Актывістку, якая выйшла з плакатам «Самі вы падробка» да будынкаў МУС і КДБ, будуць судзіць


На Віку Біран пасля публікацыі фатаграфіяў склалі пратакол за правядзенне «масавага мерапрыемства – адзіночнага пікету». Дзяўчына адмовілася даваць тлумачэнні.

Актывістка піша, што акрамя падтрымання яна атрымала вялікую колькасць негатыўных каментароў.

«Здаецца, мяне ўсё роўна б не зразумелі. Хто такія «ЛГБТ» прасілі растлумачыць, хто такія »трансгендэры«. У кабінеце маёр зачытваў артыкул Citydog. Гаварыў пра сям’ю, дзяцей, сямейныя каштоўнасці, называў «нібыта лесбіянкай». У пратаколе напісана: »Прыняла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – пікетаванні, які праводзіцца без дазволу Менгарвыканкаму з мэтай выказвання свайго асабістага стаўлення да ЛГБТ-супольнасці, што выразілася ў публічнай дэманстрацыі плаката з надпісам «Самі вы падробка».

Віка дадае, што ў міліцыі ёсць спецыяльныя людзі, якія кожную раніцу праглядаюць стужкі навінаў і паведамляюць начальству, дзе і каго трэба праверыць.

«На сустрэчы была з адвакатам, таму яны былі даволі стрыманымі. Аднак было бачна, што калі б не было адваката, ён бы іншыя фармулёўкі падбіраў», – распавяла Віка Біран belsat.eu.

Актывістка ЛГБТ-руху Віка Біран сфатаграфавалася ля будынкаў МУС, КДБ і Дома ўраду з плакатам «Самі вы падробка» ў знак пратэсту супраць гамафобскай заявы Міністэрства ўнутраных справаў. Віка адзначала, што ейныя дзеянні складана назваць пікетамі, бо яна была каля будынкаў МУС, КДБ і Дома ўраду нядоўга – разгарнула плакат, зрабіла фота і пайшла ў іншае месца.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў