«У нас свая краіна, свая мова. Мы жывыя!»: Алексіевіч звярнулася да ўдзельнікаў Ночы паэтаў у Курапатах


Лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі Святлана Алексіевіч звярнулася да ўдзельнікаў паэтычных чытанняў «Ноч расстраляных паэтаў», якія прайшлі ў ноч на 29 кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты.

Некалькі стагоддзяў наш нацыянальны дух знішчалі самым варварскім спосабам, асабліва ў сталінскі час – вынішчалі эліту: літаратараў, навукоўцаў, сельскую інтэлігенцыю. Чорныя зеўраючыя дзіркі павінны былі б паглынуць нас. Але насуперак ім у нас свая краіна, свая мова. Мы жывыя! У пустэчах, якія ўтварыліся, кожны з нас павінен узяць на сябе частку працы зніклых. Прыйдзе час, і мы пройдзем па слядах сталінскіх злачынстваў і паставім там помнікі.

Курапаты – гэта сімвал нашай памяці. Сёння нам патрэбныя гэтыя апоры, каб выстаяць у глухія цёмныя часы, калі матэрыяльнасць і страх перамаглі дух. Хлусня перамагла праўду. Здрада перамагла пачуццё нацыянальнага шляху.

У гэтую ноч на гэтым месцы павінны былі б быць тысячы і тысячы людзей, але нас не так шмат, як хацелася б – мінулае для многіх яшчэ ўтоена ў змроку хлусні і спажывецтва. Банальная рэч, калі чуеш такія апраўданні як: я не магу рызыкаваць сваёй працай, сваім поспехам, мяне сістэма тут жа выкіне за борт, а як і за што карміць і вучыць дзяцей?

Аднак нацыянальны дух нельга перавесці ў грошы або кар’еру. Калі-небудзь дзеці спытаюць сваіх бацькоў: а дзе наша Беларусь? Дзе наш час? Дзе наша беларуская гісторыя?

Я не веру, што чалавечае жыццё знікае бясследна. Тут нас атачаюць цені найлепшых нашых продкаў. Пакута – гэта таксама форма ведаў. Нашы продкі, чыё дыханне развеянае тут, вучаць нас адрозніваць годнасць ад здрады, будучыню ад мінулага. Тут мы вучымся рабіць выбар – уверх, як людзі сваёй зямлі, ці ўніз – у манкурцтва.

Лепшае, што мы можам сказаць сёння – гэта чытаць вершы. Я веру, што гэтую мову чуюць і там, уверсе, у іншым свеце.

Вучымся быць беларусамі.

Святлана Алексіевіч

ЮВ, belsat.eu, паводле nn.by

Стужка навінаў