Агаворкі паводле Фройда, сыход ад адказаў і нечаканыя прызнанні


Схаваныя праблемы і агульныя адказы. Уладзімір Пуцін правёў традыцыйную прэсавую канферэнцыю, падрахоўваючы вынікі года. Запытацца ў Пуціна было пра што – тут і Турцыя, і Сірыя, і гаспадарчы крызіс, і гучныя карупцыйныя скандалы.

Па выніках – дачыненні з Анкарой будуць толькі пагаршацца, вайсковая моц – нарошчвацца, а найвышэйшыя ўрадоўцы за свае месцы могуць не пераймацца – адставак не будзе. Чаго ж бракавала, пагаджаюцца назіральнікі, – дык гэта канкрэтных адказаў на нешматлікія нязручныя пытанні.

Складаная эканамічная сітуацыя ў краіне, вонкавыя ворагі. Немалую частку сваёй размовы з журналістамі Уладзімір Пуцін прысвяціў Украіне і Сірыі. Пытанне дачыненняў з Турцыяй і збіццё расейскага вайсковага самалёта было, бадай, адным з найбольш балючых і эмацыйных. А размова пайшла пра імаверны трэці бок канфлікту.

«Калі нехта ў турэцкім кіраўніцтве хацеў лізнуць у адно месца Амерыку… Я не ведаю, ці добра зрабілі?», – падкрэслівае Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі.

Паводле назіральнікаў, моцнае прыцягванне ўвагі да вонкавых канфліктаў было зробленае, каб адвесці увагу ад унутраных праблемаў. І хоць большасць прысутных у зале журналістаў пазбягала невыгодных пытанняў да Уладзіміра Пуціна, усё ж не абышлося без адважных. Журналістка выдання znak.сом спыталася пра апошнія карупцыйныя скандалы вакол высокапастаўленых чыноўнікаў ды іхных дзяцей.

«Гэта дзеці Чайкі, якія вядуць мутны бізнес, і гэта трэба расследаваць. Пляваць, замова гэта ці не!», – мяркуе расейская журналістка.

Аднак уцямнага адказу расейскі прэзідэнт гэтак і не знайшоў. «Што датычыць Чайкі… Каго яшчэ? Ну, не важна», – кажа Уладзімір Пуцін. Адкуль такая рэакцыя?

«Сам Пуцін арыентаваўся на тое, каб закрыць гэтую тэму як мага прасцей і хутчэй. Гэта было зроблена, каб абывацель, які адмыслова не сочыць за палітычным кантэкстам, у тым ліку і апазіцыйным, каб у яго не ўзніклі падазрэнні ці ахвота далей пакапаць», – зазначае Анастасія Сяргеева, «За свабодную Расею».

Іншыя балючыя тэмы, гэта Турчак і Ротэнберг-малодшы, сын вядомага мільярдэра і даўняга сябра Пуціна. Менавіта з Ротэнбергам-малодшым і звязаны апошні канфлікт вакол сістэмы спагнання аплаты з дальнабойнікаў «Платон». Аднак праблема прыватных перавознікаў, якія дзякуючы новаўвядзенню могуць нават збанкрутаваць, прэзідэнта не вельмі хвалявала. Затое расейскія бізнесовыя эліты…

«Дарэчы, наконт элітаў, якія могуць нешта іх дзеці зрабіць ці не могуць. Яны інвеставалі ў Расею гэтыя 28 мільярдаў. Не ў ЗША і не на Кіпр. Іншая справа, што сістэма мусіць быць наладжаная», – дадае Уладзімір Пуцін .

Ці на ўсе пытанні, што хвалююць расейцаў, адказаў прэзідэнт? Складаную эканамічную сітуацыю ў Расеі Пуцін намагаўся паказаць у станоўчым святле. Уладар Крамля сказаў, што найгоршы этап крызісу ўжо застаўся за плячыма, але доказаў гэтага было не шмат.

«Кажучы пра эканоміку, Пуцін сёлета прыводзіў нашмат менш статыстыкі, нейкіх звестак. Ён разважаў агульна ды прапанаваў нейкія дэмагагічныя выказванні», – падкрэслівае Анастасія Сяргеева, «За свабодную Расею».

А вось на вуліцах Масквы гучалі іншыя пытанні.

«Я б хацела спытацца ва Уладзіміра Пуціна, чаму ён парушае расейскія законы, хаця мусіць быць гарантам Канстытуцыі. Таксама тэма, якая мяне хвалюе, гэта палітвязні» –  выказваецца жанчына.

«Хацелася б даведацца, ці засталіся ў нас яшчэ сябры? Краіны ці нейкія сацыяльныя групы, якіх мы мусім падтрымліваць і любіць. Нам кожны дзень кажуць, каго трэба ненавідзець, але адной нянавісцю сыты не будзеш» – мяркуе мінак.

А пра найбліжэйшых хаўруснікаў, нават такіх, як Беларусь, – ні слова. Пра нянавісць таксама, а вось яе наступстваў абысці не ўдалося. Пытанне пра забойства апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова ўсё ж такі прагучала. У адказе – дзіўная агаворка, якая шакавала шмат каго і трапіла ў загалоўкі медыяў.

«Гэта не факт, што чалавека трэба было забіваць» – прызнаецца Пуцін.

Як адзначылі назіральнікі, адзінаццатая прэс-канферэнцыя Уладзіміра Пуціна стала адной з самых кароткіх у гісторыі.

Ян Бабіцкі, Белсат

Стужка навінаў