Аэрапорт у Стакгольме эвакуявалі праз пагрозу выбуху


У багажы аднаго з пасажыраў стакгольмскага аэрапорту Скаўста знайшлі сляды выбухоўкі. На гэты момант пагрозы выбуху больш няма, і аэрапорт працуе ў звычайным рэжыме.

У Швецыі праз пагрозу выбуху эвакуявалі тэрмінал міжнароднага аэрапорту «Стакгольм-Скаўста» (Stockholm-Skavsta). Пра гэта ў нядзелю, 10 студзеня, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы лётнішча. Пры даглядзе багажу аднаго з пасажыраў служба бяспекі выявіла сляды выбуховага рэчыва, піша шведскае выданне «The Local» са спасылкай на мясцовую паліцыю. Паводле праваахоўных органаў, сумка належыць жанчыне, якая адразу згадзілася супрацоўнічаць з паліцыянтамі. Яна сцвярджае, што не ведае, як сляды выбухоўкі маглі апынуцца ў яе багажы.

На час сапёрскага правярання былі эвакуяваныя залы вылету пасажыраў і выдачы багажу. Цяпер яны зноў адкрытыя, і аэрапорт працуе ў звычайным рэжыме.

Мясцовыя медыі таксама паведамляюць пра эвакуацыю наведнікаў гандлёвага цэнтру ў шведскім горадзе Вэстэросе (Västerås) праз ананімны званок пра бомбу. Выбухоўкі там, аднак, не знайшлі.

МЯ, паводле dw.com

Стужка навінаў