Акцыя дзеля падтрымання незалежнасці прайшла ў Горадні

Ланцуг дзеля абароны незалежнасці ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Жывы ланцуг дзеля абароны незалежнасці зладзілі гарадзенцы на Старым мосце праз Нёман. Каля сотні людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі ўзяліся за рукі, каб выказаць адмоўнае стаўленне да аб’яднання з Расеяй.

«Жыве Беларусь!» «Незалежнасць!» «Ніякіх саюзаў з Расеяй!» – такія воклічы луналі ў нядзелю на мосце праз Нёман. У такт удзельнікам акцыі адгукаліся кіроўцы аўто, што праязджалі побач. Рэй пратэсту вёў сталы ўдзельнік вулічных акцыяў у горадзе Мікалай Салянік:

«Нам не патрэбная галеча, нам не патрэбныя такія саюзы! Усю адказнасць за акцыю я бяру на сябе. Хай арыштоўваюць, хай робяць, што хочуць. Хутка маюць падыйсці мае родныя сюды… Мы не баімся, бо гэта наша зямля і робім мы гэта для нашых дзяцей!»

Мікалай Салянік. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Акцыю здымалі на відэа некалькі супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным. Афіцэр МУС у форме прайшоўся ўздоўж шыхта мітынгоўцаў, каб абвесціць, што акцыя несанкцыянаваная, а ўдзельнікі могуць быць прыцягнутыя да адміністратыўнай ці крымінальнай адказнасці. Людзі адказалі пытаннямі: «А чаму не па-беларуску? Размаўляйце на сваёй мове!»

Ланцуг дзеля абароны незалежнасці ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Прыкладна праз паў гадзіны людзі калонай спусціліся да берагу Нёмна, каб спусціць на ваду сімвалічнае пасланне кіраўнікам Расеі і Беларусі, якія маюць сустрэцца 20-га чысла. Задума ў тым, што Нёман упадае ў Балтыйскае мора, а там і да Пецярбурга недалёка – так пасланне мае дайсці ў Расею.

Супрацоўнікі спецслужбаў на акцыі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Такім чынам мы даслалі рэзалюцыю ад імя гарадзенцаў, у якой патрабуем скасавання саюзных дамоваў, – патлумачыў намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, – Рэзалюцыю мы напісалі па-расейску і па-беларуску. Заўважу, што гэта зварот не ад партыі ці арганізацыі, але ад жыхароў нашага гораду».

Ланцуг дзеля абароны незалежнасці ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Ланцуг дзеля абароны незалежнасці ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Напрыканцы акцыі арганізатары анансавалі бліжэйшую вулічную акцыю ў Менску, якая мае прайсці 20-га снежня. Нагадаем таксама, што Горадня – першы пасля Менску беларускі горад, дзе прайшла масавая акцыя ў падтрымку незалежнасці і супраць інтэграцыі з Расеяй.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны