Афіны і Скоп’е заявілі пра «дасягненне прагрэсу» у перайменаванні Македоніі


Спрэчкі аб назве балканскай краіны цягнуцца з 1991 году.

12 красавіка міністры замежных справаў Грэцыі і Македоніі Нікас Коцыас і Нікола Дымітраў сустрэліся ў македонскім курорце Охрыд – гэта ўжо трэцяя такая сустрэча за месяц.

Бакі заявілі пра дасягненне значнага поспеху ў перамовах, аднак, як паведамляе «Reuters», дагэтуль застаюцца разыходжанні.

Дымітраў паведаміў журналістам, што абодва бакі ўпершыню абмеркавалі тэрміны і крокі для рэалізацыі магчымага пагаднення.

Спрэчка паміж Грэцыяй і яе паўночным суседам узнікла пасля распаду Югаславіі і здабыцця Македоніяй незалежнасці.

У Грэцыі сцвярджаюць, што назва Македонія, як і старажытны элінскі заваёўнік, належаць паўночнаму рэгіёну краіны. Афіны абвінавацілі Скоп’е ў спробе скрасці ідэнтычнасць і гісторыю Грэцыі, а таксама ў спробе прэтэндаваць на тэрыторыі краіны, узяўшы назву Македонія.

Перамовы пры пасярэдніцтве ААН, што пачаліся ў 1991 годзе, не далі ніякіх вынікаў, адносіны паміж краінамі, пакуль пры ўладзе ў Скоп’е былі нацыяналісты, пагоршыліся.

Летась нацыяналістаў замянілі сацыял-дэмакраты на чале з Зоранам Заевым, які зрабіў прымірэнчыя крокі і дапамог узнавіць перамовы на пачатку гэтага году.

Грэцыя прапанавала Скоп’е пагадзіцца з назвай «Верхняя Македонія» і зафіксаваць змены ў сваёй канстытуцыі.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Ognen Teofilovski/ Forum

Стужка навінаў