Афіцэр, непатрэбны Расеі, ужо восьмы месяц сядзіць за кратамі ў Беларусі


Сяргей Гапон, вайсковец у адстаўцы, грамадзянін Расеі, ажно з красавіку не можа выйсці на волю з Валожынскага ізалятару толькі за тое, што не мае пры сабе пашпарта.

Сяргею Гапону 42 гады. Ён патомны вайсковец: бацька быў вайсковым медыкам, дзед ваяваў у Другую Сусветную. Сам нарадзіўся ў Горадні, пасля жыў і вучыўся ў Лідзе. Сяргей абраў вайсковую кар’еру, паехаў у Сібір, недзе ў 2014-м выйшаў у адстаўку – па стане здароўя. Ягоную гісторыю нам распавёў Андрэй Бароўскі – стары сябар і аднакурснік з тэхнікуму.

Андрэй Бароўскі, сябар Сяргея

Як ён апынуўся ў Валожыне? Сяргей штогод прыязджаў у Беларусь: у Ліду – да маці (бацька памёр) і ў Валожын – да сваякоў па былой жонцы, з якой захаваліся добрыя стасункі. Менавіта ў Валожыне ў красавіку яго і затрымалі. Гапон апынуўся ў ізалятары, дзе знаходзіцца і дагэтуль.

«Замак» Кафкі: «Чалавек ёсць, але яго няма…»

«Маглі затрымаць за нейкую дробязь, – распавядае сябар Андрэй. – Каб быў крымінал – была б справа. Затрымалі, а ў яго пры сабе няма пашпарту – як я разумею, скралі папярэдне і пашпарт, і тэлефон. Былі толькі ксеракопіі дакументаў, але гэтага апынулася недастаткова. 15 сутак прайшло, месяц прайшоў, два. Чалавек ёсць, але яго фактычна няма!…»

Старонка скрадзенага ў Сяргея пашпарту РФ

Далейшая гісторыя нагадвае «Замак» Кафкі, не інакш. Першай у Валожын прыехала маці Сяргея з арыгіналам пасведчання аб нараджэнні – гэтага апынулася недастаткова. Маці прыязджала пасля неаднойчы, прывозячы рэчы і харчовыя перадачкі, але нават сустрэцца з сынам ёй не далі, бо, маўляў, умовы ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання) не прадугледжваюць пакояў для спаткання.

Дык чаму не выпускаюць? Міграцыйная служба Валожына матывуе гэта тым, што пакуль асоба не пацверджаная – то і выпусціць не могуць. Адзіны варыянт – каб грамадзянства пацвердзіў расейскі бок. Але пасля звароту ў Амбасаду РФ прыйшоў адказ за подпісам аташэ: «Гапон Сяргей Аляксандравіч не з’яўляецца грамадзянінам Расейскай Федэрацыі».

Фрагмент адказу маці Сяргея з Пасольства РФ: «грамадзяніна не з’яўляецца»

«Служыў, пенсію атрымліваў, але факту атрымання пашпарту – няма!»

Бацька Сяргея – расеец, маці – беларуска. Сам Сяргей прыняў грамадзянства Расеі падчас навучання ў вайсковым ВНУ ў Маскве – быў момант прысягі. Калі Андрэй Бароўскі пачаў перапіску з вайсковым гарадком у Расеі, дзе Сяргей служыў і атрымліваў вайсковае пасведчанне, яму пацвердзілі, маўляў, так – быў такі, служыў. Дасылалі адтуль звесткі і ў міграцыйнае ўпраўленне ў Расеі, але не дапамагло.

«Дапускаю, што мог быць момант з часовымі ўкладышамі ў пашпарты СССР, – разважае Андрэй. – Іх раздавалі направа і налева ў 90-я для атрымання ў далейшым паўнавартаснага пашпарту. Таму, магчыма, у нейкіх спісах і базах наўпрост няма пазнейшага факту атрымання Сяргеем пашпарту РФ. Так і выйшла: служыў, пенсію атрымліваў, а факту атрымання пашпарту – няма».

Пасведчанне аб нараджэнні Сяргея Гапона: Горадня, БССР, 1976 год

Сама ж «пякельная» працэдура выглядае наступным чынам. Каб пацвердзіць асобу замежнага грамадзяніна, Валожынскі РАУС звяртаецца ва Упраўленне міграцыі, адтуль – у Амбасаду РФ, а тыя пішуць на расейскі бок… Шлях назад той самы. То бок нават прамы адказ з якога-небудзь Барнаўлу сюды прыйсці наўпрост не можа – толькі па ланцужку.

Дэпартацыя? «Шукайце краіну, якая прыме…»

Лагічна напрошваецца варыянт дэпартацыі. Усё лепш, чым сядзець у няволі, хоць у гэтым выпадку Сяргея могуць пазбавіць права наведваць Беларусь на пэўны час.

Паводле словаў Андрэя, нават супрацоўнікі Валожынскага РАУС не супраць. Але калі расейскі бок не пацвярджае грамадзянства – чалавека і дэпартаваць няма куды. У адказах амбасады так і напісана: «…шукайце краіну, якая прыме». Так Расея фактычна адмовілася ад свайго грамадзяніна!

Фрагмент адказу маці Сяргея з Амбасады РФ: «грамадзянінам не з’яўляецца»

«Было адчуванне, што ніхто нічога не хоча рабіць, – разводзіць рукамі Андрэй. – Куды я ўжо толькі не пісаў. З Генпракуратуры і МУС перакінулі ў іхныя ж структуры ў Валожыне. А адтуль адказы як пад капірку, маўляў, затрыманы, бо непацверджаная асоба, а я яму не сваяк і не прадстаўнік – таму нічога тлумачыць не абавязаныя…»

Лісты ад Сяргея Гапона з ізалятару ў Валожыне

«Сяргей не верыў, што гэтае вар’яцтва можа зацягнуцца»

Адваката, са словаў Андрэя, не бралі па шэрагу прычын. Па-першае, супрацоўнікі РАУСу і Міграцыйнай службы казалі: вось прыйдзе пацверджанне з Расеі, вось-вось, навошта адвакат? Па-другое, як апынулася, адвакаты, якія спецыялізуюцца на міграцыйных пытаннях, ёсць у Менску, але каштуюць не мала: стартавая цана ад 1000 даляраў.

«Асабіста адвакаты казалі, што справа простая, ад двух тыдняў да месяцу – і ўсё, – працягвае Андрэй. – Але дзе ўзяць грошы? Так, у Сяргея мае далей налічвацца пенсія, але ён жа не мае да яе доступу. Ды і сам ён не хацеў, бо не верыў, што гэтае вар’яцтва можа зацягнуцца, чакаў станоўчага адказу з Расеі… Зараз толькі на пачатку месяца напісаў заяву на дапамогу адваката».

Фота Сяргея ў час жыцця і службы ў Расеі.
Фота: асабісты архіў

«Чырвоны Крыж» ды Міграцыйная служба з «глухім тэлефонам»

Андрэй таксама нагадвае, што Сяргей Гапон мае шэраг хранічных захворванняў. З гэтай прычыны супрацоўнікі РАУСу ў Валожыне нават выклікалі прадстаўнікоў «Чырвонага Крыжа», каб тыя пацвердзілі, што стан не крытычны, а таксама падкінулі тое-сёе з рэчаў і медыкаментаў.

«Тыя супрацоўнікі «Чырвонага Крыжа» нават тэлефон яму давалі патэліць у Расею, – абураецца Андрэй. – У нейкую структуру па гэтай усёй справе. Бо, як апынулася, Міграцыйная служба наша «мае абмежаваныя магчымасці для замежных тэлефанаванняў». Дык што ж гэта за міграцыйная служба? Нават не смешна ўжо».

Фота Сяргея ў час жыцця і службы ў Расеі.
Фота: асабісты архіў

«Нічога страшнага, бывала, што і па году сядзелі…»

Юрыдычна Сяргей Гапон можа адмовіцца ад расейскага грамадзянства і запрасіць беларускае: ён тут нарадзіўся, тут жыве ягоная маці – для ўз’яднання сям’і, напрыклад. Але тут момант з расейскай пенсіяй – ці будзе ён атрымліваць яе надалей? У дадатак, для пачатку ён усё адно мае атрымаць дакумент асобы без грамадзянства.

У выпадку ж, калі прасіць наноў расейскае грамадзянства – атрымліваецца яшчэ цікавей. Як тлумачаць у Амбасадзе Расеі, для гэтага трэба прыйсці ў самую амбасаду, маючы двух сведкаў, а пашпарт атрымаць праз два тыдні… Зразумела, за пашпартам схадзіць на два тыдні ніхто нікога не выпусціць.

Ваенны білет Сяргея Гапона

Яшчэ ў расейскай Амбасадзе Андрэю давялі, што падобныя выпадкі зусім не адзінкавыя. Гучала нават фраза: «Ну, нічога страшнага, бывала што і па году ў нас сядзелі…» То бок, нягледзячы на бездань дамоваў паміж Беларуссю і Расеяй, простага і зразумелага алгарытму для такіх сітуацыяў дагэтуль няма. А ў выніку пакутуюць звычайныя людзі.

АК, фота Васіль Малчанаў

Стужка навінаў