Адзёр ізноў пагражае? Размова з дзіцячым лекарам


«Пра эпідэмію адзёру казаць даволі рана. Але гэта інфекцыя, якая вельмі хутка распаўсюджваецца. І тут вінаватая прапаганда, якая вялася супраць прышчэпак» – дзіцячы лекар Уладзімір Пруднікаў распавядае Belsat.eu пра хваробу, якая яшчэ нядаўна лічылася рэдкасцю.

Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў 2017-м годзе ў еўрапейскім рэгіёне зафіксавалі больш за 21 тыс. выпадкаў адзёру з 35 лятальнымі сыходамі. У Беларусі зафіксаваныя восем выпадкаў адзёру – у Ваўкавыску заразіліся пяцёра дзяцей і трое дарослых.

Распачынаецца хвароба, як звычайная прастуда. Але наступствы ўскладненняў, асабліва ў дарослых, могуць быць фатальныя.

Каму пагражае адзёр?

Гарадзенскi лекар Уладзiмiр Пруднiкаў

Што рабіць, каб забяспечыць сябе і сваё дзіця перад хваробай? Бегчы ў паліклініку і рабіць прышчэпкі тым, хто не рабіў?

«Я маю досвед працы з прышчэпкамі 10 год і за ўсе гэтыя гады дзеці ў належным каляндарным узросце –1 і 6 год гэтую прышчэпку атрымлівалі. Што да дарослых, калі вы ўжо перахварэлі на адзёр некалі ў дзіцячым узросце, то тады небяспекі няма. Што да не прышчэпленага дзіцяці, то ў паліклініку трэба бегчы, але не дзеля таго, каб рабіць тэрміновую вакцынацыю, а дзеля сістэматычнага назірання ўчастковым педыятрам або тэрапеўтам у залежнасці ад узросту. Там будзе вызначаная ўся схема прафілактыкі і лячэння кантактнаму чалавеку. Але перш за ўсё, канешне, трэба звярнуцца ў паліклініку для назірання, кансультацыі лекара інфекцыяніста ці пры яго адсутнасці хаця б участковага педыятра і тэрапеўта», – супакойвае спадар Уладзімір Пруднікаў.

Гарадзенскі дзіцячы лекар Уладзімір Пруднікаў пачынаў сваю медычную кар’еру ў беларускіх вёсках, калі працаваў у пасёлку Скрыбаўцы на Шчучыншчыне, дзе ўвесь час працаваў з прышчэпкамі для дарослых і дзяцей, а таксама праводзіў неабходнае інфармаванне.

Як узгадвае лекар, менавіта тады, каля 10 гадоў назад, стала папулярным крытыкаваць прышчэпкі і ў выніку адмаўляцца ад іх. Сярод людзей, хто меў удома DVD-прайгравальнік або камп’ютар, з рук у рукі хадзіла кружэлка з дакументальным фільмам, у якім выступоўцы і некаторыя навукоўцы асуджалі практыку прышчэпак і папярэджвалі перад небяспекай іх выкарыстання.

Каментарамі такога тыпу сёння бушуе сеціва. Таму дагэтуль застаецца актуальным пытанне: навошта і ці трэба ўвогуле рабіць прышчэпкі?

Перабольшчаная шкоднасць прышчэпак

Выказванні наконт шкоднасці прышчэпак дзіцячы лекар лічыць адназначна перабольшанымі, бо ніколі ніхто не можа да канца спрагназаваць тую ці іншую рэакцыю на лячэнне. Гэта датычыцць як лекавых сродкаў, гэтак і вакцынаў. Аднак рэакцыя ў большасці людзей на вакцыну цалкам станоўчая, – кажа спадар Уладзімір.

«Часам некаторыя «эксперты» палохаюць, што ў вакцынах утрымліваецца нават мертыалят. Гэта такое хімічнае рэчыва, у складзе якога знаходзіцца ртуць. Ён ёсць у вакцыне АКДС, гэта зборная вакцына супраць коклюшу, дыфтэрыі і слупняку. Аднак доза мертыялята ў прышчэпцы настолькі малая, што ні ў якім разе не можа пашкодзіць дзіцяці. Ну і канешне нельга рабіць прышчэпкі цяжарным жанчынам, анкалагічна хворым людзям і хворым на СНІД», – дадае лекар.

Як Міністэрства аховы здароўя напалохала бацькоў

Чаму людзі пачалі адмаўляцца ад прышчэпак? Адным з істотных фактараў, якія паўплывалі на рашэнне бацькоў не рабіць прышчэпкі сваім дзецям, на думку Уладзіміра Пруднікава, стаўся абавязак падпісваць пісьмовы дазвол, уведзены з 2007-га года.

«Што гэта за складаная працэдура такая, на якую патрэбна пісьмовая згода? Людзі не разумеюць, што паводле Канстытуцыі і закону аб ахове здароўя згода патрэбна ў любым выпадку, калі чалавек звяртаецца да лекара. Нават на тое, каб цябе агледзеў тэрапеўт, паслухаў і прызначыў агульныя аналізы крыві або мачы. Без згоды пацыента ніхто не мае права праводзіць ніякія медычныя ўмяшальніцтвы.

Таму на прышчэпкі, пераліванне крыві, трансплантацыю органаў патрэбна пісьмовая згода. Гэта адзін з фактараў, які палохае бацькоў, – тлумачыць дзіцячы лекар. – Што да адзёру, не столькі страшная сама хвароба, колькі яе ўскладненні, такія як менінгіт і энцэфаліт, пасля чаго дзіця можа застацца інвалідам на ўсё жыццё, калі выжыве».

Акрамя пісьмовых дазволаў, на думку лекара, няўпэўненасць наконт прышчэпак у бацькоў усяляюць рэлігійныя дзеячы з таталітарных і дэструктыўных сектаў, якія сцвярджаюць, што прышчэпкі «не паходзяць ад Бога». Іншым разам паніку сеюць і самі навукоўцы.

«Асабліва вядомая прафесар Чэрвонская, якая сцвярджае, што ўсе гэтыя інфекцыі на сучасным этапе даволі проста лечацца антыбіётыкамі. Каб разбурыць гэты міф, неабходна сказаць, што пры такіх цяжкіх інфекцыях, як слупняк або дыфтэрыя, уласна бактэрыю – так, можна забіць антыбіётыкам. Аднак больш небяспечным з’яўляецца таксін, які выпрацоўвае гэтая бактэрыя. Ён знаходзіцца ўнутры клеткі і пры яе разбурэнні тымі самымі антыбіётыкамі, таксін пойдзе ў кроў у значна большых канцэнтрацыях. І гэта пацягне за сабой такія ўскладненні дыфтэрыі, як міякардыт, далей – сардэчная недастатковасць, а ў выніку лятальны зыход.

Што да адзёру, краснухі і паратыту (у народзе «свінка»), тут шмат хто будзе таксама спрачацца. На першы погляд, гэта такія простыя і звычайныя вірусныя інфекцыі, якімі чалавек перахварэў, і потым у яго выпрацоўваецца ўстойлівы імунітэт. Так, хваробы самі па сабе не з’яўляюцца небяспечнымі для жыцця дзіцяці, але яны маюць вельмі цяжкія ўскладненні. Ускладненні адзёру для нервовай сістэмы выражаюцца ў менінгіце і ў энцэфаліце, пасля чаго дзіця можа застацца інвалідам на ўсё жыццё, калі выжыве.

Што да краснухі, то хвароба таксама не цяжкая. Але калі, крый Божа, на яе захварэе цяжарная жанчына, то дзіця можа нарадзіцца з хібамі развіцця. Пры чым з такімі грубымі, як, напрыклад, адсутнасць рук ці ног, розныя там атрэзіі, агінэзіі ўнутраных органаў. Вось менавіта гэта тыя фактары і прычыны, па якім усё ж такі варта рабіць прышчэпкі», – тлумачыць Уладзімір Пруднікаў.

«Некаторыя прышчэпкі робяцца адразу ў радзільнях. Па-першае, гэта прышчэпка ад віруснага гепатыту В. Гэта такая інфекцыя, якая перадаецца праз кроў і іншыя біялагічныя вадкасці чалавека. Таму гэту прышчэпку праводзяць у радзільні ў першы дзень нараджэння дзіцяці. Потым дадаецца вакцынацыя супраць сухотаў, наступны цыкл вакцынацыяў у 3 месяцы ад дыфтэрыі і слупняку, паліямеліту і коклюшу. Супраць адзёру вакцынацыя праводзіцца ў адзін год разам з прышчэпкаю супраць эпідэміямічнага паратыту і краснухі. Для замацавання імунітэту такая прышчэпка паўтараецца ў 6 гадоў і ў дарослым узросце болей прышчэпак на адзёр рабіць не трэба», – кажа дзіцячы лекар.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў