Агнешка Рамашэўска-Гузы: Гэта «Бі-бі-сі» звярнулася да нас


У новым сезоне ў эфіры «Белсату» зʼявіўся шэраг праграм вытворчасці тэлеканалу «Бі-бі-сі». Сярод іх – крымінальныя серыялы, экранізацыі класікі брытанскай літаратуры, а таксама дакументальныя фільмы. Як «Белсат» распачаў супрацу з «Бі-бі-сі», чаго ад яе чакаюць абодва бакі і што яшчэ чакае нашых гледачоў? З дырэктаркай тэлеканалу Агнешкай Рамашэўскай-Гузы размаўляў Сяргей Пеляса.

– Кіраўніца брытанскага ўраду паінфармавала, што ейная краіна падтрымае «Белсат» у барацьбе з расейскай прапагандаю ў рэгіёне. Чаму менавіта нашае тэлебачанне, што вяшчае з Польшчы, трапіла ў гэтае стратэгічнае партнёрства і што гэта азначае для Беларусі, рэгіёну і ўласна «Белсату»?

– Думаю, што гэта можа быць важкая справа. Як вядома, ад нейкага часу краіны так званага Вольнага свету не даюць рады з крамлёўскай інфармацыйнай агрэсіяй. У пэўным сэнсе бракуе інструментаў. Масква працуе ў гэтым выпадку ў вельмі тонкай справе, якая ў кожнай дэмакратычнай краіне з’яўляецца фундаментам свабоды – вядзецца пра свабоду слова. Тут вельмі цяжка штосьці рэгуляваць, забараняць і г.д. Таму рэагаваць няпроста. Адначасова з гэтым наступілі часы захаплення «чыстай палітыкаю», што зʼяўляецца папулістычнай маніпуляцыяй з аднаго боку і альянс імперыяў з іншага. Гэтае рашэнне ўказвае на тое, што згадалі пра яшчэ адзін важны бок у гэтай гульні – гэта грамадствы і іх рэальныя патрэбы. Што супраць дзіўнага свету антывартасцяў можна супрацьпаставіць свет сапраўдных вартасцяў і ён можа быць для людзей прывабным.

– А што гэта значыць для «Белсату»?

– Гэта ставіць перад намі вялікія выклікі, але таксама зʼяўляецца ацэнкаю нашай 10-гадовай працы, прызнаннем заслугаў.

– Ужо раней, ад верасня «Белсат» паказвае прадукцыю «Бі-бі-сі». Як супраца з такім буйным вядомым партнёрам стала магчымай і на чым яна заснаваная?

– Гэта «Бі-бі-сі» да нас звярнулася, а не мы да яе. Хутчэй за ўсё, гэта вынік стратэгіі «Бі-бі-сі», скіраванай на тое, каб здабыць гледача. Калі вядзецца пра краіны былога СССР, то яны не выкарыстоўваюць для зместу па-расейску спадарожніка, але стараюцца ствараць гатовы кантэнт для іншых тэлеканалаў.

Думаю, што калі яны аналізавалі наш рэгіён, то трапілі на «Белсат», які ахоплівае спадарожнікам вельмі вялікую тэрыторыю. Па-першае, усю Беларусь, па-другое, вялікую частку балтыйскіх краінаў, па-трэцяе, Украіну і частку Расеі.

Да таго ж, «Белсат» – гэта не новы праект, які толькі пачынае сваю дзейнасць. Мы – досыць вялікі тэлеканал і маем досыць вялікі досвед. Думаю, менавіта таму «Бі-бі-сі» прыняла рашэнне звярнуцца да нас з прапановаю аб супрацы.

– Паўстае пытанне, чаму брытанскі тэлеканал, які гадамі не займаўся такімі праектамі, раптам робіцца ініцыятарам такога партнёрства? Якая тут выгада для «Бі-бі-сі»? А можа, вядзецца пра палітычныя інтарэсы Вялікай Брытаніі?

– Думаю, гэта інтарэс брытанскай палітыкі і звязаны ён з «брэксітам», у межах якога Вялікая Брытанія мусіць вырашыць розныя свае справы па-за межамі Еўразвязу. Гэта значыць, запэўніць некаторыя свае інтарэсы і прадумаць дзеянні, ужо не беручы пад увагу, што яна ёсць часткаю нейкай большай структуры, то бок Еўразвязу, у нейкай супрацы з іншымі краінамі ЕЗ.

Адзін з гэтых элементаў, можа не самы важны з пункту гледжання Вялікай Брытаніі, але ўсё ж важны, – гэта ўсходняя палітыка. То бок палітыка ў адносінах да краінаў на ўсход ад Еўразвязу, напрыклад, Беларусі. Але не толькі, бо таксама ў адносінах да Расеі ды Украіны.

Вялікая Брытанія – адна з нямногіх дзяржаваў, якая ў дамінацыі расейскай прапаганды бачыць сурʼёзную пагрозу. У сэнсе ўсё большай прысутнасці агрэсіўнай антызаходняй крамлёўскай рыторыкі. І яна пашыраецца ўжо і на Заходнюю Еўропу: менавіта такую мэту ставіць перад сабой тэлеканал Russia Today. Акурат з’явілася французская мутацыя гэтага каналу.

А ва Усходняй Еўропе ейная прысутнасць вельмі сур’ёзная, і брытанцы, несумненна, усведамляюць, што гэта вялікая праблема. Што гэта не нейкая там прысутнасць, якая існуе сама па сабе, так папросту інфармацыйная, і нават не нейкая прапаганда, да якой мы ўжо даўно прызвычаіліся. Гэта нешта іншае, далёкасяжнае і вельмі істотнае ў палітычным сэнсе.

Брытанцы гэта заўважылі і, здаецца, прыйшлі да высновы, што трэба паспрабаваць у межах дзеянняў пасля «брэксіту» неяк гэта вырашыць. І прыдумалі, што партнёрам у гэтай справе будзе Польшча, партнёрам можа быць «Белсат», які вяшчае з яе тэрыторыі. Я думаю, яны проста шукалі, дзе нешта адбываецца.

Не існуе нейкага звыш таямнічага тлумачэння, проста яны шукалі партнёра, які сапраўды будзе годны даверу.

– Праграмы якога тыпу прапанавалі брытанцы? А можа «Белсат» падчас перамоваў таксама чагосьці дамогся? Штосьці вырашыў?

– Са спісу, які нам прадставілі, мы самі выбралі некалькі пазіцыяў, якія падаліся нам цікавымі. Спадзяемся, што наступным траншам (калі такі будзе, калі праект увогуле будзе паспяховым) мы атрымаем яшчэ больш новыя праграмы. Бо цяпер гэта пераважна тыя, што паўсталі ўжо нейкі час таму. Але гэта цікавыя праграмы, вельмі добрай якасці. Серыялы, у тым ліку крымінальныя, а таксама дакументальныя фільмы, але перадусім пра прыроду. Уся гэтая прадукцыя вельмі высокай якасці і калі б мы хацелі яе закупіць, то нам бы проста не хапіла сродкаў, «Белсат» не мог бы гэта паказаць.

Супраца, у якую нас уключылі, мае некалькі аспектаў: гэта не толькі бясплатныя праграмы, якія мы атрымліваем, але і ўзаемадзеянне падчас стварэння нашых праграмаў. Таксама вядуцца перамовы адносна магчымага паказу на «Белсаце» асобных матэрыялаў «Бі-бі-сі», магчыма, мы будзем рабіць спалучэнні са студыяй у Лондане.

– Гэтыя брытанскія праграмы будуць паказваць на «Белсаце» (прынамсі на пачатковым этапе) па-расейску. Не толькі на «Белсаце», але таксама на іншых тэлеканалах – ад Эстоніі да Украіны. Але пераважная большасць нашай прадукцыі выходзіць па-беларуску. Адкуль расейская мова ў праграмах «Бі-бі-сі»?

– Гэта патрабаванне «Бі-бі-сі», яны вырашылі зрабіць гэта па-расейску, і гэтыя пераклады робяцца адразу для ўсіх [тэлеканалаў]. Хутчэй за ўсё, гэта вынік ажыццяўлення дзвюх ідэяў: адной слушнай і адной няслушнай. Слушная – зрабіць гэта даступным для шмат якіх тэлеканалаў і як мага таннейшым шляхам. Перакласці гэта, і маючы адну версію – расейскую – даць гэта і тэлебачанню латвійскаму, і тэлеканалу «Белсат», і ўкраінскаму тэлебачанню.

А няслушная ідэя палягае на тым, што гэта – найлепшы спосаб трапіць да ўсіх гледачоў, якіх толькі можна знайсці. І тут мы імкнемся ў межах партнёрства пераканаць іх, што з гэтага не варта рабіць догму. У некаторых сітуацыях такі спосаб можа дапамагчы трапіць да шырэйшага кола гледачоў, а ў некаторых выпадках ён, наадварот, можа гледачоў раздражніць і расчараваць.

Аказваецца, мы ў гэтым сваім перакананні не адзіныя, бо і ў Латвіі, і асабліва ва Украіне іх таксама пераконваюць, што аднак гэтак быць не павінна. Але яны маюць вельмі сціслыя правілы супрацы: або па-расейску, або ніяк.

Мы б хацелі сказаць так: можа ў нейкіх выпадках гэта і можа быць па-расейску, але агулам мы б хацелі перакладаць значную частку прадукцыі на беларускую. Мы лічым, што гэта дало б добры вынік: не выклікала бы тое, што мы будзем мець значна больш гледачоў паводле такой формулы, якую яны прапаноўваюць і значна менш – паводле такой, якую мы маем цяпер.

Паглядзім, што будзе з гэтымі рашэннямі. Пакуль што ў мяне стварылася ўражанне падчас кантактаў з тамтэйшым МЗС, што там гэта паволі пачынаюць разумець. Хаця б таму, што не толькі мы пра гэта кажам, але і прадстаўнікі іншых краінаў.

На нашую думку, расейская мова адыгрывае важную ролю ў распаўсюдзе інфармацыі на краіны былога СССР. Яна таксама зʼяўляецца свайго роду «lingua franca», агульнай мовы, і частку зместу можна трансляваць па-расейску. Нашая справа – паказаць, што на гэтай мове можна пераказваць не толькі ідэі ў стылі «расейскага свету», але таксама абсалютна іншы змест. Гэта досыць істотная рэч.

Але згодна з нашым прыватным пунктам гледжання, якога мы прытрымліваемся на «Белсаце», мы б, аднак, хацелі ў значнай ступені перакладаць гэта на беларускую. Паглядзім, ці атрымаецца. Пакуль што мы ведаем: жыхары Беларусі аднолькава добра ведаюць абедзе гэтыя мовы, так што праблемаў з разуменнем не паўстае.

– Брытанскія серыялы па-беларуску – гэта было б нешта новае. Тут прасочваецца выразна сфармуляваная ідэя, на якую я натрапіў у метадычцы, надрукаванай Цэнтрам аналізу еўрапейскай палітыкі (СЕРА). Яна палягае на тым, каб тэлебачанне ў нашым рэгіёне прыцягвала новых гледачоў да сурʼёзных праблем праз забаўляльныя праграмы. З аднаго боку, гэта можна зрабіць па-расейску, а з іншага – па-беларуску або на іншых нацыянальных мовах – гэта справа дыскусійная. Я так разумею, «Белсат» хоча ўплываць на гэта, але на якой мове?

– Гэта для нас вельмі важна. Праведзенае намі грунтоўнае даследванне нашай аўдыторыі паказвае, што хоць бальшыня нашых гледачоў шукае на «Белсаце» перадусім інфармацыю, аднак толькі інфармацяй, нават такой, што будзе адрознівацца ад інфармацыі дзяржСМІ, магчыма прыцягнуць толькі акрэсленае кола людзей. Ёсць праблема «бурбалкі», у якой знаходзімся не толькі мы, але і большасць незалежных медыяў і з якой не надта атрымліваецца выйсці.

Адна з прычынаў: на гэта няма грошай. Бо гэта не толькі справа нашага жадання, нібыта мы б не хацелі пашыраць сваю прапанову гледачам, або не можам гэтага зрабіць. Мы – дасведчаная арганізацыя, з 10-гадовым вопытам. Проста няма сродкаў на нармальную, у шырокім разуменні гэтага слова, забаўляльную прадукцыю. Таму мы прапануем перад усім тое, што для нас важна, найбольш альтэрнатыўнае, то бок інфармацыю і публіцыстыку. Гэта вельмі важна, але павінна суседнічаць з прывабным зместам.

Гэта для нас відавочна, але праблема ў надзвычай сурʼёзнай канкурэнцыі: гэта расейскае тэлебачанне, якое робіцца за велізарныя грошы і прапануе часам вельмі нават някепскай якасці забаўляльныя праграмы. Мы на гэтым фоне таксама мусім нешта прапанаваць. Але мы ўжо не раз падлічвалі, што гадавы бюджэт «Белсату» – гэта некалькі дзён працы тэлеканалу «Russia Today». І за гэтыя грошы мы мусім зрабіць наш змест максімальна прывабным, каб перахапіць гледача, паказаць нешта, што яго затрымае ля экрана.

Прадукцыя «Бі-бі-сі» робіцца на сапраўды высокім узроўні. Гэта тое, што чапляе вока гледача. І мы глыбока зацікаўленыя ў тым, каб гэты кантэнт быў у нас. Ужо не кажучы пра супрацу з установай, якая мае такую міжнародную рэпутацыю.

– Усе брытанскія стандарты – і ў адукацыі, і ў журналістыцы – гэта лепшыя ўзоры. І прадукцыя «Бі-бі-сі» на «Белсаце» ўжо ёсць. Ці плануюцца нейкія іншыя формы супрацы? Ці чакаць брытанскага падтрымання ў стварэнні новай праграмы «Белсату»?

Мы акурат удзельнічалі ў такім конкурсе і выйгралі магчымасць удзелу «Бі-бі-сі» ў стварэнні пакуль што дзвюх – перыядычнай і неперыядычнай – праграм. Гэта фінансуе European Endowment for Democracy, за грошы брытанцаў. Таксама яны прапануюць нам свае ноў-хаў, гэта надзвычай карысна.

Мне асабіста вельмі цікава было ўдзельнічаць у занятках, дзе вельмі паважаны эксперт з «Бі-бі-сі» распавядаў нам пра тое, як зрабіць нашу праграму цікавейшай, як зрабіць больш крэатыўным калектыў. І ажыццявіць гэта будзе надзвычай цяжка.

Мы ўсё ж такі тэлеканал своеасаблівы, у пэўным сэнсе партызанскі. Мы стварылі яго самі, праўда, за грошы Польшчы і іншых дзяржаваў. Але мы самі вучыліся ў працэсе стварэння тэлеканалу, як на ім працаваць. Вучыліся адзін у аднаго і ў іншых тэлеканалаў.

І тое, што мы можам падвысіць свой узровень, можам выкарыстоўваць такое ноў-хаў, для нас суперважна. Таму я спадзяюся, што вынікам будзе не толькі новы змест нашых праграмаў, але і, у выпадку поспеху, мы атрымаем шанец на новы сезон. І на чарговыя праграмы, якія могуць атрымаць падтрыманне брытанцаў, бо яны адкрытыя на прапановы. А мы структура эластычная, вельмі ахвочая да супрацы.

Праз 10 год «Белсат» атрымаў такога сурʼёзнага партнёра і хаўрусніка, як «Бі-бі-сі». Застаецца толькі пажадаць, каб у наступным годзе Шэрлак Холмс і іншыя героі вядомых брытанскіх серыялаў загаварылі па-беларуску.

Канешне, гэта таксама нашая мэта. І тут я спадзяюся на лепшае.

Размаўляў Сяргей Пеляса / ІА

Стужка навінаў