Актывісты SERB разграмілі мемарыял Нямцова і забралі вянок ад дарадцы прэзідэнта ЗША


Актывісты радыкальнага руху SERB учынілі напад на стыхійны мемарыял палітыка Барыса Нямцова на Вялікім маскварэцкім мосце, на тым месцы, дзе быў забіты палітык. Вандалы парвалі вянок, які ўсклаў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан.

Народны мемарыял не ў першыню стаў аб’ектам нападу вандалаў руху SERB, які прапагандуе адзінства рускага міру. Пры гэтым іх дзеянні застаюцца беспакаранымі. Зрэшты, і гэтым разам на заклікі абаронцы мемарыялу Рыгора Самсонава, які быў на мосце падчас акту вандалізму SERB, паліцыя, што знаходзілася побач, ніяк не адрэагавала.

«Сярод нападнікаў былі Ігар Бекетаў, вядомы як Гоша Тарасевіч. Вандалы падышлі да мемарыялу пачалі раскідваць вянкі, парвалі партрэт Нямцова і вянок, які ўсклаў Джон Болтан. Я пачаў клікаць на дапамогу, звярнуўся да паліцэйскага, а ён адказаў, што цяпер мяне ў дурдом адправіць», – распавёў Самсонаў выданню «Ъ».

Барыс Нямцоў быў забіты 27 лютага 2015 году. У ліпені 2017 году да 20 гадоў калоніі строгага рэжыму за забойства быў асуджаны Заур Дадаеў. Але, на думку сваякоў Нямцова, сапраўдны арганізатар забойства дагэтуль знаходзіцца на волі.

На месцы забойства палітыка арганізаваны народны мемарыял. На працягу амаль трох гадоў на мосце выстаўлены кветкі і партрэты Нямцова. На ім заўсёды дзяжураць актывісты.

Hавiны
Не толькі Нямцоў. Крывавы след пуцінскай Расеі
2015.03.02 22:10

СК, belsat.eu

Стужка навінаў