Алесь Лагвінец: Лукашэнка паехаў у Пакістан, каб умацаваць імідж «гаспадарніка»


28 траўня Аляксандр Лукашэнка прыбыў з двухдзённым афіцыйным візітам у Пакістан. У аэрапорце Ісламабаду адбылася цырымонія сустрэчы беларускага лідара. Кіраўніка дзяржавы сустракаў прэм’ер-міністр Пакістану Наўаз Шарыф (Nawaz Sharif). Палітолаг Алесь Лагвінец распавёў «Белсату» пра эканамічныя і палітычныя перспектывы азіяцкага ваяжу кіраўніка Беларусі.

«Пакістан – даволі бедная краіна, таму чакаць імклівага росту гандлёвага звароту не варта. Гэта краіна, якая ўвесь час змагаецца з тэрарыстычнымі групоўкамі….Па сутнасці ў Лукашэнкі няма іншага выйсця, апроч як шукаць магчымасці наведваць тыя краіны, якія яго да сябе пускаюць», – гаворыць палітолаг.

Паводле Алеся Лагвінца, візіт Лукашэнкі ў Пакістан можна разглядаць як памкненне улады знайсці альтэрнатыўную еўрапейскай пляцоўку для міжнароднай актыўнасці.

«Збольшага гэта палітычны візіт. У перадвыбарчы год яму трэба паказаць, што ён не ізаляваны. Вядома, што падобны візіту ў краіны ЕЗ немагчымы. Зразумела, што «Усходняе партнёрства» або МВФ не змогуць вырашыць праблемы беларускай эканомікі. Ён мусіць падтрымаць свой імідж моцнага гаспадарніка, які намагаецца прадаць сваю прадукцыю», – падкрэсліў палітолаг у размове з «Белсатам».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў