Актывістку Партыі БНФ судзілі за акцыю, якой не было


У сераду, 11 ліпеня, суд Маладзечанскага раёну разгледзеў адміністратыўную справу ў дачыненні да сябры сойму Партыі БНФ Вольгі Лагвіновіч, якая была абвінавачаная ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі «Астравецкі шлях» 26 траўня ў Заслаўі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Партыі БНФ.

Асаблівасцю разгледжанай судом справы было тое, што масавай акцыі 26 траўня ў Заслаўі фактычна не было – арганізатары падавалі мясцовым уладам заяўку на правядзенне мітынгу, прысвечанага наступствам аварыі на Чарнобыльскай АЭС і пагрозам, звязаным з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы. Аднак дазволу на правядзенне акцыі мясцовыя ўлады не далі.

Таму акцыя складалася з наведвання памятных месцаў гораду з расповедамі пра гісторыю Заслаўя і круглага стала па атамнай праблематыцы. Агулам былі задзейнічаныя каля двух дзясяткаў палітыкаў і грамадскіх актывістаў. Аднак міліцыянты ўсё роўна склалі пратаколы за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» паводле артыкулу 23.34 КоАП у дачыненні да ўдзельнікаў круглага стала: Вольгі Лагвіновіч, Яна Лагвіновіча, Ігара Лялькова, Вячаслава Сіўчыка, Марыны Найдзіч, Змітра Кучука.

Суд Маладзечанскага раёну прызнаў сябра Сойму Партыі БНФ Вольгу Лагвіновіч вінаватай у парушэнні парадку правядзення масавых акцыяў і прысудзіў ёй адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе папярэджання.

ІІ, belsat.eu, паводле narodny.org

Стужка навінаў