Аглядальніца «РИА Новости»: Лукашэнка не можа кіраваць Макеем


Лукашэнка і Макей. Фота - president.gov.by

Аглядальніца дзяржаўнага агенцтва «РИА Новости» Ірына Алксніс на ютуб-канале «PolitWera» заявіла, што «антырасейскія матывы» ў палітыцы Менску могуць давесці Аляксандра Лукашэнку «да Гаагі».

Каментуючы цяперашні беларуска-расейскі дыпламатычны скандал, Алксніс адзначыла, што амбасадар Міхаіл Бабіч – фігура тэхнічная і проста рэалізоўвае тую палітыку адносна Беларусі, якую абралі ў Крамлі. З іншага боку, аглядальніца мяркуе, што Уладзімір Макей нібыта свядома сфармуляваў адказ Бабічу ў абразлівай форме насуперак пазіцыі Лукашэнкі.

«Лукашэнка запусціў у ключавое міністэрства чалавека, якім ён не можа кіраваць, які наносіць сур’ёзную шкоду беларускай дзяржаве, які займаецца сабатажам. Але пры гэтым Лукашэнка нічога не можа з гэтым чалавека зрабіць», – кажа яна.

Алксніс сцвярджае, што палітыцы Менску апошнім часам «узмацніліся антырасейскія матывы» і гэты трэнд пагражае самому Лукашэнкі.

«Мяне здзіўляе недальнабачнасць Лукашэнкі. Нават калі гэтая палітыка будзе мець поспех, калі атрымаецца зрушыць грамадскія настроі ў Беларусі на антырасейскія і празаходнія, то гэта ж нясе небяспеку менавіта яму. У выніку ён застанецца сам-насам з падрыхтаванай празаходняй палітычнай элітай, якая яго знясе. Але ў адрозненні ад Януковіча яму не будзе куды дзявацца. Зразумела, што Расея ў такой сітуацыі адмовіць яму ў прытулку», – заявіла яна.

Аглядальніца кажа, што «апошняга дыктатара Еўропы» ў такім выпадку можа чакаць Гаагскі трыбунал.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары