Акцыя супраць будаўніцтва заводу АКБ у Берасці завершылася шэсцем


Пасля традыцыйнага кармлення галубоў на цэнтральнай плошчы ў Берасці, мітынгоўцы моўчкі прайшлі па пешаходнай вуліцы Савецкая да кінатэатру «Беларусь», каля якога па іх просьбе ўключылі кавер на песню «Жыць».

Паводле праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, на традыцыйную нядзельную акцыю выйшла каля 200 асобаў. Гараджане традыцыйнае кармілі галубоў на знак пратэсту супраць будаўніцтва побач з горадам акумулятарнага заводу, паведамляе «Брэсцкая газета».

Упершыню за год пратэсту пасля кармлення галубоў на плошчы Леніна, людзі не разышліся па дамах, а прайшлі па вуліцы Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь», дзе нейкі час слухалі выступ вулічнага музыкі.

Потым па просьбе тых, хто сабраўся ён уключыў кавер на песню «Жыць», які лічыцца гімнам пратэстнага руху.

Упершыню кармленне галубоў на знак пратэсту супраць будаўніцтва заводу паблізу Берасця прайшло 4 сакавіка летась. Потым маўклівыя акцыі адбываюцца на плошчы Леніна кожную нядзелю. У розны час на іх прыходзіла ад 20 да больш за 250 асобаў.

Нягледзячы на ​​шматлікія заяўкі на правядзенне мітынгаў, пікетаў і дэманстрацыяў берасцейцам і жыхарам раёну дазволілі сабрацца і пратэставаць толькі аднойчы – мітынг «берасцейцы супраць свінцу» прайшоў 29 красавіка летась у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і сабраў каля 2000 асобаў.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў