Акцыі ў лякарнях і шахтах. 108-ы дзень пратэсту ў Беларусі


Пратэст медыкаў 24 лістапада

24 лістапада ў Беларусі падыходзіць да завяршэння 108-ы дзень паслявыбарнага пратэсту.

Акцыі пратэсту

Самым першым пратэстам сённяшняга дня можна лічыць адмову працаўніка «Беларуськалія» Аляксандра Клязовіча падымацца на паверхню з шахты. Уначы яго з шахты дасталі. Але іншых ад агульнанацыянальнай стачкі гэта не спыніла: сёння да яе далучыліся яшчэ шэсць чалавек – працаўнікі «Беларуськалію», ТАА «Пассат», «Ніва Холдынг», «Нафтану» і Менскага электратэхнічнага заводу.

А ўвечары свае акцыі зладзілі жыхары менскага кварталу «Вікторыя», мікрараёну «Усход», раёнаў шарыкападшыпнікавага заводу, універсаму «Беларусь» ды іншых мясцінаў Беларусі. У Віцебску паведамляецца пра затрыманні.

На свой пратэст выйшлі і лекары менскай Больніцы хуткай дапамогі. Яны пратэставалі супраць крымінальнай справы ў дачыненні да іхнага калегі Арцёма Сарокіна, які паведаміў журналістцы Кацярыне Барысевіч, што забіты Раман Бандарэнка быў абсалютна цвярозым. Аналагічныя акцыі правялі калегі Кацярыны Барысевіч з TUT.by, жыхары менскіх Грушаўкі і Кунцаўшчыны.

Рэпрэсіі супраць журналістаў

Самі Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч былі прызнаныя сёння арганізацыяй Amnesty International вязнямі сумлення. А нашых калегаў – журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якіх 15 лістапада затрымалі за стрым з плошчы Пераменаў, сёння прызналі палітвязняў.

Сярод тых, хто атрымаў такі статус таксама адзін з лідараў анархісцкага руху, блогер Мікола Дзядок. Агулам на гэты момант у Беларусі прызналі палітычнымі зняволенымі 143-х чалавек.

Увечары ж стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго нашага калегі, мужы Кацярыны Андрэевай – Ігара Ільяша. У чым яго вінавацяць, невядома.

Абноўлена
Затрыманы журналіст «Белсату» Ігар Ільяш, муж Кацярыны Андрэевай
2020.11.24 20:41

А ў Магілёве Аліне Скрабуновай, якая супрацоўнічае з «Белсатам», выпісалі штраф на 1350 рублёў.

Справы і страты «Белгазпрамбанку»

Таксама сёння стала вядома, што КДБ завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніцтва «Белгазпрамбанку», якая пачалася пасля таго, як Віктар Бабарыка, што кіраваў банкам 20 гадоў, заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Сам ён сваёй віны не прызнаў.

Лукашэнка на сустрэчы з новай кіраўніцай Белгазпрамбанку Надзеяй Ермаковай.
Фота: president.gov.by

«Белгазпрамбанк» жа пры новым кіраўніцтве ўжо страціў каля 1 млрд рублёў.

Міжнародная абстаноўка

Аляксандр Лукашэнка сёння падчас сустрэчы з замежнымі дыпламатамі анансаваў забарону ў Беларусі гераізацыі нацызму. Што маецца на ўвазе, невядома. Але раней Лукашэнка называў фашысцкім нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, пад якім сам жа прымаў першую прэзідэнцкую прысягу ў 1994 годзе.

Апроч таго, ён заявіў, што краіны Захаду спрабуюць падключыць Расею «з мэтай звяржэння дзейнага ладу». Зрабіў такую заяву Лукашэнка на падставе «жалезных фактаў».

Hавiны
Літва хоча паскорыць увядзенне санкцыяў супраць звязаных з Лукашэнкам кампаніяў
2020.11.24 16:40

А вось прэзідэнт суседняй Літвы Гітанас Наўседа падчас размовы са Святланай Ціханоўскай заклікаў Еўразвяз як мага хутчэй пашырыць санкцыі «шляхам унясення ў спіс устаноў і кампаніяў, якія датычныя да рэпрэсіяў і аказваюць фінансавую падтрымку рэжыму».

Онлайн-размова Святланы Ціханоўскай і Гітанаса Наўседы.
Фота: lrp.lt

У сваю чаргу Ціханоўская распавяла аб стварэнні цэнтру ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Літве, які займаецца зборам звестак пра злачынствы рэжыму. Наўседа падкрэсліў, што Літва падтрымае міжнароднае расследаванне злачынстваў супраць правоў чалавека.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў