Аксамітнае цунамі: ТОП-5 мірных рэвалюцыяў у прамаскоўскіх дыктатурах Еўропы

Сітуацыя ў падкантрольных СССР краінах Цэнтральнай Еўропы ў канцы 1980-х гадоў была шмат у чым вельмі падобная да сучаснай беларускай. З выгляду моцныя рэпрэсіўныя апараты ціснулі на грамадства, якое прагнула незалежнасці ў замежнай палітыцы, дэмакратыі ва ўнутраных справах і свабоды ў эканоміцы.

Пераломным год 1989-ый. Усяго за некалькі месяцаў камуністычныя рэжымы ў Польшчы, Чэхаславаччыне, Усходняй Нямеччыне, Балгарыі і Вугоршчыне перасталі існаваць, бо былі знесеныя масавымі мірнымі народнымі рухамі.

Унутраныя фактары

Эканоміка еўрапейскіх краін камуністычнага блоку (СССР, Польшчы, Вугоршчыны, Чэхаславаччыны, Румыніі, Балгарыі, ГДР) у канцы 1980-х гадоў перажывала моцны крызіс: вырасла і стала відавочным тэхналагічнае адставанне ад капіталістычных краінаў, яшчэ больш узмацніўся хранічны для савецкай сістэмы дэфіцыт прамысловых тавараў, зніжалася якасць вырабаў, адчуваўся недахоп прадуктаў харчавання.

Тавараў на ўсіх не хапае: чарга ў краму ў Польшчы ў 1980-я. Фота: wikipedia.org

Акрамя таго, стала развальвацца сістэма камуністычнай цэнзуры ў прэсе і кнігадрукаванні, сталі ўзнікаць шматлікія непадкантрольныя зарэгістраваныя і нефармальныя грамадскія і палітычныя арганізацыі, якія ўсё больш рашуча ставілі пытанне рэформаў і дэмакратызацыі ўсіх бакоў жыцця.

Гэтае становішча выводзіла з раўнавагі ўвесь адміністратыўны і сілавы апарат камуністычных дыктатур – палітычныя функцыянеры часта не ведалі, што рабіць у новых умовах, а спецслужбы, войскі і міліцыя, шараговы склад якіх сам пакутаваў ад эканамічных праблемаў, паступова гублялі ўпэўненасць ва ўласных сілах.

Вонкавы фактар

СССР быў гатовы і здольны здушыць вайсковай сілай антыкамуністычныя рухі ва Усходняй Нямеччыне ў 1953 годзе, у Вугоршчыне ў 1956 годзе, у Чэхаславаччыне ў 1968 годзе. Тое ж самае магло адбыцца і ў Польшчы ў 1980-м, але польскі камуністычны сілавы апарат гэтым разам змог абысціся без савецкіх танкаў на вуліцах.

Аднак у 1989 годзе сітуацыя змянілася – сам СССР знаходзіўся ў глыбокім эканамічным і палітычным крызісе, грамадства рабілася ўсё больш антысавецкім, а рэформы генеральнага сакратара КПСС Міхаіла Гарбачова не давалі плёну. Акрамя таго, савецкае грамадства было маральна знясіленае 10-гадовай вайной у Афганістане, войскі адтуль скончылі выхад як раз у лютым 1989 году. Грамадзяне СССР не зразумелі б новыя маштабныя інтэрвенцыі.

Гэта давала надзею на тое, што жыхары Цэнтральнай Еўропы змогуць упершыню за амаль 50 год самі вырашыць лёс сваіх краінаў.

Ад «галубятні» да майданутых. Як Лукашэнка і дзяржСМІ 15 гадоў палохаюць беларусаў Майданам

Польшча і Вугоршчына: эвалюцыйныя рэвалюцыі

Сітуацыя ў Польшчы адрознівалася тым, што там ужо шмат год барацьбу за дэмакратыю ўзначальваў нелегальны прафсаюз «Салідарнасць». Акрамя таго, сама каталіцкасць палякаў шмат у чым падрывала ідэалагічныя пазіцыі мясцовых камуністаў. Калі Папам Рымскім у 1978 годзе стаў Ян Павел ІІ, паляк Караль Юзэф Вайтыла, гэта стала яшчэ большым фактарам аб’яднання і натхнення.

Яшчэ ў 1988 годзе па Польшчы пракацілася хваля буйных страйкаў, якія паказалі, што ані сіла, ані абмежаваныя саступкі не могуць стабілізаваць камуністычны рэжым. Страйкі прымусілі камуністычнае кіраўніцтва пайсці на перамовы з незалежным прафсаюзам «Салідарнасць». У выніку перамоваў у лютым 1989 года «Салідарнасць» была афіцыйна зарэгістраваная, а летам 1989 года на першых адносна свабодных парламенцкіх выбарах прафсаюз атрымаў аглушальную перамогу, каб пазней сфармаваць першы за 40 год дыктатуры некамуністычны ўрад.

