АЭС у Астраўцы гатова да пастаўкі ядравага паліва на пачатку наступнага года


Кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Румас наведаў атамную электрастанцыю ў Астраўцы, дзе абмеркаваў з гендырэктарам дзяржкарпарацыі «Росатом» Аляксеем Ліхачовым працы на беларускай АЭС. Беларускі бок задаволены хадою будаўніцтва.

«На кожным з аб’ектаў адзначаны крытычныя моманты, па большасці з іх праблемы вырашаныя. У бліжэйшыя два тыдні будуць адрэгуляваныя існыя пытанні. Цяпер працы вядуцца згодна з планам», – адзначыў Ігар Ляшэнка, віцэ-прэмʼер Беларусі, паведамляе прэсавая служба ўраду.

Цяпер на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС працуюць каля 8 тысячаў чалавек, беларускія арганізацыі выканалі каля 60 % агульнага абʼёму працаў.

Першы намеснік генеральнага дырэктара ў аперацыйным кіраванні дзяржкарпарацыі «Росатом» Аляксандр Лакшын адзначыў, што беларуская АЭС будзе гатовая да завозу ядравага паліва на пачатку 2019 года. Будаўніцтва яе першага блоку фактычна скончанае.

«Завяршаюцца мантажныя працы, пачынаецца пусканаладка. У гэтым годзе ключавая падзея – усталяванне пад напружанне камплектна-размеркавальнай прылады. Мы чакаем, што гэта адбудзецца на наступным тыдні. Сёлета мы спадзяемся выйсці на этап гідравыпрабаванняў цыркуляцыйных прамываў – гэта практычна пачатак наладкі галоўных сістэмаў блоку», – распавёў Аляксандр Лакшын.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца паводле расейскага праекту непадалёк Астраўца ў Гарадзенскай вобласці. Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі – у 2020.

Аб’ектыў
З новай АЭС будзем спаць са святлом і грэцца ўлетку
2018.11.23 22:03

СК, belsat.eu

Стужка навінаў