Зайчыкі ў трамвайчыку, «слугі народу» ў Вярхоўнай Радзе

Навіны з Украіны састарваюцца з хуткасцю перамяшчэння інфармацыі па інтэрнэце. Мы пішам каментар, а ў гэты час хто-небудзь нешта ў Кіеве сказаў, і інфармацыя састарэла. Таму прашу ўспрымаць сказанае мной цалкам спакойна.

Уладзімір Зяленскі атрымаў абсалютна кантраляваны парламент. Калі яму ўдасца дабіцца таго, каб усе дэпутаты стала знаходзіліся на працоўных месцах, Вярхоўная Рада будзе штампаваць унесеныя прэзідэнтам законапраекты, максімальна палягчаючы іх праходжанне.

Ці добра гэта?

З пункту гледжання прэзідэнта – добра. Уласна кажучы, таму Зяленскі і абвясціў датэрміновыя выбары ў Раду.

А з пункту гледжання здаровага сэнсу?

Уладзімір Зяленскі ўваходзіць у Вярхоўную Раду. 20 страўня 2019 г. Фота REUTERS/Gleb Garanich

Вярхоўная Рада – яна ж не толькі адзіны заканадаўчы орган краіны. Яна яшчэ функцыянальна і галоўны экспертны орган законапраектаў, якія ўносяцца. Тут правяраюць наколькі ўнесены праект састыкоўваецца з ужо дзеючым заканадаўствам, якія паралельна змены і ў якія законы трэба ўносіць. Тут лабісты розных тэрыторый і галінаў правяраюць, як ён суадносіцца з інтарэсамі тых, на чыю карысць яны дзейнічаюць у парламенце. Не палохайцеся слова «лабізм» – яно нармальнае для цывілізаваных краін і зусім не сінанімічнае слову «карупцыя». Увогуле, дзясяткі ўчытванняў у законапраект і дзясяткі праверак яго. І гэта, у прынцыпе, вельмі добра. Прыбіраюцца тыя «падводныя камяні», якія могуць перашкодзіць руху дзяржаўнага карабля.

Цяпер закон будзе ўнесены. Тры чвэрці дэпутатаў – новыя, прычым большасць дэпутатаў ад дэ факта ўжо кіруючай партыі «Слуга народу« не мае мінімальнага кіраўнічага вопыту. Адбылася поўная перазагрузка агульнанацыянальнай украінскай эліты – засталася эліта рэгіянальная, мясцовая, але і яе Зяленскі паабяцаў перазагрузіць.

Аднак справа нават не ў колькасці пачаткоўцаў. Я ўчора чытаў істэрычны пост адной з лепшых журналістак Украіны, Соні Кошкінай у твітэры. Калі вясельны фатограф абыходзіць па галасах кіраўніка найбуйнейшага прадпрыемства – і так практычна па большасці аднамандатных галасоў у без малога сарака мільённай краіне! – узнікае пытанне, хто будзе ўзначальваць парламенцкі камітэт па прамысловасці. І па сельскай гаспадарцы. І па абароне. І шмат яшчэ па якіх пытаннях. Гэта пры тым, што ў сумленнасці і прыстойнасці вясельнага фатографа я не сумняваюся ні хвіліну (як, зрэшты, і Соня Кошкіна не сумняваецца). Але хаця б нейкая кваліфікацыя быць павінна!

Уладзімір Зяленскі на выбарчым участку. Фота belsat.eu

І тут аказваецца, што не ўсё так дрэнна. Ёсць у Вярхоўнай Радзе і былыя члены ўрада, і дэпутаты з вялікім стажам, і дырэктары буйных прадпрыемстваў, і алігархі, і дыпламаты, і г.д., і т.п. Але – у апазіцыйных партыях! А значыць, іх экспертыза, якой бы разумнай яна ні была, будзе ўпірацца ў іх апазіцыйны статус: маўляў, неееее, рабяткі, гэта вы нашаму прэзідэнту хочаце нашкодзіць! А мы вось тут на злосць вам прымем у той рэдакцыі, якую ён прапанаваў! Фармальна, атрымліваецца, усё выканана, а па сутнасці – да чаго прыйшлі?

Украінскі парламент.
Фота: REUTERS / Valentyn Ogirenko / Forum

Тут нядаўна ўсё бурна радаваліся званку Уладзіміра Зяленскага мэру Кіева Віталю Клічко. Ліха Уладзімір Аляксандравіч патэлефанаваў былому баксёру і адправіў яго ў накаўт: маўляў, спадар мэр, вы тут не разлічваецеся з «ЮжМашам» за пастаўленыя Кіеву трамваі – так ганіце грошыкі! Ну, «ЮжМаш» раней ракеты вырабляў, але яны сёння суверэннай Украіне не надта патрэбныя, а на сусветныя рынкі іх не пускаюць. У выніку гіганцкае абароннае прадпрыемства, на чале якога некалі стаяў Леанід Кучма, кляпае трамваі нізкай якасці, якія кіеўскае кіраўніцтва ніяк не задавальняюць. Сталіца патрабуе выпраўлення недапрацовак. «ЮжМаш» ператварыць трамвай у якасную ракету, верагодна, мог бы, але з трамваем як такім яму справіцца цяжка. Ён скардзіцца прэзідэнту. Прэзідэнт стварае з праблемы шоу (мы ўсе праз гэта кожныя тры месяцы праходзім, так што ўкраінцам можам шчыра паспачуваць). Ні трамваі ад гэтага лепш не стануць, ні грошай у «ЮжМаш» не дадасца. На жаль, такая логіка жыцця і эканомікі.

Але палітычная логіка іншая. Хто ў нас граданачальнік? Ляпкін-Цяпкін? А падаць сюды Ляпкіна-Цяпкіна. Цяп па Ляпкіну, хрась па Цяпкіну. Народ шчаслівы.

Я вельмі хачу, каб у ўкраінцаў усё атрымалася. Але трамваі пакуль не атрымліваюцца. Паглядзім на Вярхоўную Раду. Можа, з ёй будзе лепш. А можа і не будзе.

Аляксандр Фядута/ИР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў