Алег Гайдукевіч зняўся з прэзідэнцкіх выбараў


Аб гэтым ён заявіў падчас сваёй прэс-канферэнцыі, піша TUT.by.

Алег Гайдукевіч вырашыў зняць сваю кандыдатуру з прэзідэнцкіх выбараў. Аб гэтым ён заявіў на сваёй прэс-канферэнцыі.

Ён адзначыў, што лічыць сябе «самым сур’ёзным палітыкам з усіх палітычных партыяў Беларусі».

«Для мяне прэзідэнцкія выбары – працэс, які мусіць абʼяднаць краіну, а не разʼяднаць. У гэтай сітуацыі мае палітычныя амбіцыі саступаюць сітуацыі ў краіне», – сказаў ён.

Гайдукевіч падкрэсліў, што ужо сабраныя 30 тысячаў подпісаў за сябе ён перадаў Лукашэнку. За якога ж заклікае галасаваць, бо той з’яўляецца адзіным гарантам адзінства Беларусі.

«Я заклікаю ўсіх пайсці на выбары і прагаласаваць за дзейнага прэзідэнта. Я не магу быць прастытуткай, я буду адстойваць свае перакананні», – зазначыў лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Алег Гайдукевіч сцвярджае, што прыняў рашэнне зняць сваю кандыдатуру яшчэ ў панядзелак, аднак не здолеў так хутка спыніць збор подпісаў. Ён не сыходзіць з выбарчай кампаніі цалкам, застаецца ў ёй, але будзе граць іншую ролю. На пытанне, ці будзе гэта роля даверанай асобы Лукашэнкі, ён не адказаў.

«Я не буду граць ролю, якую хтосьці мне дзесьці вызначыў. Я буду дзейнічаць, сыходзячы з інтарэсаў краіны і інтарэсаў партыі».

Гэтая прэзідэнцкая кампанія – першая для Гайдукевіча-малодшага. Аднак ягоны айцец Сяргей Гайдукевіч браў удзел у выбарах 2001, 2006 і 2015 гадоў.

Сёлета ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты. Збор подпісаў працягнецца да 19 чэрвеня. А самі прэзідэнцкія выбары адбудуцца 9 жніўня.

КТ Belsat.eu

Стужка навінаў