Акадэмічная дыскусія, ці на хрэна вам гэты Касцюшка?!

Помнік Тадэвушу Касцюшку на Берасьцейшчыне. Фота belsat.eu

Любімы літаратурны жанр беларускіх актывістаў – перапіска з дзяржаўнымі чыноўнікамі. Ігар Случак перапісваецца з нагоды мовы, цяпер вось Дзмітрый Плашчынскі ўступіў у перапіску з нагоды назвы сталічных вуліц. Калі хтосьці не ведае: у Менску няма вуліцы імя знакамітага ўраджэнца беларускіх зямель Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі. Таго самага, вакол помніка якому ў Швэйцарыі не так даўно здарыўся скандал: там нібыта ініцыятары ўзвядзення манумента забыліся, што Касцюшка быў не толькі героем Беларусі і Амерыкі, але і Польшчы. Увогуле, скандалы працягваюцца.

Актывісту Плашчынскаму ад імя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выпала адказаць віцэ-прэзідэнту НАН Сяргею Чыжыку. Чыжыку – які фізік. Яму гэты Касцюшка як Плашчынскаму прыкладна Жарэс Алфёраў: імя вядомае, але ў дэталях разбірацца часу не было. Ліст спусцілі па інстанцыі – у апарат акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтва гісторыка Аляксандра Кавалені. У Кавалені аднак свая спецыялізацыя – дзве дысертацыі па гісторыі Другой сусветнай вайны. Абудзіце ноччу – усіх кавалераў Ордэна Перамогі, нябось, без падказкі пералічыць. А тут у яго хіба што толькі меркаванне можа быць. Ён яго і выказаў у лісце, які падмахнуў сваім пяром Чыжык.

І паводле гэтага меркавання, Касцюшка – чалавек цалкам выбітны, але не цалкам наш, паколькі выступаў за польскую мову.

Падазраю, што наконт польскай мовы – праўда. Пытанне ў тым, наколькі гэта можа быць аргументам у дадзенай сітуацыі.

Фотарэпартаж
На Марачоўшчыне адзначылі дзень народзінаў Касцюшкі. Фотарэпартаж
2019.02.04 13:37

Акадэмікаў жа пыталіся пра тое, ці варта называць вуліцу ў Менску імем вялікага земляка. Прабачце, але Сымон Балівар мае да Беларусі значна меншае дачыненне, чым вышэйзгаданы Андрэй Тадэвуш Банавентура, але яго імем названы сквер. Беларусь ганарыцца вялікімі сынамі сваёй зямлі – Ежы Гедройцам, Ігнатам Дамейкам, Хаімам Вэйцманам, Паўлам Сухім. Сумняваюся ў тым, што хаця б хто-небудзь з гэтай чацвёркі размаўляў на беларускай мове (калі ўжо гэта ў вачах шаноўнага член-карэспандэнта Кавалені з’яўляецца перашкодай), але гэта не замінае нікому называць іх імёнамі вуліцы, праводзіць у іх гонар канферэнцыі, ганарыцца імі і праслаўляць іх імёны.

Мне здаецца, праблема ў іншым, і ў дыскусіі з журналістам газеты «Наша Ніва» Зміцерам Панкаўцом Каваленя добрасумленна прагаварыўся. Прывядзём цытаты:

«ЗП: Касцюшка часта называў сябе «ліцвінам», а не палякам.

АК: Для таго, каб атрымаць выгаду, каб займець хаўруснікаў, ён бы чым заўгодна займаўся. Гэта была прапаганда. Тое, чым вы цяпер займаецеся. Такі ён герой, чаму не разбіў Суворава тады?

ЗП: Вы не памятаеце, як МЗС Беларусі бараніў Касцюшку, калі яму помнік у Швейцарыі адкрывалі?

АК: Мы памятаем.

ЗП: У МЗС непісьменныя людзі, што яны заступаліся за Касцюшку?

АК: Гэта не наша справа. Мы нават не напісалі ў сваім адказе словы Напалеона, які назваў Касцюшку дурнем, нарцысам.

ЗП: Вы спасылаецеся на Канстытуцыю 3 мая, але нават яна пакідала федэратыўны характар Рэчы Паспалітай.

АК: Калі б не Сувораў, то не было б «Нашай Нівы», не было б Беларусі».

Мне б, вядома, вельмі хацелася праслухаць лекцыю спадара Кавалені аб дзеяннях расейскага генералісімуса Суворава А.В. на тэрыторыі сучаснай Беларусі і нават заканспектаваць адпаведныя аргументы. Аднак баюся, што спецыяліст па Другой сусветнай вайне гэтыя аргументы можа не прывесці. Бо, калі б ваенную гісторыю мяжы XVIII-XIV стагоддзяў ён ведаў хоць бы на ўзроўні чытача часопіса «Наша Гісторыя», ён бы не прамінуў распавесці, у сувязі з чым імператар французаў так ахарактарызаваў Касцюшку. Вядома ж, што Напалеон вельмі хацеў, каб менавіта Касцюшка ўзначаліў польскія легіёны ў атацы на Расею. Але наш зямляк адмовіўся гэта зрабіць, паколькі пры сваім вызваленні паабяцаў расейскаму імператару Паўлу Першаму не агаляць клінка супраць Расеі. За што і атрымаў ад Напалеона ласку абвінавачвання ў глупстве і нарцысізме. Разумею, што з гэтай ацэнкай з гэтай нагоды спадар Каваленя і салідарызуецца: яго б, верагодна, больш задаволіла прагулка генерала Касцюшкі па падпаленай Маскве 1812 гаду – і вось тады Касцюшка б і заслугоўваў вуліцы ў Менску!..

Hавiны
Ля Косава ўрачыста адкрылі помнік Тадэвушу Касцюшку. Фотарэпартаж
2018.05.12 14:47

Адважуся выказаць уласную, не зусім акадэмічную версію таго, што адбылося.

Ёсць у вялікага барда (расейскага, хоць і эмігранта) Аляксандра Аркадзьевіча Галіча выдатная песня пад доўгай назвай: «Баллада о том, как едва не сошел с ума директор антикварного магазина № 22 Копылов Н.А., рассказанная им самим доктору Беленькому Я.И.»

Распавядаецца ў ёй наступная гісторыя. У 1968 году (гэта значыць, пасля адстаўкі Хрушчова і нават пасля ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію) у антыкварны магазін бабулька прынесла камплект пласцінак з запісам выступаў не Суворава, вядома, але таксама цалкам сабе генералісімуса Сталіна І.В. Рашэння ХХ з’езда КПСС з асуджэннем культу асобы ніхто не адмяняў, аднак і палітыка савецкай дзяржавы ў дачыненні да лепшага сябра фізкультурнікаў і правадыра сусветнага пралетарыяту адчувальна змянілася. У выніку дырэктар Капылоў заплаціў бабульцы з уласных грошай.

А паколькі ў рэдкай сямʼі не было ў доме прамоваў, твораў, партрэтаў таварыша Сталіна, то ўсе дружна панеслі існуючы тавар у дадзеную антыкварную краму.

«И растет, растет гора целая,

И наличность вся в угасании!

Указание б чье-то ценное!

Так ведь нет его, указания!

В пух и прах пошла дачка в Кратове,

«Волга»-матушка — мое детище!

И гвоздит мне мозг многократное —

То ли гений он, а то ли нет еще?!»

Гэта значыць, ужо абвясцілі Сталіна геніем усіх часоў і народаў, ці ж рашэнні ХХ з’езда ўсё яшчэ дзейнічаюць?

Помнік Тадэвушу Касцюшку на Берасцейшчыне. Фота belsat.eu

Мне здаецца, Аляксандр Аляксандравіч Каваленя апынуўся ў аналагічнай сітуацыі. Яму б ўказанне чыё-небудзь каштоўнае, але, б…дь, няма яго, указання гэтага самага! Таму галоўнае – захаваць статус кво. А будзе ўказанне – і таварыш Каваленя з радасцю ўзначаліць аргкамітэт па святкаванні чарговага юбілею чаго-небудзь, звязанага з дзейнасцю вялікага нарцыса і дурнога зямлі беларускай А.-Б.-Т. Касцюшкі, і нават прачытае ў гонар гэтага выпадку даклад на адной з дзяржаўных моваў…

Так… Так… Менавіта на гэтым… А на якім яшчэ? Вы толькі ўказанне яму дайце, калі ласка!

Пытанне – хто павінны даць такое ўказанне? Прэзідэнт, ці ж дастаткова кіруючай думкі нашага дамарослага Карамзіна, дэпутата Марзалюка? Калі яго дастаткова, дык няхай дасць.

Хаця – на хрэна яму здаўся гэты Касцюшка? Каб у гонар яго калгасы імя Суворава пераймяноўваць?

Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў