Актывіста Мікалая Дзядка аштрафавалі за акцыю «Свабоду палітвязням»


Суд Цэнтральнага раёну Менску 6 сакавіка прызнаў актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка вінаватым у адміністратыўным правапарушэнні паводле арт. 23.34 КаАП («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») і пакараў яго штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (637,5 рублёў).

Падставаю для пераследу стала акцыя «Свабоду палітвязням», што прайшла на Кастрычніцкай плошчы 26 лютага.

Мікалай Дзядок прызнаў, што ўдзельнічаў у акцыі «Свабоду палітвязням» 26 лютага ў Менску, але не прызнаў сябе вінаватым, бо лічыць закон «Аб масавых мерапрыемствах» рэпрэсіўным. Ён таксама лічыць, што яго дзеянні не насілі гвалтоўнага характару, аднак «столькі сілаў міліцыянераў было кінута на яго, што гэта нават абсурдна».

Мікалая Дзядка затрымалі раніцай 4 сакавіка і больш за двое содняў ён прабыў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Затрыманне адбылося адразу пасля выхаду з будынку суда Фрунзенскага раёну, дзе яго пакаралі штрафам у памеры 50 базавых велічыняў за стары допіс у сацсетках, які суд палічыў экстрэмісцкім.

Пасьля адміністрацыйнага выраку (штраф) затрымалі майго студэнта Mikola Dziadok.Затрымлівалі тыя, хто пісаў рапарт-данос па папярэдняй справе

Opublikowany przez Aleś Łahvińca Poniedziałek, 4 marca 2019

Нагадаем, 1 сакавіка астатніх удзельнікаў акцыі «Свабоду палітвязням» асудзілі да буйных штрафаў, а арганізатара Паўла Севярынца – да 10 содняў арышту.

ІІ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў