«Аграрны тупізм». Эканаміст пра арыентацыю на Расею


Беларусі трэба зніжаць залежнасць ад аграрнага рынку Расеі. Пра гэта падчас выставы «Белагра-2019» паведаміў чалец калегіі (міністр) прамысловасці і аграпрамысловага комплексу Еўразійскай эканамічнай камісіі Аляксандр Субоцін, паведамляе БелТА.

«Як мінімум траціну прадукцыі трэба старацца прадаваць у краіны далёкага замежжа», – зазначыў Аляксандр Субоцін.

Сярод перспектыўных рынкаў еўразійскі чыноўнік узгадаў Кітай, краіны Блізкага Усходу і афрыканскі кантынент. Субоцін дадаў, што паступова для нашых вытворцаў адкрываецца і рынак Еўрапейскага звязу, а з Расеяй трэба весці больш актыўныя перамовы. Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, беларуская прадукцыя будзе выцясняцца з аграрнага рынку Расеі:

«Чаму прэзідэнт і світы, якія ходзяць за ім па кароўніках і па цялятніках – кіроўны люд – чаму яны раптам уявілі, што Беларусь можа прадаваць харчоў у Расею на 7 мільярдаў долараў? Гэта быў зроблены няправільны прагноз. Гэта абсалютна аграрны тупізм».

Малочная прадукцыя ў расейскай краме.
Фота: Gavriil Grigorov/TASS/Forum

Паводле эксперта, пасля ўвядзення санкцыяў супраць Расеі прэзідэнтам ЗША Баракам Оўбамам, і накладаннем эмбарга на заходнія тавары, расейскія вырабнікі здолелі цалкам забяспечыць свой рынак уласнай свінінай і мясам птушкі. А ў сельскагаспадарчы 2017-2018 год Расея заняла першае месца ў свеце ў экспарце пшаніцы.

«Беларусі трэба абсалютна пісьменна паглядзець на глупствы, зробленыя пры стаўцы на нафтаперапрацоўку – гэта загнала краіну ніжэй плінтусу. Харчовыя праекты таксама ўжо скончыліся, – кажа эксперт. – Што рабіць беларускім вытворцам? Сабрацца, намаляваць транспаранты «Рыгоравіч, ідзі з намі ў калгас працаваць!». І ўсё. А што яны хочуць, хто ім будзе гэтыя рынкі шукаць?»

21 траўня на нарадзе з Урадам Аляксандр Лукашэнка сцвердзіў, што каля 60 беларускіх прадпрыемстваў не маюць доступу да расейскага рынку праз абмежаванні. Паводле кіраўніка краіны, падпісаныя з Расеяй балансы сельскагаспадарчай прадукцыі не выконваюцца, бо Масква не датрымоўвае сваіх забавязальніцтваў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота вокладкі: Gavriil Grigorov/TASS/Forum

Стужка навінаў