Актор Яфрэмаў папрасіў прабачэння ў родных загінулага ў ДТЗ, але тыя адмовіліся іх прыняць


Расейскі актор Міхаіл Яфрэмаў папрасіў прабачэння ў сваякоў загінулага Сяргея Захарава. Актор таксама заявіў, што гатовы аказаць неабходную дапамогу. Відэазварот Яфрэмаў апублікаваў на YouTube-канале «Грамадзянін паэт».

Актор Міхаіл Яфрэмаў напісаў відэазварот у якім папрасіў прабачэння ў родных загінулага Сяргея Захарава.

«Ужо чатыры дні прайшло з гэтага праклятага панядзелку. Я не ведаў, што сказаць, ды і цяпер не ведаю. Не ведаю, як і якімі словамі прасіць прабачэння ў сям’і Сяргея Захарава. Але я ўсё роўна прашу, хоць ведаю, што не даруюць. Я, вядома, дапамагу ім усімі сродкамі, калі прымуць», – сказаў Міхаіл Яфрэмаў.

Актор таксама дадаў, што прапаноўвае сямʼі загінулага грошы, і гэта «не спроба адкупіцца».

Hавiны
Міхаіла Яфрэмава адправілі на хатні арышт за ДТЗ, у якім загінуў чалавек
2020.06.10 08:33

У сваю чаргу сямʼя Захарава не прыняла прабачэнні і адмовілася ад грошай.

«Прабачэнні сямʼёй дэ-факта не прынятыя. Калі спадар Яфрэмаў хоча зрабіць нейкі ўклад у барацьбу з пʼянствам за рулём – гэта яго асабістая ініцыятыва, але пра мірнае ўрэгуляванне казаць позна, і грашовую кампенсацыю, пра якую вялося ў відэа, мы не прымем», – працытаваў брата загінулага кіроўцы адвакат сямʼі Аляксандр Дабравінскі, паведамляе РБК.

Міхаіл Яфрэмаў цяпер пад хатнім арыштам. Артыкул, у межах якога супраць яго распачатая справа, прадугледжвае ад пяці да 12 гадоў пазбаўлення волі.

8 чэрвеня Міхаіл Яфрэмаў спрычыніўся да ДТЗ у цэнтры Масквы. Ягоны аўтамабіль вылецеў на сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў іншы аўтамабіль. Кіроўца патрапіў у шпіталь. Пазней Сяргей Захараў памёр. Вядома, што на момант здарэння актор знаходзіўся ў стане алкагольнага і наркатычнага апʼянення.

Міхаіл Яфрэмаў – адзін з найбольш знакамітых расейскіх артыстаў. Вядомы ён і тым, што не падтрымлівае афіцыйную палітыку Крамля.

Hавiны
Расейскаму актору Міхаілу Яфрэмаву пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі
2020.06.09 13:56

СК belsat.eu

Стужка навінаў