Агуркі, памідоры – усё затанула. Як жыхары Палесся змагаюцца з вялікаю вадой?


Для жыхароў Палесся разводдзе неўтаймаванай ракі Гарынь – з’ява зусім не дзіўная. Адбываецца гэта бадай штогод. Але сёлетняе падняцце ўзроўню вады для іх зрабілася сапраўднаю бядой. Рэч у тым, што паводка адбываецца ў сакавіку, і цягам тыдня вада сыходзіць. А вось каб у канцы траўня раптам разлілася рака і ўзровень вады не спадаў тыдзень – гэта праблема.

Гарынь выйшла з берагоў і затапіла многія кіламетры. Belsat.eu

У вёсцы Рубель, што ў Столінскім раёне, вада знішчыла цэлыя палеткі бульбы, капусты. У саму вёску вада практычна не патрапіла, бо яна аддзеленая ад Гарыні высокаю дамбаю.

Вёска Рубель Столінскага раёну.
Фота: Belsat.eu

На палетках жа дасюль працуюць вяскоўцы, адпампоўваюць ваду. Дапамагае і мясцовая гаспадарка. Вада пры гэтым адрэзала Рубель ад суседняй вёскі Беражное. Мост праз раку тут затапіла. Цяпер жыхарам вёскі, каб трапіць у райцэнтр, неабходна зрабіць вялізнае кола праз Давыд-Гарадок.

Вяскоўцы апынуліся без дапамогі

«Агарод прапаў. Дапамогі ніякай не маем. Я была ў старшыні сельсавету, скардзілася яму на гэта, але пачула ў адказ, што, маўляў, калі я пенсіянерка, то мне трэба звяртацца за адраснаю дапамогай у раённае сацзабеспячэнне», – распавяла «Белсату» Вольга Іванаўна, жыхарка вёскі Вугалец Столінскага раёну.

Вольга Іванаўна, жыхарка вёскі Вугалец.
Фота: Belsat.eu

«Старшыня сельсавету толькі разводзіць рукамі. Але крыўдна тое, што ён нават не наведаўся да нас. Нават не паспачуваў. Хай бы прыехаў сюды, дык не», – абураецца Вольга Іванаўна.

Вада адрэзала жыхароў ад дарогі.
Фота: Belsat.eu

Вада ў пойме Гарыні ўжо больш за тыдзень і не спадае

«Вельмі павольна сыходзіць вада. Не памятаем такога, каб было. Звычайна рэзка павялічыцца ўзровень і раптоўна спадае. А цяпер – бяда. Усё ў агародах прапала. Яшчэ непрыемна, што вада смярдзіць. Бо рака змыла ўсе вулічныя прыбіральні, гной з хлявоў», – кажа жыхарка вёскі Беражное.

Вада ў вёсцы Беражное падыйшла да самых дамоў.
Фота: Belsat.eu

Ураджай цяплічнікаў цалкам знішчаны

Адметна, што, чым бліжэй да Століну, тым кошт на агуркі больш. Гэтак, паводле стану на 4 чэрвеня кошт на гэтую гародніну ў Рублі складаў каля 50 капеек за кілаграм, а ў Белавушы – ўжо 80 капеек. А ўсё таму, што шмат у якіх вяскоўцаў парнікі апынуліся ў вадзе і ўраджай загінуў.

Вада затапіла парнікі.
Фота: Belsat.eu

Жыхар Белавушы Міхал кажа, што паспеў сабраць у сваім парніку ўсяго толькі адзін ураджай, як прыйшла вада.

«Нас ніхто не папярэджваў, што прыйдзе вада. Усё раптоўна адбылося. Вада ў нас пастаянна тут павышаецца, але каб у чэрвені, калі ўжо пасаджанае ўсё, – таго не ўзгадаю нават. Крыўдна, што і ніхто не дапаможа. Звярталіся да мясцовай улады, але там кажуць, што гэта нашыя праблемы», – распавёў «Белсату» гаспадар з Белавушы Міхал.

Парнік жыхара Белавушы.
Фота: Belsat.eu

У вяскоўца, як і шмат у якіх іншых гаспадароў, сёлета парнікі апынуліся цалкам пад вадою. Агуркі і памідоры, якія ўжо паспелі, проста прапалі.

Паводка знішчыла ўраджай.
Фота: Belsat.eu

«Яшчэ на пачатку траўня я звяртаўся ў страхавыя кампаніі, каб застрахаваць свае палеткі, але мне адмовілі ў гэтым. Такое адчуванне, што проста ведалі хіба нешта», – кажа Міхал.

Паводка знішчыла ўраджай у парніках.
Фота: Belsat.eu

Але, насамрэч, «Белдзяржстрах» устрымліваецца ад супрацы з вяскоўцамі. На ўмовах ананімнасці працаўніца дзяржаўнай кампаніі адзначыла, што пасадкі ў людзей не страхуюцца. Гэта надзвычай рызыкоўна з улікам нашай кліматычнай зоны.

Паводка на Палессі.
Фота: Belsat.eu

Пошукі сродкаў для кампенсацыі вядуцца

Старшыня Белавушскага сельскага выканаўчага камітэту Ірына Піліпчук распавяла «Белсату», што шмат людзей звярнуліся да мясцовых уладаў.

Паводка на Палессі.
Фота: Belsat.eu

«Усе жадаюць, каб ім скампенсавалі хоць бы кошт насення. Бо ўжо вядома, што пасля паводкі ўраджаю не будзе. Не магу дакладна сказаць, колькі, як і каму будзе выплачаная кампенсацыя. У нас ёсць звесткі пра кожнага. Але чакаем рашэння. Пакуль магу сказаць, што асобы, якія працуюць паводле калектыўнай дамовы, звярталіся за дапамогаю ў прадпрыемствы, і ім выплацяць», – адзначыла Ірына Піліпчук.

Вада сыходзіць вельмі павольна

Найбольшыя страты Гарынь нанесла вяскоўцам Беражнога, Белавушы, Манькавічам і яшчэ шэрагу меньшых вёсак, якія размяшчаюцца ўздоўж ракі. У гэтых паселішчах агулам жыве каля 8 тысячаў чалавек. Двары гаспадароў, што стаяць бліжэй да ракі, апынуліся пад вадою. Паводле Столінскага раённага аддзелу па надзвычайных сітуацыях (РАНС), узровень вады на пасту «Вікаровічы» на пачатак паводкі склаў каля 533 сантыметраў. А пры ўзроўні 530 сантыметраў прысядзібныя надзелы жыхароў апынаюцца пад вадою.

Паводка на Палессі.
Фота: Belsat.eu

«Цяпер вада на ўзроўні 490 сантыметраў. Яна паступова сыходзіць. Але прысядзібныя надзелы жыхароў дасюль застаюцца затопленыя», – распавёў «Белсату» Аляксандр Мінчык, начальнік Столінскага РАНС.

Да гэтага часу Гарынь так і не ўвайшла ў свае берагі. Шмат якія вялікія вёскі, якія стаяць побач з рэчышчам, ратуюць хіба што толькі дамбы, насыпаныя ўздоўж ракі.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў