Алег Волчак пра сведчанні байца, які распраўляўся з апанентамі Лукашэнкі: 99 % – праўда


«Deutche Welle» паразмаўляла з Юрыем Гараўскім, які сцвярджае, што 20 гадоў таму меў дачыненне да знікнення Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

Паводле праваабаронцы Алега Волчака, 99 % словаў Гараўскага згодныя з тым, што сам Волчак расследаваў раней.

«Ён пацвердзіў механізм грамадзянскай камісіі, якая расследавала абставіны знікнення Захаранкі і Ганчара. Толькі пацвердзіў ён схему не як праваабаронцы, а як выканаўца. Гэта важна, бо ён пацвердзіў і даклад былога адмысловага спавяшчальніка Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы пра Беларусь Хрыстаса Пургурыдыса, паказанні іншых праваабаронцаў. Усё супадае».

На думку Волчака, Менск будзе маўчаць у справе знікненняў апанентаў Лукашэнкі, як і раней.

«Могуць гэта пракаментаваць, толькі калі ў Еўразвязе папросяць даць тлумачэнні. У Беларусі рэалізуецца шмат еўрапейскіх грантаў у ахове мяжы, ахове здароўя, экалогіі. Грошы з бюджэту ЕЗ не могуць ісці, пакуль не высвятляцца гэтыя абставіны».

Журналісты нямецкага выдання паразмаўлялі з чалавекам, які называе сябе былым байцом беларускага Спецатраду хуткага рэагавання Юрыем Гараўскім. Мужчына заяўляе, што ўвесну 1999 года байцы спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі выкралі і забілі экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранку, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазіцыю.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў