Алег Волчак: Лукашэнкавы «людзі з аўтаматамі» працавалі не толькі па бандытах


Алег Волчак

Падчас выступу з пасланнем да народу і парламенту Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў сярэдзіне 90-х гадоў дасылаў сваіх «людзей з аўтаматамі» ліквідаваць асобных людзей.

«Хочаце, каб было як на пачатку маёй прэзідэнцкай кар’еры, калі я накіроўваў купку людзей з аўтаматамі, каб перастралялі ўсіх бандытаў на трасе Берлін-Масква?», – сказаў ён.

Каментуе былы следчы, юрыст і праваабаронца Алег Волчак:

«Лукашэнка ўзяў сабе права на пазасудовыя расправы. Як прэзідэнт ён не мог аддаваць такіх камандаў, «перастраляць» кагосьці. Гэта парушэнне ўсіх судовых працэсаў, чысты бандытызм – распраўляцца з людзьмі, як у Паўднёвай Амерыцы. Для цывілізаванага свету гэта выглядае ненармальна і злачынна. Магчыма, гаворка пра тых жа асобаў, якія маюць дачыненне да выкрадання Захаранкі, Ганчара і іншых. Пра тых жа, хто збіваў да крыві кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе. Так што »людзі з аўтаматамі« правалі не толькі па бандытах».

***

На пачатку 2000-х гадоў, пасля знікнення экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, экс-старшыні ЦВК Віктара Ганчара, бізнесоўца Анатоля Красоўскага і аператара Змітра Завадскага, грамадскасці стала вядома пра гэтак званыя «эскадроны смерці» – групу асобаў, што ліквідавала апанентаў Лукашэнку. Сярод іншых, у датычнасці да «эскадронаў» падазраюць былога камандзіра спецназу Дзмітрыя Паўлічэнку, а таксама цяперашняга кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта Віктара Шэймана – яны дагэтуль застаюцца пад санкцыямі Захаду і неўязнымі ў Еўразвяз.

У той час у незалежнай прэсе таксама з’яўлялася інфармацыя аб тым, што «эскадроны» маглі ліквідаваць і вядомых крымінальнікаў. Напрыклад, крымінальнага аўтарытэта па мянушцы Шчаўлік.

Падрабязна пра «эскадроны смерці» распавядаецца ў дакументальным фільме «Банда»:

Глядзі таксама
Каментары