Алесь Краўцэвіч: Аляксандр Лукашэнка ўжо не жылец як палітык


28 кастрычніка ў Горадні пасля трох сутак у ізалятары выйшаў на свабоду прафесар, доктар гісторыі і аўтар праграмы «Загадкі беларускай гісторыі» на Белсаце Алесь Краўцэвіч. Суддзя Руслан Гурын прысудзіў яму 270 рублёў штрафу за ўдзел у нядзельным маршы пратэсту, куды прафесар разам з тысяччу іншых гарадзенцаў выйшаў, каб выказацца супраць несумленных выбараў і гвалту сілавікоў на вуліцах.

У размове з «Белсатам» Алесь Краўцэвіч расказаў пра тое, як прайшлі гэтыя тры дні ў ІЧУ і што ён думае пра падзеі, якія зараз адбываюцца ў Беларусі.

– Спадар Алесь, як адбылося Вашае затрыманне?

– Мяне затрымалі, калі я быў на вуліцы Савецкай, каля шапіку «Белсаюздруку». Пад’ехаў аўтазак, амапавец вёў у яго нейкага чалавека і скамандаваў «Усіх, хто ў масках, браць!» Мяне затрымлівалі двое сілавікоў, я спачатку спрабаваў вырвацца, адзін з іх хацеў стукнуць мне ў сонечнае спляценне, але прамазаў – я ўхіліўся. Мяне завялі ў аўтазак і павезлі ў Ленінскі РАУС. У мяне не было з сабой тэлефона, таму ў аўтазаку я папрасіў у аднаго з затрыманых скарыстацца, напісаў жонцы СМС-паведамленне: «Забралі. Цэлы. Алесь».

Аляксандр Краўцэвіч. Фота belsat.eu

У той дзень у РАУС прывезлі каля 80 чалавек. У РАУСе і пасля ў ізалятары міліцыянты паводзілі сябе даволі карэктна, звярталіся на «Вы», не білі і не абражалі. Там ведалі, што затрымалі прафесара, але ў той жа вечар так і не адпусцілі, хоць і ўзялі падпіску, што я прыйду ў суд. Магчыма, прычыны ў тым, што я не згадзіўся з пратаколам.

– Як прайшлі трое сутак у ІЧУ?

За час адседкі я змяніў чатыры камеры, і паўсюль сядзеў з «палітычнымі»: з працоўнымі з ЦЭЦ, «Хімвалакна», «Азоту» ды іншымі хлопцамі.

Настрой ва ўсіх быў розны. Маладзейшыя, каму менш за 30, цяжэй гэта ўсё перажывалі. Мы, старэйшыя, іх падтрымлівалі. Але асноўны дыскамфорт быў з-за няпэўнасці: было незразумела, што будзе далей. Умовы былі больш-менш цярпімыя. Можна было спакойна спаць, я скарыстаўся магчымасцю, каб скінуць некалькі кілаграмаў (усміхаецца). Падчас экспедыцый я бываў і ў горшых умовах.

У камеры я чытаў хлопцам лекцыі па гісторыі, усе вельмі ўважліва слухалі.

Менчукі выходзяць на ланцугі салідарнасці.
Фота: Агата Квяткоўска / «Белсат»

– А на якія тэмы?

– Лекцыі былі на розныя тэмы. Але самая галоўная – пра непазбежнасць развалу аўтарытарнай сістэмы. Усе нашыя краіны-суседзі, Польшча, Латвія, Літва, Эстонія, Украіна, у розны час прайшлі праз этап аўтарытарызму. Цяпер чарга дайшла да нас. Гэта – гістарычная непазбежнасць. Таму раіў хлопцам захоўваць пратаколы і выпіскі з суда, бо потым па гэтых дакументах яны будуць атрымліваць кампенсацыі, магчыма, з заробкаў амапаўцаў, якія будуць шыць валёнкі на зоне.

Я казаў там і наглядчыкам: «Хлопцы, калі вы не заплямленыя, нікога не білі і не калечылі, вас садзіць у турмы не будуць. Паводзьце сябе як людзі, і тады з вамі ўсё будзе ў парадку. Нам у будучай Беларусі будуць патрэбныя нармальныя міліцыянты».

Марш пратэсту ў Менску, 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: АВ / Vot Tak TV

– Вы за люстрацыю?

– Абавязкова. Нам будзе неабходна правесці індывідуальную люстрацыю па ўзору Чэхіі. Там у свой час адкрылі ўсе архівы спецслужбаў, і тым, каго выявілі агентамі, на 10 гадоў забаранілі займаць дзяржаўныя пасады. У Польшчы ў гэтым сэнсе зрабілі горш: там стварылі Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП) і перадалі туды ўсе архівы КДБ і міліцыі. Гісторыкі мусілі шукаць сведчанні супрацы з органамі і перадаваць справы пракурорам. Але кіраўніцтва ІНП пэўную інфармацыю прытрымлівала, каб у некаторы момант можна было знішчыць свайго палітычнага праціўніка.

– Як гэта – быць прафесарам і апынуцца за кратамі?

– Спачатку было адчуванне прыніжэння: калі цябе ставяць тварам да сцяны, прымушаюць распрануцца да гала, зняць майткі і прысядаць. Таксама прыніжаючым годнасць быў «шмон», які адбываўся ў камеры два разы на суткі, раніцай і вечарам: нас ставілі тварам да сцяны і правяралі. Але хутка я пачаў адносіцца да гэтага як да прыгоды. Мяне суцяшала тое, што многія вартыя людзі праходзілі праз падобнае і нават яшчэ больш страшнае, былі ў больш горшых умовах – напрыклад, Вацлаў Гавел. І вось цяпер я далучыўся да гэтай кагорты вартых людзей, хоць, канешне, трое сутак не параўнаць з 10 гадамі сапраўднай турмы.

Марш пратэсту ў Менску, 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: Агата Квятковска / «Белсат»

За апошнія два месяцы больш за 20 беларускіх гісторыкаў былі затрыманыя і асуджаныя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту – гэта Алесь Смалянчук, Андрэй Радаман, Андрэй Мацук, Мікалай Волкаў, Алесь Пашкевіч ды іншыя. Чаму гісторыкі, сярод якіх і дактары навук, выходзяць і падтрымліваюць акцыі, хоць маглі б у гэты час пісаць навуковыя кнігі?

Выходзяць тыя людзі, якія маюць сумленне. Сядзець за сталом і спакойна пісаць навуковыя працы ў той час, калі на вуліцы выходзяць нашыя людзі – невыносна. І хоць крыху страшна, але выходзіш, бо не можаш інакш. Але зараз, падумаўшы, я ўзгадаў словы свайго польскага знаёмага, які быў у руху «Салідарнасці». Ён мне казаў: не справа прафесара ісці біцца з міліцыяй, справа прафесара – пісаць кнігі, таму што вы – адзінкавы тавар. Гэта працоўныя павінны ісці біцца з міліцыяй. Паўстае пытанне: калі працоўныя працягваюць працаваць на сваіх заводах, ці варта мне, прафесару, ісці і падстаўляць галаву пад дубінкі, ці ўсё ж лепш працягваць пісаць сваю кнігу?

Горды жаночы марш прафесіяў. Менск, Беларусь. 24 кастрычніка 2020 г.
Фота: «Белсат»

– Раней у адным са сваіх інтэрвʼю Вы казалі пра тое, што беларусы – недаспелая нацыя. І каб зрабіць народ беларусамі, а беларусаў – грамадзянамі, патрэбны такі механізм як дзяржава. Адным словам – уся надзея на начальства, якое загадае беларусам быць беларусамі. Як Вы ацэньваеце падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі зараз?

Беларуская нацыя пачала вельмі хутка спець у сувязі з рэвалюцыяй. У любой нацыі актыўныя грамадзяне складаюць нязначную частку грамадства. У краінах з доўгай традыцыяй дэмакратыі такіх людзей больш, яны выходзяць на пратэсты незалежна ад іх матэрыяльнага становішча. У Беларусі зараз рэвалюцыя сярэдняга класа – людзей, якія самі сябе зрабілі. Тым не менш, я лічу вельмі важнай ролю дзяржавы ў працэсе фармавання нацыі. Я, чалавек беларускамоўны, падтрымаў Святлану Ціханоўскую – упершыню за 20 з нечым гадоў пайшоў прагаласаваць. І вельмі цешуся, што цяпер каля яе ёсць такія людзі як Франак Вячорка, Аляксандр Дабравольскі. Але калі будуць свабодныя выбары, я буду галасаваць за чалавека, які свабодна валодае беларускай мовай і хоча зрабіць беларускую мову адзінай дзяржаўнай. Для мяне гэта галоўны крытэр.

– Якая, на Ваш погляд, галоўная памылка Лукашэнкі ў працэсах, якія зараз адбываюцца?

Аляксандр Лукашэнка даволі прымітыўны чалавек, таму што інстынкт улады – адзін з самых прымітыўных. Лукашэнка да гэтага яшчэ і кепска адукаваны. Найлепшым стратэгічным выйсцем для яго было б пратрымацца два прэзідэнцкія тэрміны, зрабіць перспектывы для сваіх дзяцей і ціха сысці. Лукашэнка ж чалавек, хворы на ўладу, ён даводзіць сітуацыю да лагічнага канца: у лепшым выпадку для яго – да пажыццёвага зняволення. Але гэта можа быць і апошні смяротны прысуд.

Марш пратэсту ў Менску, 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: Агата Квятковска / «Белсат»

– Адзін з пазітыўных вынікаў цяперашніх пратэстаў – тое, што людзі самастойна і цалкам натуральна абралі сваімі сімваламі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Як Вы лічыце – чаму? У адной са сваіх праграм Вы казалі пра тое, што Лукашэнка зрабіў беларусам падарунак тым, што калісьці адмовіўся ад гэтых сімвалаў.

Лукашэнка сваім сцягам вельмі выразна аддзяліў сябе ад Беларусі. Гэта як на фронце – кожны бок мае свой сцяг. Вось, напрыклад, ідзе дзве калоны палякаў – лібералы і нацыяналісты, і ўсе пад звычайнымі бела-чырвонымі сцягамі. Як іх адрозніць? А Лукашэнка ў гэтым плане зрабіў нам падарунак. Яго нянавісць да беларушчыны аказалася мацнейшая за палітычны інстынкт. Ён выразна сябе абазначыў. І цяпер любы чалавек у любым кутку свету, які цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі, адразу бачыць і распазнае, хто ёсць хто. Бел-чырвона-белы сцяг вярнуўся і стаў пратэстным – гэта цалкам натуральная з’ява. А чырвона-зялёны сцяг – сімвал, які павявае з акна аўтазаку.

Бел-чырвона-белы сцяг мае больш чым стогадовую традыцыю. Гэта, калі казаць па-сучаснаму, раскручаны брэнд. Гэты сцяг прысутнічае ў свядомасці любога беларуса. Пад гэтым сцягам здабылі беларускую дзяржаўную незалежнасць. Стварыць новыя сімвалы з нуля вельмі складана. Узгадаем, напрыклад, белыя стужкі Святланы Ціханоўскай. Гэты сімвал вельмі хутка адышоў. А на першы план выступае тое, што выпрацавана гісторыяй, за чым стаяць сотні людскіх жыццяў і гады змагання.

– Якімі Вы бачыце перспектывы мірнага супраціву?

Я выключна за мірны супраціў. Ён павінен быць у самых розных формах – і абавязкова пераможа. Ён мае ўсе шанцы на перамогу хаця б па той прычыне, што акрамя іншага, у краіне пагаршаецца эканамічная сітуацыя. Сілавікі зараз адчуваюць вялікі маральны прэсінг, рана ці позна, але наступіць момант, калі ім будзе больш выгодна ўцячы ад Лукашэнкі, чым яму падпарадкоўвацца. Гэты момант наступіць хутчэй, калі выйдуць пратэставаць працоўныя буйных прадпрыемстваў.

– Якім Вы бачыце далейшае развіццё падзей?

– Сілавікі зараз на баку Лукашэнкі, і паступова яны могуць збіць асноўны пратэст. Значна цяжэй будзе задушыць дваровыя актыўнасці. Але пакуль яны будуць гэтым займацца, эканамічная сітуацыя стане патавай.

Без пратэстаў буйных заводаў, працоўных нічога не атрымаецца. Інтэлігенцыю, сярэдні клас можна кантраляваць сілавымі метадамі, асабліва ў сістэме, якая выбудавана ў Беларусі. Але калі выйдуць працоўныя ўсіх прадпрыемстваў – гэта задушыць будзе немагчыма. Я маю на ўвазе забастоўкі і выхады працоўных на плошчы. Адна справа, калі па горадзе прайшла калона на сто тысяч чалавек, другая справа, калі працоўныя выйшлі на плошчу, атачылі адміністрацыю і нікога адтуль не выпускаюць.

Некаторыя кажуць, маўляў, рэвалюцыя немагчыма без крыві. Але паглядзім на досвед Чэхаславакіі, Польшчы, Венгрыі – там адбыліся цалкам мірныя рэвалюцыі. І ў нас таксама атрымаецца. Падчас аксамітнай рэвалюцыяй у Чэхаславакіі ў 1989 годзе мільёны людзей стаялі на плошчы так доўга, пакуль у камуністаў не здалі нервы – і яны саступілі.

Марш пратэсту ў Менску, 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: Агата Квятковска / «Белсат»

– На пачатку нашай размовы Вы казалі: галоўная Ваша лекцыя ў ізалятары была пра тое, што краіны нашай часткі Еўропы праходзяць стадыю аўтарытарызму і больш на гэта не хварэюць. Ці не можа ў Беларусі прыйсці да ўлады чалавек, які зноўку ўсталюе аўтарытарны рэжым у краіне?

Пасля Лукашэнкі гэтага не будзе. Пра гэта сведчыць цяперашні грамадскі ўздым. Людзі самых розных пакаленняў навучаныя, і ўжо ніхто не захоча, каб чвэрць стагоддзя мацаваўся новы аўтарытарны рэжым. Людзі будуць бачыць і спыняць яго ўжо на ранняй стадыі, я ў гэтым перакананы.

– Ваш прагноз: колькі па часе будзе працягвацца беларуская рэвалюцыя?

– Мой аптымістычны сцэнар: да новага года. Песімістычны – да сярэдзіны вясны наступнага года. Але ў любым выпадку мы пераможам, гэта непазбежна. Гэта гістарычны працэс. Аляксандр Лукашэнка ўжо не жылец як палітык.

Hавiны
«Пракурор сказаў: усіх у турму». Двум абаронцам мемарыялу Тарайкоўскага пагражае да 10 гадоў зняволення
2020.10.30 08:14

belsat.eu

Стужка навінаў