Алег Трусаў: «Гвалт» – любімае слова кіраўніка дзяржавы»


Што трэба, каб на прэзідэнцкіх выбарах перамагла Алена Анісім? Як захаваць незалежнасць і супрацьстаяць Расеі? На што кіраўнік дзяржавы «пакрыўдзіўся на ўсё жыццё»? Былы дэпутат і папярэдні старшыня ТБМ Алег Трусаў раскрывае карты.

«Дэсант ТБМ» у складзе Алены Анісім, Алега Трусава і Паўла Церашковіча высадзіўся ў Горадні ў рамках штотыднёвых курсаў «Мова Нанова». Пачынаўся занятак, па традыцыі, з разгадвання беларускіх назваў кветачак і філалагічных рэбусаў, а скончыўся – Пуціным і Данбасам.

Алег Трусаў, Алена Анісім, Павел Церашковіч.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Пані Алена, якая ўжо заявіла пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, прамаўляла небагата, не дужа голасна і павольна. Часцей ініцыятыву ў рукі браў аратар са стажам, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Алег Трусаў, які зусім нядаўна пабываў на «Вялікай размове» у Лукашэнкі. Мы вырашылі сабраць асноўныя «сакавіцкія тэзісы» Алега Анатольевіча.

«Прынцып Расеі – ардынскі»

«Прынцып Расейскай дзяржавы – імперскі, ардынскі. Трэба дакладна ведаць гісторыю імперыі, тады з ёй можна суіснаваць. Калі не ведаеш – яна цябе заваюе і знішчыць. Бо закон імперыі – гэта распаўсюджванне далей і далей. Адзіны цар, які не паваяваў – гэта Аляксандр ІІІ. Не паспеў паваяваць, затое ўступіў у Антанту… Астатнія – гэта вайна».

«Масква слязам не верыць»

Як толькі пуцінская Расея ўзнікла, яны без вайны жыць не могуць. Вось вам Абхазія, Асетыя, Крым, Данбас. А зараз ужо і Беларусь час забраць. Гэта імперыя! Яна працуе па сваіх законах. Калі яна не распаўсюджваецца, яна загнівае і развальваецца. Гэта трэба ведаць, а таксама ведаць, як з імі весці стасункі, бо, як яны самі кажуць, «Масква слязам не верыць».

Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«Фіны вытрымалі тры вайны з СССР і захавалі дабрабыт»

«Разам з тым, нават невялікія краіны могуць захаваць незалежнасць. Прыклад – Фінляндыя. Тры савецка-фінскіх вайны! Фіны страцілі дзясятую частку тэрыторыі, але захавалі незалежнасць і дабрабыт. Зараз сістэма адукацыі Фінляндыі лепшая ў свеце. Краіна невялікая, людзей там менш, чым у Беларусі. Але ж вытрымала тры вайны і захавалася!»

«Кіраўнік паказаў, што можа»

«Шостага [сакавіка. – Belsat.eu] я быў на прыёме ў міністра юстыцыі. Цудоўна валодае беларускай мовай! Са мной размаўляў па-беларуску. Гэта яшчэ раз сведчыць, што беларусы гавораць на мове начальніка. І калі я папрасіў кіраўніка [Лукашэнку падчас «Вялікай размовы». – Belsat.eu] не раз на год выступаць па-беларуску, а разоў 10-15, вы чулі ягоны адказ… Але пасля ён пачаў у размове слоўцы і нават цэлыя сказы ўстаўляць па-беларуску! Паказаў, што можа».

«Гвалт» – любімае слова кіраўніка дзяржавы»

«Гвалт» – гэта любімае слова кіраўніка дзяржавы. Ён яго ўжывае і ў Маскве, і дзе заўгодна… Пры гэтым, такое слова, якое ў Маскве ніхто не разумее (смяецца). Бо яно тыповае беларускае, прыйшло да нас з нямецкай мовы праз ідыш.

Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«Размаўляйце на кухні і будзем «у шакаладзе»

Самая галоўная падколка кіраўніка ў мой бок і Голубева была якая? Вось, маўляў, яны па-руску на кухні размаўляюць! Дык вось, калі мы ўсе з вамі на кухні пачнем размаўляць па-беларуску, то мы пераможам. Дай Бог нам гэтага дасягнуць! Дасягнем – будзем «у шакаладзе».

«Пішыце ў Літоўскую амбасаду!»

«Наконт помніка Каліноўскаму ў Вільні і беларускамоўнага надпісу – мы, канешне, звяртацца будзем. Але наша праблема, усіх беларусаў, мы звыкліся, што нехта за нас зробіць. Нехта напіша, пенсію дасць вялікую… Калі ўсе прысутныя тут напішуць ліст у Літоўскую амбасаду – шанцу будзе на 10%, а калі некалькі тысяч – то 100%! Важна не думка дзяржавы, а нашая з вамі».

«І Макей прачнецца, і іншыя…»

«Можна пісаць электронныя петыцыі літоўцам – гэта зараз модна. Можна звычайным лістом прэзідэнту Літвы… але гэта дорага, хіба рублёў пяць абыдзецца. У амбасаду – 50 капеек каштуе. Добра ведаю літоўцаў: яны над намі троху здзекуюцца! З гумарам ставяцца. Для іх КаліноўскіКостас Калінаўскас… Але я ўпэўнены, што калі петыцыя будзе, то і Макей прачнецца, і іншыя».

Алег Трусаў.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«Праз 50 год загаворым па-беларуску. Усё будзе добра!»

«Мяккая беларусізацыя» адбываецца дзякуючы нам з вамі. Дзяржава наўпрост менш робіць альбо робіць так, што даводзіцца перарабляць. За 28 год незалежнасці наўпрост нарадзілася новае пакаленне маладых людзей, якія ганарацца, што размаўляюць па-беларуску. Іх дзяды былі калгаснікамі, а яны ўжо не. Але сапраўдная гарадская інтэлігенцыя бывае адно ў пятым пакаленні, то бок нам яшчэ гадоў 50, каб усе загаварылі па-беларуску. Мы не дажывем, дык дзеці дажывуць. Усё будзе добра!

«Калі б кіраўнік убачыў страшны сон і загаварыў па-беларуску…»

«Калі б кіраўнік, напрыклад, убачыў уначы страшны сон і раптам загаварыў па-беларуску – назаўтра ўсе б ужо размаўлялі па-беларуску! Калі раней ці пазней мы выберам беларускамоўнага прэзідэнта – так і будзе. Закон [пра дзяржаўныя мовы. – Belsat.eu] добры, ім наўпрост трэба ўмець карыстацца».

Алег Трусаў і Алена Анісім.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«Нашы салдаты лепшыя за расейскіх»

«Нашы салдаты і афіцэры лепшыя, чым расейскія. Вайну за вызваленне Балгарыі выйгралі беларусы, ад фельдмаршала да Мінскага пяхотнага палка. Хто браў Ізмаіл? Полацкі мушкетны полк з бел-чырвона-белымі бантамі. Хто браў Кабул? Віцебская дэсантная дывізія. Чаму яны [Расея. – Belsat.eu] хочуць Беларусь і Украіну забраць? Бо без нас яны не могуць ваяваць. Расейская імперыя без нас існаваць не можа. Таму любым коштам ім трэба зноў нас забраць, каб зноў пасылаць на ўсе войны…»

«Ніякі Гітлер такога не мог уявіць!»

«Дзе толькі беларусы не ваявалі за савецкім часам? В’етнам, Карэя, Афганістан. Ва ўсіх канфліктах мы былі, бо нашыя салдаты і афіцэры дысцыплінаваныя, слухаюць начальства, не ўцякаюць, не здаюцца ў палон тысячамі… У 1941 годзе немцам здалося ў палон 4 000 000 савецкіх салдат і афіцэраў. Уявіце! Чаму яны з голаду паміралі? Бо немцу не было чым іх карміць. Яны ж не думалі, што 4 000 000 прыйдуць і здадуцца («Палова Беларусі», – шэпча нехта ў залі. – Belsat.eu). Ніякі Гітлер такога не мог уявіць!»

Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«Таццяна Караткевіч – усё, паплыла…»

«Таццяна – таксама сябар ТБМ. Я з ёй сустрэўся [перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года. – Belsat.eu] і папрасіў, каб яна ўключыла пункт пра нацыянальны ўніверсітэт у праграму. Яна ўключыла. Потым я ёй казаў: «Вядзі кампанію па-беларуску!» І тут яна – усё… Два словы сказала і паплыла. Апынулася, што чалавек у гэтым сэнсе слабаваты».

«Не важна, што там Ярмошына будзе лічыць!»

Што трэба, каб перамагла Алена Анісім? Трэба сумленна нам усім сабраць 100 000 подпісаў, паказаць іх у інтэрнэце, што яны не спісаныя з могілак і тэлефонных даведнікаў. Гэта перамога! І не важна, як там Ярмошына будзе лічыць! Яна атрымлівае тэлевізар, газету, надыходзіць «момант Х» і ў нас нармальны кандыдат у прэзідэнты!

Паглядзіце на Украіну, дзе Цімашэнка трэці раз вылучаецца на прэзідэнта: шанцы ў яе вялікія. Яна не ўцякла з поля бою пасля першага разу. Такіх маса варыянтаў, калі чалавек стае прэзідэнтам пасля трэцяга ці пятага разу. Для нас якая мэта? Правесці кампанію па-беларуску і паказаць свету, што мы ёсць. А галасы хай лічаць, як хочуць, нам пляваць, што яны там напішуць.

Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«Думалі ён такі, а ён «чыжыка з’еў»»

З аднаго боку нам вельмі не пашанцавала [з Лукашэнкам. – Belsat.eu], а з іншага – вельмі пашанцавала. Калі чалавек не стаў кіраўніком Саюзнай дзяржавы ў Крамлі, ён вельмі пакрыўдзіўся на ўсё жыццё. Па-другое, зразумеў, як добра быць кіраўніком хай і невялікай, але незалежнай дзяржавы. Толькі на адзіную валюту ён браў тры разы крэдыты: у выніку выдалі грошы, падобныя да еўра. Думалі, ён такі, а ён «чыжыка з’еў», як пісаў Салтыкоў-Шчадрын.

«Мова – адзіная зброя»

«Калі страцім мову – Расея прыйдзе сама сабою. Нашы дзеці з вялікім задавальненнем туды ўвойдуць і будуць з кветкамі сустракаць расейскія танкі. Таму мова – адзіная зброя, якая нас трымае! Калі мову адродзім, то нават часовая акупацыя скончыцца вызваленнем. Літоўцы за часамі СССР сталі яшчэ мацнейшымі. Увайшлі ў Саюз маленькімі, а выйшлі – з Вільняй, Клайпедай і Куршскай касой! Без вайны – толькі дзякуючы мове. А калі мовы няма – усё…»

АК, фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Стужка навінаў