Алесь Дзянісаў і «Палац». Імклівае падзенне ўверх (прэм’ера песні)


Вакаліст панк-фармацыі Dzieciuki Алесь Дзянісаў падрыхтаваў разам з фольк-гуртом «Палац» прыгожую калядную кампазіцыю на верш Анатоля Брусевіча.



Нараджэнне песні «Каляды» Алесь Дзянісаў называе цудам. «Я спачатку пагадзіўся паўдзельнічаць у навагоднім праекце, а потым разгубіўся, бо тэма трошкі не мая. Вырашыў звярнуцца па дапамогу да гарадзенскіх паэтаў. Ня ведаю чаму, патэлефанаваў Анатолю Брусевічу і ён мне прапанаваў два вершы пра Каляды, якія і сталі песняю. Я нічога не кампаванаў: адзін верш стаў куплетнай часткаю, другі – прыпеўнай. І неяк натуральна яны адзін да аднаго паклаліся».

З напісаннем музыкі, з яе формай і з папярэдняй аранжыроўкай Алесю дапамог Дзмітрый «Вінс» Шчэрба, які калісьці граў у гурце «КальЯн». Ён таксама ўзяў удзел у запісе песні ў якасці сола-гітарыста.

Гурт «Палац» дапрацаваў кампазіцыю з свайго боку, расклаў яе на галасы ды інструменты. Алег Хаменка кажа, што яму адразу ж спадабаўся самы першы дэма-накід, зроблены на акустычнай гітары – узрушыў глыбокі вершы ды простыя і ў той жа час правільныя ў ягоным разуменні гармоніі.

«Мы нічога не дадавалі, проста сыгралі твор, як лягло, на рэпетыцыі. Шкада, што як след не атрымалася зрэпетавацца, бо Алесь у Горадні, а мы ў Менску, асноўныя моманты прагаварылі па тэлефоне і сустрэліся ўжо толькі на запісе. Месцамі недакладна заспяваў тэкст, але ж выйшла вельмі прыгожа, я лічу. Вельмі хочам надалей зрабіць студыйную фанаграму гэтага твора», – кажа лідар «Палацу».

Песня «Каляды» была запісаная для праекту «Новае пакаленне на Новы год». Відэаверсію гэтага праекту можна ўбачыць у ноч з 31 снежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат».

Каляды. Гэты час, як вадаспад,

Які не ў дол спадае, а ў нябёсы,

Змываючы халодных зораў россып,

I поўнi бляск, i шэры далягляд.

Віншую Бога. Адплывае страх

Перад жыццём самотным i цвярозым.

I хочацца iсцi не па дарозе,

А бегчы напрасткі, па камянях,

Каляды!

Па белай рачулцы ранка

Плывуць самаходы.

Падае снег.

Каляды!

Ныраю ў аблокі,

Абліты срэбрам аргана

Падаю ўверх.

Праз гэты снег і быць як ён – святым

І светлым, нібы першае прычасце,

І адчуваць на сэрцы толькі шчасце,

І не зважаць на ўласныя сляды.

Каляды!

Па белай рачулцы ранка

Плывуць самаходы.

Падае снег.

Каляды!

Ныраем у аблокі,

Аблітыя срэбрам аргана

Падаем уверх.

СБ/МЛ, belsat.eu

Фота Вольгі Куваевай

Стужка навінаў