Акадэмія навук і Саюз архітэктараў падтрымалі ідэю надаць Трактарнаму пасёлку статус помніка


У спробе надаць сталічнаму Трактаразавадскому пасёлку статусу гісторыка-культурніцкай каштоўнасці таварыству «Горад для гаражанаў» удалося заручыцца падтрыманнем Беларускага саюзу архітэктара і Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

Пра гэта паведаміў чалец таварыства Дзяніс Кобрусеў.

Паводле актывіста, цяпер удзельнікі ініцыятывы працуюць над тым, каб заручыцца падтрыманнем дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Менскага гарадскога савету дэпутатаў.

Удзельнікі таварыства абяцаюць прадставіць гарадскім уладам дасье Трактарнага пасёлку з далучанымі лістамі падтрымання ўжо ў гэтым месяцы.

8 лістапада кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёну Менску паведаміў агенцтву «Минск-Новости», што ў Трактарным пасёлку знясуць 62 двухпавярховыя дамы, каб пабудаваць там каля 170 тысячаў кв. м. жытла.

Жыхароў Трактарнага пасёлку пра знос дамоў паінфармавалі яшчэ летась.

Паводле Кобрусева, дэталёвы план Трактарнага пасёлку 2008 года сапраўды прадугледжвае знос двухпавярховых будынкаў.

«Ніякіх новых рашэнняў аб зносе, высяленні людзей і забудове няма», – дадаў Кобрусеў.

Частка жыхароў мікрараёну адмаўляецца пераязджаць і збіраецца бараніць сваё жытло.

Дамы ў Трактарным пасёлку былі пабудаваныя ў 40-х гадах мінулага стагоддзя палоннымі немцамі. Жытло прызначалася для працаўнікоў Менскага трактарнага заводу.

Раён славіцца сваймі ўтульнымі дварамі і зялёнымі наседжаннямі.

Чыноўнікі абяцаюць, што падчас забудовы дрэвы закрануць па мінімуму, а на кожнага жыхара раёну захаваецца па 13 кв. м. дваравой тэрыторыі.

ДД; фота анонсу – Марына Манешына

Стужка навінаў