Ага, так вам і разагнаўся Лукашэнка на пенсію!

Законапраект дэпутата Ганны Канопацкой аб гарантыях экс-прэзідэнту Беларусі (у размоўным варыянце – «пра пенсію для Лукашэнкі») выклікаў фурор у сацыяльных сетках і на форумах. Апазіцыйна настроеная публіка ў асноўным абураецца.

Адны выказаліся ў духу «а ці не затлуста будзе»: пенсія ў 75% ад прэзідэнцкага заробку, пражыванне ў рэзідэнцыі, пажыццёвая ахова, штат памочнікаў, медабслугоўванне, льготы для сваякоў і інш. Іншыя засяродзілі ўвагу на тым, што з іх пункту гледжання – гэта я перакладаю на дыпламатычную мову – першага прэзідэнта не дабротамі абсыпаць, а прыцягваць да адказнасці трэба.

Hавiны
«Канапацкая сталася суўдзельніцай злачынстваў Лукашэнкі». Былы дэпутат – аб праекце гарантыяў першаму прэзідэнту
2019.11.28 13:00

Многія абвінавацілі Ганну Канопацкую ў жаданні дагадзіць Аляксандру Лукашэнку, хоць незразумела, навошта дагаджаць, калі на нядаўніх выбарах яе не прапусцілі ў Палату прадстаўнікоў новага склікання. А нехта з каментатараў назваў ініцыятыву тролінгом 80-га ўзроўню.

Транзіт ўлады пакуль не актуальны

Але не будзем гадаць наконт матываў і упадаць ў канспіралогію. Падобна на тое, што ўсё гэта – пустыя жарсці. Мяркуючы па настрою дзейнага кіраўніка дзяржавы, прапанаваны закон яшчэ доўга не будзе запатрабаваны ў прынцыпе. Нядаўна Лукашэнка дакладна даў зразумець, што ў пенсіянеры не рвецца.

17 лістапада на выбарчым участку ў Менску нязменны прэзідэнт досыць празрыста выказаў намер балатавацца на гэтую пасаду не толькі ў 2020, але і ў 2025 годзе. Абмовіўшыся, праўда, што народ павінен пра гэта папрасіць. Агаворка, самі разумееце, дзеля прыстойнасці, калі ўлічыць асаблівасці беларускай палітычнай і, у прыватнасці, электаральнай сістэмы.

Такім чынам перакрэсліваюцца ілюзіі тых наіўных аўтараў прагнозаў, якія пасля вясновых заяваў Лукашэнкі аб падрыхтоўцы новай Канстытуцыі палічылі, што яго чарговая кадэнцыя – апошняя і што ён зоймецца пераробкай палітычнай сістэмы пад транзіт ўлады, пад пераемніка.

Меркаванні
Калі і як скончыцца ў Беларусі эпоха першага прэзідэнта?
2019.08.16 15:09

Калі ж транзіт пакуль не плануецца, то ўсе пасылы наконт быццам бы будучага пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады (больш парламенту, ураду) – не больш чым размовы на карысць бедных. Ведаючы натуру Лукашэнкі, цяжка паверыць, што ён раптам стане адкройваць кавалкі ад сваёй амаль абсалютнай улады і раскідвацца імі направа і налева.

Каму даверыць стырно?

Тым не менш, думкі пра тое, што жыццё хуткаплыннае і трэба думаць, хто зойме крэсла, напэўна наведваюць дзейнага прэзідэнта. Ён асабліва трапятліва ставіцца да малодшага сына Мікалая, якога возіць з сабой па замежжах, аднак таму ўсяго 15, а ўзроставы цэнз для кандыдата ў прэзідэнты – 35.

Гэтую мяжу даўно перайшоў старэйшы сын Віктар, і аглядальнікі звярнулі ўвагу на яго нядаўняе абранне першым віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, гэта значыць намеснікам свайго бацькі ў гэтай структуры. Загаварылі: маўляў, гэта толькі пачатак.

Меркаванні
Першы Віця-прэзідэнт
2019.11.19 20:46

Але чуткі, што Лукашэнка-бацька будзе выводзіць старэйшага сына на палітычную арбіту праз пасаду кіраўніка вобласці або віцэ-прэм’ера, раз за разам цыркулявалі і раней, аднак за доўгія гады так і не пацвердзіліся.

Сам кіраўнік дзяржавы рэфрэнам заяўляе, што яго дзеці ў прэзідэнты не рвуцца, але гэта можа быць такой жа фігурай мовы, як і «народ павінен папрасіць».

Іншая справа, што Лукашэнка-старэйшы, па-першае, мяркуючы па ўсім, проста не можа ўявіць сябе пенсіянерам з вудай ля сажалкі, а па-другое, верагодна, не зусім упэўнены, што гіпатэтычны пераемнік апынецца досыць спрытным, таленавітым і, калі спатрэбіцца, жорсткім, каб утрымаць уладу і тым самым забяспечыць бяспеку сям’і.

Па гэтых прычынах Лукашэнка наўрад ці пойдзе на варыянт тыпу казахстанскага. А па вялікім рахунку ён, трэба думаць, ні ў якія заканадаўчыя гарантыі для сябе не верыць. У прыватнасці, таму, што сам прывык ставіцца да закона адвольна, па-валюнтарысцку.

Прэзідэнт у форме, краіна – у застоі

У выніку нязменны прэзідэнт пакуль, падобна, проста адкідае непрыемныя думкі пра транзіт улады і спадзяецца на фізкультуру, здольную падоўжыць фізічнае (а значыць і палітычнае) даўгалецце. Нядаўна пахваліўся, што, будучы з візітам у Эміратах («дыхаць няма чым, спякота несусветная»), прабягаў ранічкай па 15 км.

За фізічную форму афіцыйнага лідэра можна парадавацца, а вось за перспектывы краіны – наўрад ці.

Сёння ў Беларусі ў наяўнасці гэткі рэмейк брэжнеўскага застою: эканоміка запавольваецца, вычэрпваючы рэсурс анахранічнай мадэлі, без палітычнай канкурэнцыі вярхушка ўлады апынулася ў палоне кансерватызму і не здольная да рэформаў. З кожнай новай кадэнцыяй нязменнага правадыра Беларусь усё фатальней грузне ў заганным коле.

А гэта пагражае не толькі безнадзейным адставаннем ад развітых краін (і нават суседняй Польшчы), але і стратай незалежнасці. Крэмль не проста чакае магчымасці, але ўжо сёння праз навязванне «паглыбленай інтэграцыі» прыкладае намаганні да таго, каб прыбраць да рук анемічную Беларусь, якая страціла дынаміку. Або ціхай сапай, па кавалачках, або маланкавай аперацыяй у нейкі момант вакууму ўлады.

Ну, а пакуль першы прэзідэнт бегае на лыжаролерах, ганяе шайбу і непакой пра якасць ягонага жыцця пасля адстаўкі, верагодна, ацэньвае ў духу старога анекдота: не дачакаецеся!

Аляксандр Класкоўскі/АА, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў