Агульная купа рэчаў, гадзінная чарга і кот-антыстрэс. Што адбываецца на Акрэсціна


Субота, 15 жніўня, на ІЧУ і ЦІП на завулку Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Але на гэтую, здаецца, стандартную працэдуру варта паглядзець, каб яшчэ раз захапіцца беларусамі.

На ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Тэрыторыя каля ЦІП і ІЧУ запоўненая людзьмі, намётамі і сталамі. Сёння тут валанцёраць адвакаты і медыкі, людзі прывозяць ежу і медыкаменты, прапануюць прывезці, адвезці дадому.

На ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Пад сценамі дзве доўгія чаргі – з тых, хто адседзеў у ЦІП і тых, хто ў ІЧУ.

Чарга ў ЦІП дзеліцца таксама на дзве: тых, чые рэчы апазналі і валанцёры падрыхтавалі спісы, і тых, чые рэчы яшчэ не апазнаныя.

Стас Івашкевіч – у самым пачатку чаргі, чые рэчы апазнаныя. Івашкевіч – журналіст «Белсату», яго затрымалі 9 жніўня каля гімназіі №6, Пасля падліку галасоў. Стас стаіць тут 4 гадзіны.

На ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Валанцёры падносяць да ўваходу скрынкі, каб рэчы не валяліся ў кучах, дзверы адчыняе супрацоўнік у масцы, бачныя толькі вочы.

Мужчына на вуха шэпча фатографу: «Вызначыце калі ласка гэтага чалавека па фота, ён зрываў у мяне з шапкі нашыўку з бчб сцягам са словамі: «Вы забіваеце нас пад такімі сцягамі!»

Каб быў парадак у чарзе, валанцёры прысвойваюць кожнаму чалавеку нумар. А каб яго не забыцца, просяць запісаць яго на руцэ.

Чарга тых, хто сядзеў у ІЧУ, значна большая. Тут таксама ў кожнага ёсць нумар.

Каля таблічкі «Адвязу дадому» сядзіць Алег.

«Я проста ўбачыў беззаконне і я ад гэтага проста шалею! Жыву каля плошчы Перамогі і гуляў з сабакам яшчэ перад выбарамі, калі людзі стаялі чарадой, пад’ехаў АМАП і людзі сталі скакаць з моста. Я спрабаваў спыніць іх. Ніколі нідзе не ўдзельнічаў, але цяпер я дапамагаю людзям. Учора вазіў лекі, сокі… Тут яго перабівае мужчына: «Можа тут дапамагчы падвесці кагосьці?». «Заставайся з намі, нас тут шмат», – запрашае Алег і працягвае:

«Кажуць шчыты апусцілі? Апусцілі на людзей і скакалі на іх».

Мужчына заплакаў.

Стол са спісамі людзей, тут валанцёраць хлопцы з ByCOVID:

«Каля 579 не маглі знайсці 13 жніўня, 212 ўчора. Сёння каля 90 чалавек».

На ІЧУ і ЦІП Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu
На ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu
На ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu
На ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Доўгі шэраг сталоў – гэта адвакаты, якія кансультуюць бясплатна. Адвакат Таццяна Лешанкова кансультуе дзяўчат, якія пасля пратэстаў не могуць знайсці сваю машыну.

На стале апынаецца кветка.

Вераніка, Аляксей і Нікіта прывезлі ваду і кветкі. «Мы усе сям’я!» – кажуць.

Кветка дастаецца і Наталлі, дзяўчыне з катом, яна тут каардынатар.

«Уся інфармацыя сцякаецца да мяне. А пачалося з таго, што ў дачкі затрымалі хлопца з 9 да 10 і мы не маглі яго знайсці. Спачатку мы паехалі ў Жодзіна, там быў хаос і я ўзяла спісы на сябе. Пачала збіраць, потым распаўсюдзіла ў «Вясну» [праваабарончы цэнтр «Вясна». – Belsat.eu] і ў чаты. На Акрэсціна таксама быў хаос, я тут таксама сітуацыю ўзяла на сябе, знайшла валанцёраў і мы пачалі запісваць людзей. Далучаліся людзі, якія хацелі дапамагчы, так усё і атрымалася. Шмат турфірм і перавозчыкі далі свае аўтобусы –забіраць тых, каго адпускалі ў Жодзіна. Тут і «Ангел» дапамагае, дзякуй ім!»

На ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Але вернемся да ката. Ён тут працуе валанцёрам-антыстрэсам, яго прывёў Максім Каралеўскі.

«Мяне затрымалі на тры дні, а жывёлы таксама былі зняволенымі, былі зачыненыя дома, пакуль я сядзеў.

Мяне затрымалі на ровары, з сабой у мяне былі рэспіратары, таму мне АМАП выгаліў на галаве крыж, нібыта я медык. Гэта каб білі больш. Прабыў у ЦІПе 3 ночы. Першыя суткі не кармілі. На трэція суткі нам прынеслі рулон паперы і кавалак мыла. Мы зразумелі, што хутка нас выпусцяць. Прыехаў Барсукоў [намеснік міністра МУС. – Belsat.eu] са здымачнай групай і задаваў нам пытанне: «Вас у камеры білі?» А нас у камерах не білі, таму ён атрымаў адказ: «не».

Калі ізалятар будзе выдаваць рэчы кругласутачна, то і лагер валанцёраў будзе працаваць ноччу.

Прыйшлі “ВДВ-шнікі”, людзі сталі гучна вітаць і дзякаваць хлопцам.

«Калі ласка, цішэй, не злуйце, не будуць выпускаць! Хлопцы, прабачце, мы б вас тут на руках насілі, але самі разумееце!»

Некалькі дзяўчат кінуліся абдымаць хлопцаў і заплакалі.

Ірына Арахоўская/АА, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў