Афіцэры выбачыліся за раздушаны БМП аўтамабіль і кампенсавалі пацярпеламу страты


Рашэннем афіцэрскага сходу 6-й асобнай механізаванай брыгады кіроўцу, аўтамабіль якога 22 чэрвеня быў раздушаны БМП на ўскрайку Горадні, кампенсаваны нанесеныя страты за кошт сродкаў афіцэрскага сходу.

«Афіцэры 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання яшчэ раз прынеслі свае прабачэнні за тое, што здарылася перад пацярпелым у ДТЗ», – адзначаецца ў інфармацыі, размешчанай на сайце Мінабароны.

Паводле звестак парталу s13.ru, кіроўца Volkswagen Іван Мікалаевіч ужо атрымаў кампенсацыю ад афіцэраў 6-й брыгады. Вайскоўцы па ўласнай ініцыятыве вырашылі пакрыць матэрыяльны ўрон пенсіянеру, не чакаючы заканчэння праверкі.

Іван Мікалаевіч застаўся задаволены кампенсацыяй:

«Мы пагутарылі, усё нармальна. Яны самі патэлефанавалі мне і прыехалі. Я зла ні на каго не трымаю».

Паводле Івана Мікалаевіча, адчувае ён сябе цяпер нармальна.

«Я нават вокам не паспеў міргнуць, як усё хутка адбылося. Нават не паспеў спалохацца. Гэта ўжо потым, калі ўсе раз’ехаліся і вечарам я прыйшоў у сябе, мяне пачало трэсці», – кажа ён.

Нагадаем, учора, 22 чэрвеня, прыкладна ў 16.30. на ўскрайку Горадні падчас павароту калоны вайсковай тэхнікі адна з бранявых машынаў выехала на сустрэчную паласу і фактычна раздушыла легкавы аўтамабіль «Volkswagen». Кіроўца аўто цудам застаўся ў жывых.

«Механік-кіроўца баявой машыны пяхоты, якая рухалася ў складзе арганізаванай калоны вайсковай тэхнікі, не справіўся з кіраваннем і здзейсніў сутыкненне з легкавым аўтамабілем. Аўтамабіль атрымаў механічныя пашкоджанні. Кіроўцу аўтамабіля аказана дапамога, пагрозы для яго жыцця няма», – раней адзначалі ў прэс-службе Мінабароны.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў