Алесь Бяляцкі і «Вясна» атрымалі прэстыжную міжнародную прэмію «За годны лад жыцця – 2020»


Беларускі актывіст Алесь Бяляцкі і ягоная праваабарончая арганізацыя «Вясна» сталі першымі беларускімі лаўрэатамі прэстыжнай міжнароднай узнагароды «Right Livelihood Award», вядомай як «Альтэрнатыўная Нобэлеўская прэмія».

Алесь Бяляцкі і «Вясна» атрымалі ўзнагароду за іх ролю ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі.

«У гэты няпросты для нас час прэстыжная прэмія »За правільны лад жыцця« з’яўляецца для нас, праваабаронцаў »Вясны«, моцнай маральнай падтрымкай. Узнагарода сведчыць, што тое, што мы робім 24 гады дзеля ўстанаўлення справядлівасці ў нашай краіне – гэта правільна і неабходна. Мы расцэньваем уручэнне гэтай прэміі не толькі як прызнанне якасці працы, мы ўспрымаем яе як знак салідарнасці ўсяго дэмакратычнага свету з беларускім народам. І гэта ясны сігнал беларускім уладам пра тое, што свет ніколі не будзе мірыцца з масавымі парушэннямі правоў чалавека і не прыме таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Калі мы не хочам, каб Беларусь ператварылася ў ГУЛАГ, трэба падтрымліваць беларускі народ сёння і цяпер».

Беларускі праваабаронца адзначыў, што ў адрас цэнтру пастаянна паступаюць пагрозы з боку спецыяльнага падраздзялення міліцыі. Нягледзячы на гэтыя пагрозы, праваабаронцы працягваюць займацца дапамогай рэпрэсаваным. Алесь Бяляцкі і «Вясна» атрымаюць грашовы прыз у памеры аднаго мільёна шведскіх крон (каля 118 тыс. долараў) на падтрыманне сваёй дзейнасці.

У 2020 годзе 18 валанцёраў «Вясны» траплялі пад арышты і затрымліваліся. У кастрычніку Марына Кастылянчанка правяла ў турме месяц. Трэці месяц сядзіць каардынатар валанцёраў «Вясны» Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк. Іх затрымалі за тое, што яны арганізоўвалі прадуктовыя перадачы для палітычных зняволеных у Менску. Ім пагражае турэмнае зняволенне да некалькі гадоў.

Бяляцкі заснаваў «Вясну» ў 1996 годзе для аказання падтрымкі палітычным зняволеным. З тых часоў арганізацыя стала галоўнай няўрадавай арганізацыяй краіны, якая займаецца правамі чалавека і развівае грамадзянскую супольнасць у Беларусі шляхам дакументавання парушэнняў правоў чалавека і назірання за выбарамі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў