Афганскі ўдар Трампа па Крамлі


Амерыканцы і натаўцы 20 гадоў запэўніваюць бяспеку рэгіёну Цэнтральнай Азіі – мяккаму падбрушшу Расеі. Сітуацыя зменіцца не на карысць Крамля, калі Доналду Трампу ўдасца вывесці сілы ЗША з Афганістану. Разам з завяршэннем найдаўжэйшай вайны Амерыкі можа скончыцца і спакой на паўднёвым памежжы былога СССР.

З дамоваю з «Талібанам», ці без яе – ЗША будуць скарачаць сваю вайсковую прысутнасць у Афганістане.

4 лютага Доналд Трамп у звароце да Кангрэсу ЗША пад апладысменты заявіў:

«Мы працуем над тым, каб скончыць найдаўжэйшую вайну Амерыкі і вярнуць нашыя войскі дадому».

Пачатковы план – адразу на траціну: з 12 000 жаўнераў да 8000. Доналд Трамп рыхтуецца да перавыбараў, і, нарэшце, вырашыў споўніць абяцанне, агучанае яшчэ падчас сваёй першай кампаніі, у 2016 годзе. Канец «Рашучай падтрымкі» (такую назву носіць вайсковая аперацыя сілаў NATO і саюзнікаў ЗША ў Афганістане) можа мець непрадказальныя наступствы для стабільнасці ўнутры краіны і для цэлага рэгіёну.

Каментуе для «Белсату» Мухамэд Шарыф Гасаньяр, дырэктар «Ariana News TV», Кабул, Афганістан:

Без паслядоўнага мірнага працэсу выхад міжнароднай кааліцыі з Афганістану створыць шмат праблемаў. «Талібан» разам з іншымі тэрарыстычнымі групоўкамі захопяць краіну. З выхадам войскаў будзе абрэзаная і фінансавая дапамога. Гэта выклікае вялікі непакой унутры Афганістану. Людзі хочуць міру, але з прысутнасцю міжнародных сілаў».

Пасля заяваў ЗША тэма Афганістану сталася адной з двух асноўных падчас сустрэчы міністраў абароны краінаў NATO 12–13 лютага ў Бруселі. Генеральны сакратар Альянсу Енс Стольтэнбэрг быў стрыманы ў ацэнцы перспектываў, якія адкрыюцца пасля выхаду з Афганістану войскаў NATO і саюзнікаў, але з ягоных словаў было зразумела, што NATO толькі рэагуе. Рашэнні ж прымаюць не ў Бруселі, а ў Вашынгтоне.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў:

«Устойлівы мір у Афганістане можа быць дасягнуты толькі праз міжафганскі дыялог. Так што гэта не справа NATO – развязваць сітуацыю, афганцы самыя мусяць вызначаць. Мы хочам толькі стварыць умовы для гэтага міжафганскага дыялогу. З нашага боку галоўнай будзе падтрымка гэтага дыялогу, каб «Талібан» зразумеў, што яны не перамогуць на полі бітвы, а толькі праз сапраўднае жаданне знізіць ваенную актыўнасць».

Калі амерыканцы пачнуць выходзіць з Афганістану, разваліцца і кааліцыя. Без ЗША ніводная іншая краіна «Рашучае падтрымкі» не будзе ў стане несці цяжар адказнасці за мір у Афганістане. Выводзіць войскі пачнуць і іншыя.

Вось спіс асноўных 12 з 38-мі краінаў – удзельніц кампаніі

Каментуе Пётр Лукасевіч, экс-амбасадар Польшчы ў Афганістане, палкоўнік запасу:

«Гісторыя вялікіх вывадаў войскаў з Афганістану, спачатку саветаў у 1980-х, пазней амерыканцаў у 1990-х, даводзіць, што без увагі вялікіх краінаў Афганістан адразу пагружаецца ў хаос і грамадзянскую вайну. Ці будзе так зараз? Афганцы стаміліся ад доўгай вайны, але войны не звяртаюць увагі на такія рэчы. Ці будзе вайна? Гэта будзе залежаць ад інтарэсаў мясцовых уладных групаў».

Перамовы, якія ЗША вядуць з тэрарыстычным па сваёй сутнасці рухам «Талібан» маюць некалькі слабых бакоў. Першы – «Талібан» не аднародная структура: некаторыя крылы гэтай арганізацыі амаль не супрацоўнічаюць з іншымі часткамі. І другая – дамовы могуць прывесці да нейкага часовага замірэння, дазволяць кааліцыі спакойна вывесці войскі, але не зменяць сутнасці «Талібану» і яго памкненняў. Стратэгічная мэта талібаў – не перамірʼе, а захоп улады ў Афганістане, астатнія рухі – толькі тактыка.

Гаворыць Андрэй Сярэнка, дырэктар Цэнтру вывучэння сучаснага Афганістану, Расея:

«Джыхад – гэта адзіная форма існавання «Талібану». Ніякай іншай формы ў якасці свайго існавання «Талібан» не дапускае. Гэта не палітычная арганізацыя, не грамадская арганізацыя, гэта не таварыства аматараў кактусаў, гэта тэрарыстычная джыхадысцкая арганізацыя. Яна не прыстасаваная да працы ў міры, яна прыстасаваная да вядзення джыхаду».

Эксперты перакананыя, што падрыхтаваныя натаўскімі інструктарамі афганскія сілы спецыяльных аперацыяў здольныя супрацьдзеяць тэрарыстычным групоўкам унутры краіны, але рабіць гэта яны могуць толькі пры фінансавым і тэхнічным падтрыманні звонку і толькі нейкі час. Да таго ж паслаблены кантроль пераўтворыць Афганістан у цэнтр прыцягнення радыкальных ісламістаў з усяго рэгіёну і можа стварыць умовы для адраджэння клону «Ісламскай дзяржавы». У мінусе застануцца ўсе, але першымі вынікі адчуе, як гэта ні парадаксальна, Расея.

«Пры ўсёй антынатаўскай і антыамерыканскай рыторыцы Маскву задавальняе статус-кво, калі амерыканцы і натаўцы цягам 20 гадоў запэўніваюць бяспеку рэгіёну Цэнтральнай Азіі – мяккага падбрушша Расеі», – працягвае Андрэй Сярэнка.

Згодна з папярэдняй дамовай з ЗША, бліжэйшы тыдзень будзе праверкай для руху «Талібан», ці змогуць яны ўстрымацца ад нападаў на ўрадавыя войскі. І нават калі ў сакавіку будзе падпісанае нейкае пагадненне, працэс вываду войскаў расцягнецца мінімум на год, а то і паўтара. За гэты час можа здарыцца што заўгодна: Трамп можа пераабрацца і перадумаць, а «Талібан» – парушыць дамову. Калі ж Афганістан рэальна застанецца без міжнароднага кантынгенту, то першым, каму варта задумацца пра наступствы, будзе Крэмль.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 14.02.202.

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў