Актывістку, збітую міліцыянтамі ў Чыгуначным РАУСе Віцебску, адпусцілі да абвешчання прысуду


Ноч Надзею Куканос трымалі ў ІЧУ і сёння прывезлі ў суд.

На пасяджэнне прыехалі і міліцыянты, якія збівалі актывістку. Яны меліся выступаць у якасці сведкаў. Адзін з іх – маёр Кацкевіч. Менавіта ён пачынаў збіццё, распавёў «Белсату» старшыня генеральнага савету па стварэнні МГА «За сумленную ўладу» Пётр Іваноў.

«Гэтую інфармацыю перадала Надзея. На ўмовы ўтрымання ў ІЧУ яна не скардзілася, гаварыла, што абыходзіліся добра. Далі туалетную паперу, пакармілі. Але забралі два тэлефоны, дыктафон, на якім быў аўдыёзапіс збіцця, нічога не аддалі», – распавядае Пётр Іваноў.

Актывістку судзяць паводле двух артыкулаў КААП 23.4 і 23.5 (непадпарадкаванне і абразу супрацоўнікаў праваахоўных органаў).

Надзея Куканос не мела магчымасці азнаёміцца са справай, таму заявіла хадайніцтва аб азнаямленні з дакументамі. Суддзя пайшла насустрач і абʼявіла перапынак да 9 чэрвеня. Суд адбудзецца а 9:30.

Цяпер актывістка дрэнна сябе адчувае.

«У яе перабінтавана рука. У шпіталі прыбор паказаў, што яна цвярозая, але дактары і так абавязалі яе здаць кроў, але пра вынікі не паведамілі», – кажа Пётр Іваноў.

5 чэрвеня Надзею Куканос збілі міліцыянты ў Чыгуначным РАУСе. Раней жанчына стала сведкаю чарговага выпадку міліцэйскага бязмежжа: зняла на відэа, як супрацоўнікі праваахоўных органаў збівалі людзей на вуліцы, а ў пастарунак прыйшла даведацца, што з ейнаю заяваю.

ДР  belsat.eu

Стужка навінаў