У Вугоршчыне сітуацыя адбывалася падобным жа чынам. Гэта быў вынік мірнага перамоўнага працэсу (па польскай мадэлі) паміж камуністычнымі ўрадамі і агульнанацыянальна прызнанымі народнымі лідарамі, якія абапіраліся на шматлікія грамадскія арганізацыі. У Польшчы і Вугоршчыне самі ўрады зразумелі, што народ не хоча іх цярпець, неабходныя рэформы і што камуністы не змогуць доўга сядзець на адных толькі штыках сілавікоў.

https://belsat.eu/news/tsi-vyzhyli-b-vy-paslya-balshavitskaj-revalyutsyi-prajdzitse-test/?btid=d5b539c6770e46a30bce2cff66194ba8

Нямеччына: цунамі зносіць сцяну

Праблема масавай эміграцыі ўсходніх немцаў у свабодную і больш заможную ФРГ была заўсёды праблемай для нямецкіх камуністаў. У выніку паўстаў Берлінскі мур, які стаў яскравым візуальным сімвалам камуністычнай дыктатуры і «жалезнай заслоны». Калі ў Вугоршчыне ў 1989 годзе пачалася дэмакратызацыя і адчынілася мяжа з Аўстрыяй, то тысячы грамадзянаў ГДР пацягнуліся ў суседнюю краіну, каб трапіць у ФРГ.

У розных гарадах самой ГДР праводзіліся масавыя штотыднёвыя мітынгі з патрабаваннямі дэмакратыі – пачаліся яны ў Лейпцыгу 4 верасня 1989 года з казання ў царкве Святога Мікалая. Як пратэстанцкія, гэтак і каталіцкія касцёлы, паводле міністра замежных справаў ГДР Маркуса Мэкеля, «былі адзінымі месцамі для вольнага абмену думкамі».

Антыкамуністычны мітынг у Берліне 4 лістапада 1989 года. Крыніца: bundesarchiv.de

Масавыя арышты ўжо не маглі спыніць удзельнікаў – праз месяц на дэманстрацыю толькі ў Лейпцыгу сабраліся 70 000 чалавек, яшчэ праз месяц – 120 000. Камуністычнае кіраўніца жадала, але ўжо баялася выкарыстаць сілу. На гэтых мітынгах сталі фармавацца першыя незалежныя партыі.

Дазволены ўладамі мітынг 4 лістапада 1989 году ў Берліне сабраў каля мільёну ўдзельнікаў, а 9-10 лістапада фактычна перастаў існаваць Берлінскі мур – з ім псіхалагічна была зламаная і перастала існаваць старая ўлада.

Чэхаславаччына: рабі, як немцы

Тэрмін «аксамітная рэвалюцыя» паходзіць менавіта з Чэхаславаччыны, аднак натхніліся чэхі і славакі менавіта нямецкім прыкладам і адсутнасцю рэакцыі з боку СССР. Чэхі ўбачылі, як быў прарваны Берліны мур, і пачалі збірацца на масавыя мітынгі, да моладзі сталі далучацца працоўныя, потым пачаліся сутыкненні з паліцыяй, а 27 лістапада ў краіне адбыўся агульны страйк на 2 гадзіны.

Літаральна за наступны тыдзень улада камуністаў перастала існаваць – у канстытуцыі знік артыкул пра кіруючую ролю кампартыі, а 29 снежня новым прэзідэнтам Чэхаславаччыны быў абраны дысідэнт Вацлаў Гавел.

Аксамітная рэвалюцыя ў Празе. 1 снежня 1989 года. Фота: wikipedia.org

Балгарыя: рэвалюцыя зверху

Балгарыяй ажно ад 1954 года кіраваў Тодар Жыўкаў, які быў праціўнікам рэформаў і ў 1965 годзе нават здушыў спробу дзяржаўнага перавароту з боку пракітайскай групы ў балгарскай кампартыі.

Аднак апора на спецслужбы не дапамагла ў сітуацыі тэктанічных зменаў на еўрапейскай прасторы. На наступны дзень пасля падзеяў у Берліне, 10 лістапада 1989 года, балгарскія камуністы нечакана для ўсіх адхілілі Жыўкава ад улады, а праз месяц і выключылі з партыі.

Новы кіраўнік БКП узяў курс на дэмакратызацыю і рэформы, пачаліся масавыя дэманстрацыі, узніклі новыя палітычныя партыі. У 1990-м годзе БКП адмовілася ад манаполіі на ўладу, а потым і пераўтварылася ў сацыял-дэмакратычную партыю, у выглядзе якой і пайшла на першыя вольныя выбары.

Эпілог: як не варта рабіць

Рашуча і крывава выступіў супраць волі свайго народу толькі румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску, які скіраваў войскі супраць дэманстрантаў. Але 22 снежня армія адмовілася выконваць загады і зброяй здушыла супраціў спецслужбы Секурытатэ, якая лічылася адной з самых жорсткіх сярод камуністычных спецслужбаў у Еўропе.

Польскі камуністычны лідар генерал Войцех Ярузэльскі пайшоў у адстаўку, дажыў да 2014 года і памёр сваёй смерцю. Нікалае Чаўшэску – не. Крыніца: comunismulinromania.ro

Чаўшэску спрабаваў збегчы з краіны, але быў арыштаваны, асуджаны і разам з жонкай расстраляны.

Аляксандр Гелагаеў Belsat.eu

Hавiны