бельгія, Нідэрланды, Беларусь – з ядравай зброяй

Расейскія СМІ апошнім часам шырока асвятляюць гісторыю амерыканскай атамнай зброі ў Нямеччыне…

Шэраг расейскіх вайсковых экспертаў плануюць выкарыстоўваць будучую авіябазу для таго, каб і гэтую пагрозу нейтралізаваць – прапаноўваецца абсталяванне крылатымі ракетамі вялікай адлегласці, каб і да Нямеччыны дастаць. І шуміха вакол атамнай зброі вельмі выгадная Расеі – цяпер усе свае ваенныя падрыхтоўкі яна зможа апраўдаць.

Ці мы можам казаць пра тое, што атамная зброя ў Нямеччыне робіць бессэнсоўнымі ўсе расейскія намаганні?

Амерыканцы гэтыя бомбы хочуць мадэрнізаваць, і з свабодна падаючых зрабіць бомбы, што планяруюць з сістэмаю спадарожнікавага навядзення, каб не заходзіць у зону дзеяння СПА. Але пераносіць гэтыя бомбы ўсё роўна будуць бамбавікі. Ім прыйдзецца пранікаць на нейкую адлегласць у накірунку да цэлі. І там яны будуць уразлівыя. Я бы не сказаў, што амерыканцы атрымалі вялікую перавагу. Бомбы гэтыя там ляжаць цягам 40 гадоў, цяпер яны стануцца больш небяспечнымі. Але ж і ў Расеі вядуцца аналагічныя працы. Цікава, што на сваёй беларускай авіябазе Расея зможа размясціць і ядравую зброю, якую Беларусь мець не можа, але расейская авіябаза знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Расеі. Гэтак жа, як і Нямеччына, якой сваю ядравую зброю мець забаронена, а на амерыканскай авіябазе можна. Такая ж сітуацыя і ў Турцыі, у Нідэрландах, Бельгіі, Італіі і іншых краінах.

Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў