Агнешка Рамашэўская-Гузы: «Лукашэнка вырашыў заплюшчыць вочы і зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца»


Дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы ў інтэрв’ю беларускай службе «Радыё Свабода» распавяла пра цывілізацыйныя наступствы пандэміі каронавірусу, схільнасць беларусаў да фаталізму і небяспеку «беларускага эксперыменту».

– Беларусь – адна з нешматлікіх краінаў у свеце, якая не прыняла жорсткіх захадаў супраць пандэміі: не закрыла межаў, школаў і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія – гэта «псіхоз», маўляў, на трактары ніякі каронавірус ня страшны, краіна адзіная ў Еўропе праводзіць футбольны чэмпіянат. Падобнай рыторыкай карыстаецца і прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш-менш вядомых краінаў – здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні на кога не падобнай палітыцы адносна пандэміі? Ён яшчэ ў 90-я казаў: «​Я сваю краіну за цывілізаваным светам не павяду»​. А сёння цывілізаваны свет ведае, куды ісці?

Агнешка Рамашэўская-Гузы.
Фота: belsat.eu

– У Еўропе сёння абмяркоўваецца «шведскі эксперымент», але выглядае, што «беларускі эксперымент» значна больш цікавы і выразны, але і вельмі небяспечны. У Швецыі ніхто не адмаўляе сур’ёзнасці эпідэміі, хоць там не было поўнага «закрыцця» дзяржавы, як у Польшчы і ў многіх іншых еўрапейскіх краінах. Нягледзячы ні на што, шведы (вельмі дысцыплінавана) робяць абмежаваныя прафілактычныя захады на дзяржаўным узроўні. Разам з тым вынікі шведскіх рашэнняў усё яшчэ вельмі сумнеўныя. Смяротнасць ад COVID-19 паводле стану на 15 красавіка там дасягнула 120 чалавек на мільён жыхароў, тады як у Нарвегіі – 27, у Нямеччыне – 45, а ў Польшчы – толькі 7.

Між тым, у Беларусі не праводзіцца паслядоўнай палітыкі ў барацьбе з эпідэміяй. Апрача, можа, палітыкі пазначэння «пнеўманія» і «вострае рэспіраторнае захворванне» у картцы хваробы замест магчымага COVID-19. І тады ўжо ў Беларусі наўрад ці хто-небудзь памрэ ад каронавірусу. Памрэ ад двухбаковай пнеўманіі ці чагосьці падобнага.

У Польшчы, калі Міністэрства аховы здароўя штодня паведамляе аб колькасці смерцяў з прычыны COVID-19, выкарыстоўваецца формула «спадарожныя захворванні». Як нядаўна сказаў ваш эксперт: «людзі заражаныя рознымі вірусамі, напрыклад вірусам герпесу»… Проста ад герпесу паміраюць вельмі рэдка, нават калі ў кагосьці ёсць астма і гіпертанія. А ў Беларусі сітуацыя такая, што людзі рэдка паміраюць ад каронавірусу. Звярніце ўвагу на Расею, дзе афіцыйна праводзіцца палітыка барацьбы з эпідэміяй, іншая, чым у Беларусі, там таксама афіцыйна невысокая смяротнасць. І, на маё здзіўленне, спачатку беларусы нават успрымалі падыход уладаў даволі станоўча. Урэшце, хіба не было пнеўманіяў да пандэміі каронавірусу? Навошта залішняя рэакцыя? Можа быць, гэта неяк абыдзе нас…

Лукашэнка страшна баіцца эканамічнага спаду і таго факту, што вельмі хутка «ня будзе чаго есці». І я нават разумею яго ў гэтым пытанні. Беларусь – гэта не Нямеччына з прафіцытам бюджэту, і нават ня Польшча, якая ўсё яшчэ даганяе больш багатых, але ўсё больш набліжаецца да сярэднеэўрапейскага ўзроўню. У Беларусі спыненне эканомікі ў спалучэнні з агульным эканамічным правалам і нафтавым канфліктам з Расеяй можа прывесці да поўнай катастрофы. Таму ён вырашыў заплюшчыць вочы і зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца.

Ну… некалькі людзей старога веку, якія без неабходнасці хадзілі сярод людзей, памруць… але астатнія выжывуць… Лукашэнка дзейнічаў паводле прынцыпу, які Валэнса аднойчы апісаў: «Зламай тэрмометр, і ў цябе ня будзе тэмпературы». Ва ўсякім выпадку, можа, ён сам верыць, што ў яго нешта атрымаецца? Вельмі магчыма.

Агнешка Рамашэўская-Гузы.
Фота: Belsat.eu

І на гэтым менавіта палягае «беларускі эксперымент» на людзях. Калі каронавірус такі заразны і небяспечны, як прынята лічыць – у Беларусі яго нельга схаваць. Сітуацыя выйдзе з-пад кантролю ва ўсіх адносінах, і мы хутка гэта ўбачым. Калі маштабы эпідэміі можна схаваць (нават у значнай ступені), гэта азначае, што хвароба, хоць і вельмі заразная і небяспечная для некаторых, тым ня менш, больш лёгкая, чым уяўляюць сабе «сапсаваныя» заходнія грамадствы.

Асабіста я лічу, што законы біялогіі, на жаль, аднолькавыя для беларусаў і іспанцаў, і я баюся іспанскага сцэнару, хаця я б хацела, каб Лукашэнка меў рацыю.

І, спасылаючыся на апошнюю частку вашага пытання: ці ведае цывілізаваны свет, куды ісці, мой адказ такі: ён ня ўпэўнены на 100 %. Адсюль і складанасць сітуацыі.

– Цяперашняя пандэмія, на думку некаторых, спараджае суровую дылему паміж выжываннем людзей, уратаваннем іх ад хваробы, і выжываннем эканомікі, якая таксама ёсць умовай выжывання людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Дый палітыкі – прыхільнікі каранціну і локдаўну – таксама гавораць. Ці ёсць рашэнне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, ад чаго залежыць яе рашэнне ў той або іншай краіне?

– Мне здаецца, што мы цяпер маем справу з кансэнсусам. Большасць краін прынялі даволі падобную стратэгію для вырашэння праблемы. Яны спрабуюць пазбегнуць краху сістэмы аховы здароўя (як гэта адбылося ў некаторых рэгіёнах Італіі і Іспаніі і, верагодна, таксама з самага пачатку ў Ухані), а затым збіваюць пашырэнне эпідэміі, каб узровень распаўсюджанасці стаў ніжэй за 1. Затым пачынаюць паступова размарожваць сацыяльную актыўнасць, а значыць і эканоміку. Разам з тым яны спрабуюць кантраляваць патэнцыйныя выбухі інфекцыі з рознай ступенню поспеху.

На самой справе, сапраўдная дыскусія не пра тое, што рабіць, а пра прапорцыі паасобных абмежаванняў і спосабы іх ужывання і адмены. Напрыклад, у Францыі і ў нейкі момант у Італіі літаральна замкнулі людзей у сваіх дамах, ім было дазволена толькі прайсці на кароткую адлегласць ад дому для закупаў і кароткага адпачынку. У Польшчы рэкамендавана абмежаванне кантактаў па-за домам і «выхаду з дому без патрэбы», аднак былі зачыненыя ўсе месцы грамадскага карыстання: паркі, дзіцячыя пляцоўкі, нават лясы. Цяпер маскі ўжываюцца паўсюдна. Большасць краін распрацавалі больш ці менш шчодрыя, у залежнасці ад магчымасцяў, пакеты дапамогі для супрацоўнікаў і для бізнесу. Так што дыскусіі тычацца маштабу, графіку і метаду падтрымкі эканомікі.

Агнешка Рамашэўская-Гузы. Фота Дзяніса Дзюбы

– Ці не мяняе разуменне гуманнасці гэтая дылема? Ці не мяняе разуменне гуманнасці пікавыя перагрузкі шпіталяў хворымі, недахоп неабходнага медычнага абсталявання – калі даводзіцца рабіць выбар – каго лячыць?

– Фактычна, гэтая эпідэмія паставіла людзей перад многімі маральнымі дылемамі, але дылема паміж эканомікай і жыццём людзей не была галоўнай сярод іх. У рэшце рэшт, эканоміка паводле сваёй сутнасці – гэта і жыццё людзей. Эканоміка не існуе сама па сабе. Самай фундаментальнай праблемай, з якой мы сутыкаемся – як грамадствы могуць абараніць сваіх самых слабых і самых старых чальцоў. Таксама ў сітуацыях гранічных, калі гаворка ідзе пра жыццё пацыентаў і недахоп медычнага абсталявання.

Гэтая сітуацыя паказала нам, што прыроду можна абдурыць, вы можаце яе сагнуць, але мы ўсё яшчэ не яе гаспадары, а частка яе. Сучасны чалавек, асабліва жыхары Захаду, прызвычаіліся да таго, што жыццёвыя нягоды, якія выклікаюць у іх страх і боль, могуць быць ліквідаваныя. Сёння ўсе абароненыя. Вакцыны і антыбіётыкі ад хвароб, шлемы на раварыстах, пасы ў аўтамабілях, страхаванне ад пажару, апараты для штучнага дыхання, псіхолагі і тэрапеўты ад душэўных боляў. Здаецца, што жыццё павінна быць бяспечным, і вы можаце проста забыцца пра смерць. Аказваецца, ня ўсё так проста.

Цалкам інтэрв’ю чытайце на svaboda.org

Hавiны
Як пазнаць агента і чаму ўлады баяцца «Белсату»: Агнешка Рамашэўская-Гузы дала вялікае інтэрв’ю
2020.02.18 18:57

KA belsat.eu

Стужка навінаў