Агонь, смерць і маўклівыя хвалі. Топ-5 найбольш крывавых катастрофаў падлодак


14 расейскіх падводнікаў загінулі пры пажары на глыбакаводным апараце Ваенна-марскога флоту Расеі ў Баранцавым моры. Згодна з інфармацыяй медыяў, усе загінулыя належалі да эліты флоту: былі афіцэрамі ў званні не ніжэй за капітана трэцяга рангу.

Ваенная служба, тым больш на такой высокатэхналагічнай тэхніцы, як падводная лодка, застаецца небяспечнай, патрабуе высокай канцэнтрацыі і якаснай адукацыі. Да таго ж, чым больш складаная тэхніка, тым менш надзейнай яна звычайна бывае, тым больш увагі ў абслугоўванні патрабуе.

Belsat.eu сабраў прыклады найбольш сур’ёзных катастрофаў ваенных падводных лодак, якія адбыліся з 2000 года.

Атамная магіла

У жніўні 2000 году ў Баранцавым моры на расейскай ядзернай падводнай лодке «Курск» адбыўся ўнутраны выбух. Прычынай выбуху стала працечка пераксіду вадароду ў насавым тарпедным адсеку, што выклікала выбух спачатку адной, а потым яшчэ некалькіх тарпед. Моц другога выбуху склала 3-7 тонаў траціла, што зафіксавалі нават сейсмаграфічныя станцыі паўночнаеўрапейскіх краін.

Падводная лодка знаходзілася ў раёне вучэнняў расейскага ваеннага флоту, таму нават самі ўдзельнікі вучэнняў не адразу зразумелі, што адбываецца.

Падводная лодка «Курск». Фота: Reuters / FORUM

Выбух забіў большасць каманды, але 23 маракі выжылі ў кармавым адсеку падлодкі, якая ляжала на дне мора. Атамныя рэактары аўтаматычна спынілі сваю працу, дзякуючы чаму не адбыўся ядзерны выбух. Расейскі ваенны флот доўга не прымаў замежнай дапамогі, а сам не меў магчымасці ўратаваць сваіх маракоў. Праз некалькі дзён выжыўшыя памерлі ад недахопу паветра. У выніку ўся каманда – 118 чалавек – загінула.

Справа пра гібель «Курска» налічвае 133 тамы, з іх апублікаваныя толькі 4 старонкі.

Лятучы Кітаец

У траўні 2003 году Кітай паведаміў пра гібель усёй каманды (70 чалавек) сваёй дызельнай падводнай лодкі нумар 361. Інцыдэнт адбыўся каля паўночна-ўсходніх берагоў Кітая. З лодкай быў згублены кантакт, а праз нейкі час яе знайшлі рыбакі – яна плыла па паверхні мора.

Падводная лодка нумар 361. Фота: Mike Flynn

Унутры ўсе маракі і афіцэры загінулі з-за адсутнасці кіслароду. Лічыцца, што калі падводная лодка ўсплыла, марская хваля накрыла адкрыты люк – які аўтаматычна закрыўся. Дызельныя рухавікі хутка «зʼелі» усё паветра ўнутры падводнай лодкі, а людзі на пастах проста незаўважна самі для сябе «заснулі».

Газавая атака

Падводная лодка «Нерпа». Фота: Ajai Shukla

У лістападзе 2008-га як мінімум 20 расейскіх маракоў і цывільнага тэхнічнага персаналу загінулі, а 41 атрымалі раненні ад працечкі газа фрэону на расейскай атамнай падводнай лодцы К-152 «Нерпа», якая праходзіла выпрабаванні ў Японскім моры. Ахвяры задушыліся ці атрымалі абмаражэнні лёгкіх.

У 2011 годзе расейскую падводную лодку прадалі ў Індыю.

Выбух у порце

У 2013 годзе выбухнула ноччу і затанула ў порце Бамбэю індыйская дызельная падводная лодка «Sindhurakshak». Праз тое, што бераг быў непасрэдна побач, уратавалася асноўная частка каманды. 18 чалавек загінулі. Падводная лодка была пабудаваная ў Расеі ў 1997 годзе.

Падводная лодка «Sindhurakshak». Фота: Chris Desmond, USN

Катастрофа пад хвалямі

Ноччу ў лістападзе 2017 года знікла субмарына ваенна-марскога флоту Аргентыны «San Juan», на борце якой знаходзіліся 44 афіцэры і маракі. Падводны карабель, які быў пабудаваны ў Нямеччыне, прапаў каля паўднёвага ўзбярэжжа Аргентыны. Караблі і пошукавая авіяцыя Аргентыны і некалькіх іншых краін, такіх як Бразілія, Чылі, Уругвай, Расея, Вялікая Брытанія і ЗША шукалі зніклую субмарыну і яе маракоў, аднак праз два тыдні надзеі на тое, што можна знайсці хоць некага ці нешта, прапалі.

Падводная лодка «San Juan». Фота: Martin Otero

Праз год амерыканская камерцыйная кампанія «Ocean Infinity», якая займаецца вывучэннем марскога дна, знайшла падводную лодку з дапамогай падводнага апарату. Часткі лодкі ляжалі раскіданымі ў дыяметры 70 метраў на глыбіні 907 метраў. Верагодна, падводная лодка стала ахвярай унутранага выбуху. Усе людзі на борце лічацца загінулымі.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары