Актор віцебскага тэатру трапіў у рэанімацыю праз каронавірус. Яшчэ 11 актораў на бальнічным


Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску.
Фота: belsat.eu

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адмяніў спектаклі да 18 красавіка. Актор гэтага тэатру заразіўся каронавірусам, а адміністрацыя сцвярджае, што спектаклі паставілі на паўзу, бо на іх ніхто не ходзіць.

«Спектаклі адмянілі ў звязку з нізкай напаўняльнасцю залы. Людзі не ходзяць цяпер у тэатр. Квіткі прадаюцца слаба, а бывае, і наагул не прадаюцца. І гэта пайшло з сярэдзіны сакавіка. Таму пакуль, да 18 красавіка – рэпетыцыйны рэжым, а далей будзем глядзець на сітуацыю [на сайце тэатру бліжэйшы спектакль у рэпертуары запланаваны на 21 красавіка. – заўв. Belsat.eu]. Таму што кожны дзень – як новы», – паведаміў TUT.BY дырэктар тэатру Аляксандр Старых.

Фота адной са сцэнаў спектакля «Больніца на краі свету» (драматычная камедыя па п’есе Хрысты Бойчава). Спектакль з 2019 года паказваюць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа.
Фота: kolastheatre.by

У размове з TUT.BY Аляксандр Старых пацвердзіў, што адзін з актораў тэатру сапраўды знаходзіцца ў рэанімацыі з COVID-19.

«У яго запаленне лёгкіх, знаходзіцца ў рэанімацыі. Тэст на каронавірус у яго паказаў станоўчы вынік», – сказаў Аляксандр Старых.

Больніцы перапоўненыя

Жонка актора дазволіла «Нашай Ніве» апублікаваць імя і фота свайго мужа.

Віктар Дашкевіч, 75-гадовы актор Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа

Таксама жанчына распавяла, што ўсе тры больніцы, у якіх ёй з мужам давялося пабываць – перапоўненыя.

«Муж у рэанімацыі, на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Калі яго паклалі пад апарат, яму спачатку стала лепей, а пасля праявілася ліхаманка. Яе знялі. І цяпер за 6 дзён ніякіх пазітыўных рухаў няма. Кажуць – стан цяжкі, але стабільны, усё», – распавяла «Нашай Ніве» жонка актора.

Таксама дырэктар тэатру дадаў, што па стане на 30 сакавіка 11 актораў тэатру знаходзяцца на бальнічным.

29 сакавіка блогер NEXTA паведаміў, што МУС забараніла міліцыянтам пакідаць і наведваць Віцебшчыну.

Hавiны
У Іўеўскім раёне зарэгістравалі першы выпадак заражэння каронавірусам
2020.03.30 10:42

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў