Агнешка Рамашэўская-Гузы: Беларусі патрэбныя рэальныя лідары, а не ўмелыя палітыкі


Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» піша пра мужнасць Статкевіча, які «ўжо заняў месца ў гісторыі сваёй краіны».

Агнешка Рамашэўская-Гузы пракаментавала вызваленне беларускіх палітвязняў. Прыводзім ніжэй тэкст яе разважанняў.

Цягам апошніх 5 гадоў у Беларусі было шмат палітзняволеных. Шмат пра каго з іх можна было пачуць у Польшчы і далей у Еўропе, хаця пра адных – больш, пра іншых – менш. Статкевіч быў адным з тых, пра каго чулі менш. Часам нават нехта з абаронцаў шаптаў збоку, адначасова здзіўлена, трэба неспакойна і скандальна: «Ох, ёсць такі радыкал…» Ну, а спадар Мікола сядзеў.

Лукашэнка памілаваў Статкевіча і іншых палітвязняў

Адныя выходзілі, іншых садзілі – а ён усё сядзеў. Было бачна, што гэта асабістая вендэта «кіраўніка краіны». Часам інфармацыя пра дрэнныя ўмовы ў турмах прабівалася на Захад, часам ішла чарговая кампанія дзеля вызвалення каго-небудзь, які-небудзь чарговы вязень рабіў ганебны выступ на тэлебачанні або нешта падпісваў, нехта з’язджаў, нехта наважваўся зноў вярнуцца, кагосьці не выпускалі, хоць меліся выпусціць, а Статкевіч сядзеў…

Рабілася ўсё больш зразумела, што «кіраўніку» важнае адно: зламаць Статкевіча. Каб урэшце папрасіў літасці. Бо ведаў, што толькі тады выйдзе. А ён нічога. Не прасіў.

На спатканні з рознымі дыпламатычнымі асобамі і праваабаронцамі прыязджала яго жонка Марына: заўсёды элегантная, пяшчотная, з прыемнай усмешкай, яна займалася гадаваннем катоў і зачытвалася літаратурай, але таксама была цвёрдая як камень… чакала 4,5 года. Спакойна, годна і мужна. Між тым палітыка вялася ў адпаведнасці са сваймі ўласнымі законамі. Вызваленыя па адным апазіцыянеры гублялі кантакт з рэчаіснасцю, не ў ладах адзін з адным, падазравалі адзін аднаго і станавіліся ўсё больш залежныя ад стаяння пад заходнімі (усходнімі) дзвярыма. Нямецкія сацыял-дэмакраты, з якімі сацыял-дэмакрат Статкевіч меў такія добрыя кантакты, цанілі беларускага калегу, але яшчэ больш цанілі стабільную гульню нямецкай усходняй палітыкі ў канцэрт паўнамоцтваў – без увагі на жаданні народа.

Мікола Статкевіч: «Палітвязняў выпусцілі, бо ў краіне скончыліся грошы» (+інтэрв’ю)

Пасля расейская агрэсія супраць Украіны настолькі ўзмацніла ўнутраную пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ягоную пазіцыю ў дачыненні захаду Еўропы, што перад выбарамі ён пастанавіў паслабіць рэжым, каб узамен з пазіцыі ізгоя вярнуцца на пазіцыю прызнанага лідара адной з еўрапейскіх краінаў. Можа быць, крыху спрэчнага, аднак прымальнага – прынамсі ў некаторых гасцёўнях.

Вызваленне палітвязняў рабілася не столькі патрабаваннем, але колькі пажаданнем Захаду. А Захад усё больш надзеі звязваў з нармалізацыяй стасункаў. Трэба было вызваліць палітычных зняволеных, каб зняць напружанне.

І так Статкевіч выйшаў. Нават словам не папрасіўшы літасці, не схіліўшы шыі нават на сантыметр. Ён цярпліва і свядома адседзеў – больш як 4,5 года – і выйшаў. Мужчына, які казаў людзям наўпрост, як ёсць і як ён лічыць, які апеляваў да годнасці ды гонару, захаваў свой гонар. Ведаў жа, што пасадзяць, але ўсё роўна насмеліўся. Як бывала і раней, адважыўся ўзяць адказнасць і свядома прыняў наступствы.

Не хачу прадказваць, як будуць развівацца падзеі ў беларускай палітыцы, бо для варажбы ёсць варажбіткі, а не журналісты і аналітыкі. Цяжка сказаць, як Статкевіч выяве сябе ў якасці палітыка ў асаблівых умовах, у якіх апынецца на волі, але адно дакладна: ён ужо заняў месца ў гісторыі сваёй краіны.

І на канец яшчэ адзін момант: думаю, што сёння Беларусі не настолькі патрэбныя ўмелыя палітыкі, як рэальныя лідары.

Агнешка Рамашэўская-Гузы

Стужка навінаў