Актуальныя кнігі гэтага лета. Што пачытаць пра пратэсты, рэвалюцыі і дыктатараў


Лета 2020 выдалася гарачым. Аўтар Belsat.eu падрыхтаваў тэматычную падборку для аматараў чытання, якія цікавяцца сацыяльнымі і палітычнымі працэсамі. Усе гэтыя кнігі легальна даступныя ў кнігарнях або інтэрнэце.

Джын Шарп «Ад дыктатуры да дэмакратыі. Стратэгія і тактыка вызвалення»

Кніга знакамітага тэарэтыка негвалтоўнай барацьбы з дыктатарскімі рэжымамі. Аўтар таксама разглядае пытанне адносна ўсталявання ўстойлівай і доўгатэрміновай дэмакратыі, то бок, каб замест мінулай дыктатуры не была ўсталявана новая. Гэтую кнігу Шарп напісаў па звароце аднаго з дзеячаў Бірмы.

Жаночы марш салідарнасці. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

Джын Шарп «198 метадаў негвалтоўнага дзеяння»

Пэўна адна з самых вядомых у свеце кніг Шарпа пра змаганне з дыктатурамі. Як зразумела з назвы кнігі, ён прыводзіць лаканічныя і канкрэтныя практыкі супраціву. Сярод такіх прыводзяцца як класічныя варыянты ўлётак, супольных петыцый, карыкатур, гэтак і надпісы ў паветры, распрананні ў знак пратэсту і гумарыстычныя пародыі. Кніга фактычна з’яўляецца практычным дапаможнікам, якую тыражуюць і распаўсюджваюць бясплатна, у тым ліку, у сеціве.

Мікал Хем «Быць дыктатарам. Практычнае кіраўніцтва»

Каб змагацца з дыктатарам, трэба думаць, як дыктатар. Дадзеная кніга ў большай ступені з’яўляецца пазнавальным чытвом, чым спісам парадаў па пратэстах. Палітычны журналіст Мікал Хем на канкрэтных прыкладах разглядае розныя аспекты дыктатуры і асобы дыктатара.

Жаночы марш салідарнасці. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

Генры Тора «Грамадзянская непадпарадкаванне»

Кніга амерыканскага філосафа і публіцыста XIX ст. Генры Тора, які з’яўляецца аўтарам канцэпцыі грамадзянскага непадпарадкавання негвалтоўнымі метадамі, сярод якіх, напрыклад нясплата падаткаў. Ён прыводзіць прыклады як індывідуальных пратэстаў, гэтак і супольных рэвалюцый. Ягоная кніга натхніла многіх дзеячаў, сярод якіх і Магатма Гандзі.

Магатма Гандзі «Рэвалюцыя без гвалту»

Калі ўжо ўзгадалі Магатму Гандзі, варта звярнуцца яшчэ да аднаго класічнага тэксту. Натуральна, гэтая кніга значна шырэй, чым дапаможнік з пералікам спосабаў пратэстаў. Гэта хутчэй тэарэтычны і аўтабіяграфічны тэкст, дзе большае месца займае філасофія, ідэалогія ды ўласна вопыт самога Гандзі.

Жаночы марш салідарнасці. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

Ханна Арэнт «Пра рэвалюцыю»

Кніга знакамітага філосафа і палітычнага тэарэтыка Ханны Арэнт з’яўляецца фундаментальным тэкстам, які разглядае рэвалюцыю з філасофскіх і грамадска-палітычных пазіцый у кантэксце войнаў, таталітарызму, гвалту і палітычных працэсаў XX с., удзельніцай і сведкам якіх яна была.

Малапартэ Курцыо «Тэхніка дзяржаўнага перавароту»

Кніга вядомага італьянскага журналіста і пісьменніка была напісаная яшчэ ў 30-х гадах XX стагоддзя ды з’яўляецца аналізам бунтаў, пераваротаў і рэвалюцый, на падставе якога аўтар выпрацоўвае сваё ўласнае бачанне і канцэпцыю дзяржаўных пераваротаў.

Жаночы марш салідарнасці. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

Джэк Голдстаўн «Рэвалюцыя. Вельмі кароткія ўводзіны»

Аўтарам кнігі з даволі прышпільнай назвай з’яўляецца сучасны амерыканскі сацыёлаг, палітолаг і эксперта ў сферы тэорыі рэвалюцый. У кнізе ён аналізуе не толькі тэарэтычныя канцэпцыі рэвалюцый, але і канкрэтныя прыклады як мінулага, гэтак і сучасных рэвалюцый, ды прадстаўляе ўласную шматаспектную тэорыю.

Джэймс Джаспер «Мастацтва маральнага пратэсту»

Прафесар Прынстана аналізуе менавіта асабісты аспект пратэсту. Аўтар, з аднаго боку, разглядае сацыяльныя падзеі ў кантэксце індывідуума і ягонага «я», а з іншага – ролю асобнага чалавека ў вялікіх сацыяльных падзеях.

Кірыл Стаселька Belsat.eu

Стужка навінаў